Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Хлопец з Паўночна-Заходняга краю дасягнуў неймавернага поспеху ў Еўропе. Аднак трапіў у цень
Мішэль КІКОІН (Kikoïne, Міхаіл Кікоін)

Нарадзіўся 31 траўня 1892 г. у Рэчыцы (Расійская імперыя).

Памёр 4 лістапада 1968 г. у Канах (Францыя).
 геніяльнага сябра, застаўшыся ў гісторыі “адным з шэрагу”. Спадчына славутага парыжскага мастака Мішэля Кікоіна вяртаецца на радзіму пасля стогадовага забыцця.

Рэчыца — Гомель — Мінск — Вільня

Міхаіл Кікоін нарадзіўся ў габрэйскай сям’і. На зломе 19 і 20 стагоддзяў у Рэчыцы жылі блізу 10 тысяч чалавек, 57,5% з якіх складалі габрэі. Зрэшты, падобная сітуацыя была ў большасці беларускіх гарадоў і мястэчак. Кікоін-старэйшы працаваў у гомельскім банку, што гарантавала сям’і дабрабыт. Менавіта сацыяльны статус адрозніваў хлопчыка ад многіх сяброў-жабракоў. Праўда, кажуць, Міша ніколі не хваліўся сваім “багаццем” і заўжды дапамагаў прыяцелям чым мог.

Ужо ў дзяцінстве ён выявіў выразны талент да малявання, і ў 13 год рэчыцкі падлетак выпраўляецца ў Мінск. Бацька ўладкоўвае сына ў платную гімназію. Сам Міша імкнецца да пэндзля ды запісваецца ў вядомую на той час малявальную школу Якава Кругера — папулярнага ў Мінcку партрэтыста, які ў свой час вучыўся мастацтву ў Кіеве, Варшаве, Пецярбурзе ды Парыжы. У студыі Кругера Кікоін і пазнаёміўся са смілавіцкім хлопцам Хаімам Суціным, які быў на год меншы за яго. Нягледзячы на розніцу ў паходжанні (Суцін быў малодшым з дзевяці дзяцей ў бядняцкай сям’і), яны сталі найлепшымі сябрамі.

У той час адной з найлепшых мастацкіх вучэльняў Расійскай імперыі лічылася Віленская малявальная школа акадэміка Івана Трутнева. У 1909 годзе Віленскае іудзейскае таварыства заахвочвання мастацтва, якое вышуквала таленавітых габрэйскіх падлеткаў з усёй імперыі, запрасіла Кікоіна і Суціна ў Вільню. Калі Хаім амаль не падтрымліваў стасункаў з сямейнікамі, то Міхаіл скіраваўся ва “ўсходнееўрапейскі Іерусалім” насуперак волі бацькоў.

У старадаўняй сталіцы Вялікага княства Літоўскага сябры жылі коштам мясцовай габрэйскай абшчыны, а вось у Трутнева навучаліся бясплатна. Там яны сустрэлі яшчэ аднаго земляка з Паўночна-Заходняга краю — выхадца з мястэчка Жалудок пад Шчучынам Пінхаса Крэменя. Ён быў старэйшым на некалькі гадоў ды стаў сярод іх нефармальным лідарам.

У Парыж!

Удзень і ўначы гэта тройца думала аб адным — патрапіць у цэнтр еўрапейскай культуры — Парыж, дзе яны здолеюць спраўдзіць свае мары ды выбіцца ў людзі. Першым скараць Парыж адпраўляецца Крэмень. Следам за ім у 1911 годзе (паводле іншай інфармацыі, у 1912-м) едзе Міхаіл Кікоін.

Выхадзец з Беларусі адразу пасяляецца ў легендарным “Вуллі” (La ruche). Такі назоў меў комплекс са 140 мастацкіх студый на паўднёва-заходняй ускраіне Парыжа, якія французскі мецэнат Альфрэд Бушэ здаваў маладым мастакам і літаратарам. Месячная арэнда майстэрні каштавала, як два серадняцкія абеды, а сярод насельнікаў “Вулля” былі легендарныя сёння імёны: Лежэ, Мадзільяні, Шагал, Апалінэр, Рывера, Цадкін,
М.Кікоін. "Дзяўчына за чытаннем"
М.Кікоін. "Дзяўчына за чытаннем"
 Крэмень...

