Марына МІТ,

фотоМастаку Адаму Глобусу адмовілі ў членстве ў Беларускім саюзе мастакоў. Старшыня Саюза мастакоў назваў вядомага літаратара і выдаўца “недачалавекам”. Мы паспрабавалі выслухаць абодва бакі і высветліць, адкуль сыр-бор загарэўся.

ГЕРОЙ ДНЯ

— Спадар Глобус, распавядзіце, калі ласка, чаму вас не прынялі ў Саюз мастакоў. Вы маеце адпаведную адукацыю, гучнае імя, аўтарытэт…

— Мая гісторыя з Саюзам мастакоў цягнецца даўно і пачалася не ўчора. Першы такі вялікі скандал адбыўся яшчэ ў 80-я гады. Я прынёс карціну на маладзёжную выставу, а Міхаіл Савіцкі сказаў: альбо я, альбо гэтая карціна (інтэрв’ю запісвалася да смерці народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага. — Рэд.). І прапанаваў зняць карціну. І ўсе мастакі тады сказалі: “Міхал Андрэіч, нягледзячы на тое, што вы старшыня выстаўкама, лепш самі сыдзіце, а карціна будзе вісець”.

— А што за карціна?

— Добрая карціна, “Балада” называецца. Потым яе надрукавалі 10 часопісаў у розных варыянтах. Яна нават была на вокладцы маёй кніжкі “Койданаўцы”. А зараз сітуацыя проста паўтарылася. Я ж не тое што моцна набіваўся ў Саюз — мяне запрасілі. Мае сябры, добрыя мастакі Тоўсцік і Кожух, далі мне рэкамендацыі. А іншыя мастакі — Савіч, Сітніца і Цімохаў — вырашылі зрабіць судзілішча над маёй літаратурнай творчасцю.

— А пры чым тут адно да другога?

— Мне сказалі: маўляў, у статуце напісана, што ў саюз могуць прыняць толькі высока маральных людзей. Напэўна, там саюз “маралаў”, а не мастакоў. А мне там няма чаго рабіць, бо, як сказаў Савіч, я наогул не чалавек. Ён недакладна працытаваў Някрасава: “Паэтам можаш ты не быць, а чалавекам — абавязаны!” З гэтага і вынікае, што я для Валодзі Савіча “недачалавек”.

— Дык у чым канкрэтна вас вінавацяць? Я чытала, што многія на вас пакрыўджаны з-за кнігі “СУчаснікі” — дарэчы, даволі папулярнай.

— Яны ўзялі гэтую кніжку і цэлую гадзіну спрабавалі мне давесці, што тое, што там напісана, няпраўда. Але гэта ж мастацкі твор! Аднак мастакі вырашылі, што мой твор абражае іх гонар і годнасць і што я не маю права быць сярод іх.

— А як вырашалі, прыняць вас у саюз ці не?

— Тры разы галасавалі. Аднагалосна прагаласавала за мяне бюро секцыі жывапісу, потым аднагалосна секцыя жывапісу, затым ужо на пашыранай радзе прагаласавалі.

Было сказана, што да мяне як да мастака прэтэнзій ніхто не мае, што я геніяльны, і ўсе прызнаюць, што мае карціны таленавітыя і цудоўныя. А вось чалавек я дрэнны…

— Наколькі я зразумела, з 80-х гадоў вы не рабілі спроб стаць членам Саюза мастакоў?

— Не. Чакаў, пакуль зменіцца пакаленне. Тым больш што ў 80-я гады мне ж не проста адмовілі. Зрабілі маю выставу разам з Ігарам Кашкурэвічам, Людай Русавай, Сяргеем Малішэўскім, на якую прыйшлі мастакі і сказалі: нам такое мастацтва не патрэбна. Нас тады абвінавачвалі ледзь не ў здрадзе радзіме, казалі, што мы разбураем сацыялістычны рэалізм і гэтак далей. Там быў ідэалагічны складнік. Я думаў, што тое пакаленне адыдзе і народзіцца новае. Але ўсё засталося па-старому. І цяперашняе кіраўніцтва Саюза мастакоў такое ж нахабнае і злое, як і іх папярэднікі.

— І што цяпер?

— Ну а што? Яны ж абразілі адно аднаго. Атрымліваецца, што рэкамендацыя народнага мастака Тоўсціка нічога не вартая, а рэкамендацыя самай уплывовай секцыі жывапісу для графіка Савіча таксама па барабане. Дый у саюзе насамрэч не займаюцца мастацтвам. Засталося ад Савецкага Саюза памяшканне, якое здаюць у арэнду і з гэтага жывуць. Яны не жывуць мастацтвам. Саюз не мастакоў, а арэндадаўцаў…

Я пра іх пісаў, і яны паказалі, што гэта іх вельмі хвалюе. Каб нейкую кніжку гадзіну ўсе разам чыталі, абмяркоўвалі… Ну, значыць, я правільна пішу і буду пісаць пра іх.

