
- Год таму народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін ласкава даў мне паглядзець рукапіс “Ладдзі”, - кажа ўкладальнік кнігі журналіст Глеб Лабадзенка. – Рэч у тым, што Караткевіч напісаў гэты твор у 1964 годзе – і прысвяціў яго свайму сябру Рыгору. Я з захапленнем прачытаў рукапіс – у Караткевіча быў фенаменальна разборлівы почырк! А потым стаў параўноўваць з кніжным тэкстам – высветлілася, што цэнзары-рэдактары зрабілі Уладзіміру Караткевічу 296 правак на 23-х старонках рукапісу! І гэта пры тым, што Караткевіч у той час ужо быў класікам – напісаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ды іншыя славутыя творы.
Праца над кнігай ішла амаль год. За гэты час, апроч рукапісу (які даецца ў кнізе як фотакопія) і кніжнага тэксту (дзе пазначаны нажніцамі ўсе ўмяшанні цэнзараў), дадаўся машынапіс перакладу на рускую мову Васіля Сёмухі з рукапіснымі праўкамі Караткевіча. Ён падаецца ў кнізе факсімільным чынам. Дарэчы, менавіта ў гэтым варыянце “Ладдзя” і была ўпершыню надрукаваная ў 1968 годзе ў часопісе “Неман”.
Кніга, якая будзе прэзентаваная заўтра, стала першым непадцэнзурным выданнем Караткевіча. І ўвогуле першым творам у беларускай літаратуры, “прэпараваным” такім чынам. Апроч тэкстаў “Ладдзі”, у кнізе змешчаныя 55 ілюстрацый, 27 з якіх друкуюцца ўпершыню. Прадмову да выдання напісаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, паслямову – славуты перакладчык Васіль Сёмуха.
На прэзентацыі абяцалі быць Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Панізнік. Лявон Вольскі заспявае новую кампазіцыю на верш Караткевіча, а гурт “Rahis” – колькі спеваў са свайго рэпертуара.
Прэзентацыя адбудзецца ў “Кніжным салоне” (вул. Калініна, 5, метро “Парк Чалюскінцаў”) а 13-й гадзіне. Імпрэза пройдзе ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Тым, хто не зможа быць, Глеб Лабадзенка гатовы падказаць, дзе можна здабыць кнігу – пішыце на labadzenka@gmail.com.