Калі ў 1913-м на перон Парыжскага вакзала сышоў Хаім Суцін, які ні слова не ведаў па-французску, яму хапіла двух словаў: “Манпарнас” і “Кікоін”. Сябры сустрэліся, і ў адзін з першых вечароў пайшлі ў тэатр на "Гамлета". Паводле легенды, пасля спектакля Суцін сказаў: "Калі ў такім горадзе мы не здолеем раскрыцца, не зможам стварыць вялікіх твораў, грош нам цана".

Сёння Кікоіна, Суціна і Крэменя ведаюць як найяскравых прадстаўнікоў гэтак званай Парыжскай школы.

L’École de Paris

"Парыжская школа налічвала, можа, паўтары тысячы мастакоў з усяго свету, якія развівалі эксперыментальныя кірункі жывапісу — кубізм, экспрэсіянізм, дадаізм, сюррэалізм”, — распавядае ўладальнік найбуйнейшай прыватнай галерэі Масквы Аляксандр Хачынскі. Ён сабраў багатую калекцыю карцін выхадцаў з Беларусі, якія здабылі сусветную славу ў якасці выхаванцаў Парыжскай школы.

“У пошуках лепшага жыцця, творчай волі і жадання рэалізаваць свой талент яны пасяліліся ў парыжскім раёне Манпарнас. Адны атрымалі адукацыю ў Францыі, іншыя, самародкі, нідзе не вучыліся. Багатыя і паспяховыя дапамагалі бедным і невядомым. Яны дзялілі жыллё, ежу, выпіўку і жанчын. І сярод іх было нямала выхадцаў з Беларусі”, — сцвярджае расійскі калекцыянер.

Улетку 2010-га, падчас традыцыйнай Ночы музеяў, у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі дыпламата, старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА ў Беларусі Уладзіміра Шчаснага "Художники Парижской школы из Беларуси". Даследнік упершыню аб'яднаў адной канцэпцыяй лёсы 14 выхадцаў з Беларусі, якія належалі плыні "Парыжская школа".

Імя аднаго з "вучняў" Парыжскай школы, які ўславіў на ўвесь свет родны Віцебск, даўно вядома кожнаму. Гэта Марк Шагал. Яго малодшы прыяцель Хаім Суцін, па сутнасці, стаў вядомы на радзіме толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. А вось імёны Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Шрагі Файбіша (Сэма) Зарфіна, Пінхуса (Паўла) Крэменя і інш. у Беларусі знаёмыя толькі адмыслоўцам-мастацтвазнаўцам.

М. Кікоін. "Сенакос"


Шлях да прызнання

Атабарыўшыся ў “Вуллі”, Кікоін каля года вучыцца ў Нацыянальнай школе вытанчаных мастацтваў Фернана Кармона. У розныя гады школу ветэрана французскага рэалізму прайшлі вялікія Тулуз-Латрэк, ван Гог, Рэрых…

Каб зарабіць на пражыццё, Кікоін займаўся фотарэтушшу, супрацоўнічаў з папулярным у літаратурна-мастацкіх асяродках часопісам "Махмадзім", які выдаваўся па-французску і на ідыш.

Маючы таварыскія адносіны з Мадзільяні і Шагалам, у творчасці Міхаіл Кікоін найбольш запазычыў у Сезана, Банара і свайго сябра Суціна. Сын гомельскага банкіра працаваў над пейзажамі, партрэтамі, нацюрмортамі і ню — эфектна маляваў колерам, імкнучыся перадаць драматургію праз простыя формы.

З пачаткам Першай сусветнай наш зямляк нечакана для людзей ягонага кола ідзе дабравольцам у французскую армію, у шэрагах якой служыць да канца вайны. Пры першай мажлівасці ён вяртаецца да пэндзля.

Кікоін досыць паспяхова экспанаваўся ў вядомых парыжскіх салонах —“Восеньскім” і “Незалежных”, неаднаразова ладзіў персанальныя выставы ў Парыжы (першая — у 1917 годзе), Манпелье, Нью-Ёрку, Лондане...

У 1924 годзе мастак з Беларусі атрымлівае французскае грамадзянства. У той час ягоныя працы ўжо паспяхова прадаюцца ў галерэях і салонах. Ашчадзіўшы грошы, Мішэль Кікоін нарэшце набывае вясковую хату ў Бургундыі, куды ездзіў працаваць цягам доўгіх гадоў.

"Відарыс Бургундыі"
М. Кікоін. "Відарыс Бургундыі"

У 1927-м Кікоін пасяляецца ў Манружы, пад Парыжам, назаўжды вылятаючы з “Вулля”. Яшчэ праз шэсць год ужо вядомы майстар набывае прасторную майстэрню ў культавым Манпарнасе, дзе працуе да канца жыцця.