— Дзіўна, што ў склад прафесійнай арганізацыі прымаюць не за прафесіяналізм, а за маральнасць…

— Да прафесійных якасцей прэтэнзій няма.

— На ваш погляд, Саюз мастакоў сёння — уплывовая арганізацыя?

— У нас цяпер існуе некалькі саюзаў пісьменнікаў, якія ўвесь час адзін аднаго зневажаюць. Сорамна за гэта. Саюз мастакоў яшчэ не разваліўся, але калі яны будуць так сябе паводзіць, то разваліцца.

— Ці вядомыя вам з гісторыі саюза прэцэдэнты, каб некаму адмовілі ў членстве па тых жа прычынах, што і вам?

— Каб з-за кніжкі не прынялі, такога дакладна не было…

ДРУГІ БОК

Рыгор Сітніца: “БОЛЬШАСЦЬ МАСТАКОЎ БЫЛІ ПЕРАКАНАНЫ, ШТО ГЛОБУСА ПАШКАДУЮЦЬ...”.

— Заўважыўшы заяву спадара Глобуса, я адразу ўспомніў дзясяткі абражаных ім (не пакрыўджаных, а менавіта абражаных, я падкрэсліваю!) мастакоў, якія ўваходзяць у наш саюз, уключна з ягонымі настаўнікамі, — гаворыць першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Ва ўсходняй культуры да настаўніка ставяцца як да святога. Я таксама прывык да такога падыходу: калі быў малы, то на вуліцы перад вясковымі настаўнікамі мы з сябрамі шапкі здымалі. А калі я прачытаў у адной з газет за подпісам Глобуса нешта гідкае пра Гаўрылу Харытонавіча Вашчанку, якога я не проста паважаю, а лічу вялікім мастаком і вялікім грамадзянінам, мне было гідка. У кніжачку “СУчаснікі” ён гэта не ўключыў. Але я шмат непрыемнага чытаў у Глобуса пра Брыля, пра Анатоля Бараноўскага — настаўніка, які вучыў яго 6 гадоў, і іншых. Мяне гэта страшэнна абурала. Ён, дарэчы, зачапіў і мяне: напісаў, быццам бы я злупіў за партрэт Быкава 40 долараў! Я ні капейкі не зарабіў — на Бібліі магу паклясца!..

Пытанне аб прыёме Адама Глобуса ў Саюз мастакоў вырашаў не я адзін. Вырашала рада, 56 чалавек. Я сказаў, што сапраўды цаню мастацкі ўзровень Уладзіміра Адамчыка, што сапраўды ягоныя творы вартыя быць на нашых выставах, і мы іх выстаўляем, і я вітаў бы гэтага мастака ў нашым саюзе, але… Адамчык мае яшчэ іншае аблічча. І я адкрыта сказаў пра тое, што думаў пра Глобуса. Справа ў тым, што я не падзяляю прафесію і мараль. Ніколі не займаўся маралізатарствам і сам далёка не пурытанін, але ёсць межы, за якія я сам не пераступаю, і іншым не дазволю.

Следам за мной пачалі выступаць іншыя мастакі. І Глобуса пракацілі па поўнай праграме. Хаця я быў упэўнены, што ён стане членам саюза. Я быў узрадаваны станам нашай арганізацыі, што ўсё ж такі маральныя якасці для многіх з нас — не пусты гук. Хаця большасць мастакоў былі перакананы ў тым, што Глобуса “пожурят” і пашкадуюць. Не пашкадавалі…

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Адам Глобус (сапраўднае імя – Уладзімір Вячаслававіч Адамчык) — беларускі літаратар, выдавец і мастак.

Нарадзіўся ў Койданаве Мінскай вобласці ў сям’і беларускага пісьменніка Вячаслава Адамчыка. З 1959 года жыве ў Мінску. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскай мастацкай вучэльні імя А.Глебава, мастацкае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам часопіса "Крыніца". Займаецца выдавецкай дзейнасцю. Жонка — Алена Адамчык, вядомы беларускі фатограф з сусветным імем. Мае двух дзяцей і ўнука.
{banner_819}{banner_825}
-10%
-50%
-40%
-10%
-10%
-15%
-55%
-25%