Брат за “жалезнай заслонай” і канцлагер

У 1928-м карціны Мішэля Кікоіна былі прадстаўленыя на выставе сучаснага французскага мастацтва ў Маскве. Праўда, сам мастак у краіну Саветаў ехаць не рашыўся ні тады, ні пасля.

Цікава, што за “жалезнай заслонай” гучала імя іншага Кікоіна — ягонага стрыечнага брата Ісака. Той быў выбітным фізікам, адным з асноўных навукоўцаў, якія працавалі ў СССР над "атамным пытаннем". Залішне казаць, што ніякіх кантактаў браты не трымалі.

Жыццё Міхаіла Кікоіна скаланулася падчас нямецкай акупацыі Францыі, калі мастак разам з жонкай-віленчанкай і двума дзецьмі трапілі ў канцлагер. Ад непазбежнай смерці іх выратавала вызваленне з боку войскаў Саюзнікаў.

Па вайне мастак багата падарожнічае па Еўропе, тройчы наведвае Ізраіль. Актыўна працуе, адкрываючы персанальныя выставы ў Францыі, Англіі, ЗША. З 1958-га творца канчаткова атайбаваўся ў Канах.

Сэрца Мішэля Кікоіна спынілася на 77-м годзе жыцця на віле дачкі на Лазурным беразе.

Справу бацькі працягнуў сын Янкель. Аўтарытэтны геолаг, ён ужо ў сталым узросце пачаў калекцыянаваць жывапіс, а потым і маляваць. Жак Кікоін меў уласныя выставы ў Парыжы, Ізраілі і Амстэрдаме, выкладаў у мастацкай акадэміі.

Вяртанне праз 100 год

За год да смерці Міхаіл Кікоін напісаў партрэт старога сябра Хаіма. Суцін пражыў значна карацейшае і шмат больш трагічнае жыццё. Аднак магутнасцю свайго талента захінуў даробак сяброў.

Міхаіл Кікоін. "Партрэт Суціна"
М. Кікоін. "Партрэт Суціна"

Менавіта таму лічыцца, што Кікоін, які за паўстагоддзя напісаў больш за 2,5 тысячы карцін, недаацэнены і дагэтуль не карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод калекцыянераў. Дзеля параўнання, за апошняе дзесяцігоддзе цана на карціны Суціна падскочыла да мільёнаў і мільёнаў долараў. Самая ж дарагая праца Кікоіна “Ляжачая” пайшла з малатка за 80 тысяч еўра.

Аднак так выглядае толькі звонку. Тыя ж, хто ведаў абодвух сяброў, сцвярджалі, што “віна” Кікоіна палягала адно ў тым, што ён быў не геніем, а проста таленавітым мастаком.

У наступным годзе мастацкі свет адзначыць 120-годдзе ад нараджэння Мішэля Кікоіна. Тады ж Нацыянальны мастацкі музей Беларусі плануе зладзіць першую ў айчыннай гісторыі выставу сямі беларускіх мастакоў Парыжскай школы. Будуць сярод іх і карціны нараджэнца Рэчыцы.

Праз сто гадоў спадчына вялікага земляка вяртаецца на радзіму.





У праекце "TUTэйшыя ў свеце" мы распавядаем пра людзей, без якiх гiсторыя сусветнай цывiлiзацыi была б няпоўнай. TUTэйшыя - легендарныя постацi, якiмi ганарацца на розных кантынентах, паходзяць з беларускiх этнiчных абшараў, хоць (за невялiкiм выключэннем) нiколi не атаясамлiвалi сябе з Беларуссю. Найчасцей iхнiя каранi звязваюць з Расіяй, Польшчай, Лiтвой цi Украiнай. Галоўная таму прычына - беларусы аформiлiся як "народ дзяржаўны" пазней за суседзяў. Больш за тое, працэс нацыястварэння ў нас не завершаны i дагэтуль.

- Цуда-доктар з Беластока.
- Беларуска - алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi - прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф’янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка
-
Ліцвінскі элін - герой Грэцыі
- Як гродзенец стаў фінансавым геніем амерыканскай мафіі
- Як местачковец з-пад Мінска стварыў тэлерадыёіндустрыю ў ЗША
- Як слонімскі гандляр стаў сімвалам Брытанскай імперыі
- Аўтар "Глокай куздры" нарадзіўся ў Беларусі
- Аўстралійскі філантроп родам з Крычава
-80%
-10%
-11%
-40%
-15%
-10%
-35%
-20%
-10%
-40%
-24%
-40%
0071696