Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Ці сапраўды беларусы вычарпалі ідэалагічныя рэсурсы сярэднявечнай еўрапейскасці і без вызначэння новага шляху айчынны кінематограф асуджаны на няўдачу? Аглядальнік TUT.BY адказвае эксперту лонданскага Інстытута дзяржаўных ідэалогій Наталлі Лешчанка.

“Няма чаго выяўляць”

“Беларускага кінематографа няма таму, што няма беларускай ідэі, якую ён можа выяўляць. Буйныя кінаіндустрыі стаяць на слупах сваіх нацыянальных уяўленняў – пра дабро і зло, пра ўладкаванне свету, пра сэнс жыцця, пра адносіны паміж людзьмі”, — піша Наталля Лешчанка, прыводзячы да прыкладу досвед амерыканскага, еўрапейскага, індыйскага і расійскага кінематографаў. Пасля гэтага лонданскі палітолаг заключае, што “беларусы практычна вычарпалі ідэалагічныя рэсурсы і сярэднявечнай еўрапейскасці, і эпохі камунізму”.

“Дваццаць гадоў незалежнасці стварылі новы досвед для народа, які ранейшыя ідэалагічныя пастулаты ўжо не могуць адлюстроўваць: не падыходзяць ні прынцыпы арыстакратыі, ні вяршэнства савецкага над нацыянальным. Свая дзяржаўнасць праводзіць рысу пад ранейшым ладам жыцця, патрабуе новага разумення сябе, нацыі, свету. Чым ёсць беларуская мара? Што для чалавека важна, а што не варта ўвагі? Што значыць, жыць па-беларуску? Вызначэнне такога нацыянальнага шляху, на наш погляд, — самая вялікая патрэба дня ў Беларусі. Задача творчых людзей, у тым ліку кінематаграфістаў, адчуць нацыянальны корань, выказаць агульны назоўнік нацыі, назваць яе патаемныя мары”, — адзначае эксперт.

Наталля Лешчанка вельмі трапна выказваецца пра “феномен беларускай нацыянальнай пустэчы” (стагоддзямі таленавітыя і адукаваныя беларусы пакідаюць краіну ў пошуках лепшай долі), падкрэсліваючы, што раней тое было цалкам зразумела, бо ў нас не было дзяржавы, а цяпер яна ёсць і “надышоў час напоўніць яе нацыянальным сэнсам”, стварыць “нацыянальную ідэю”.

Аднак тут не ўсё так адназначна.

Беларуская нацыя не сфармаваная

Перад тым, як напаўняць дзяржаву сэнсам і выказваць агульныя мары нацыі, трэба пераканацца, што, па-першае, нацыя сфармаваная і існуе, а па-другое, што яна падрыхтаваная да звышзадач.

У нядаўняй гутарцы з дырэктарам Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў універсітэта Лунда (Швецыя) Барбарай Торнквіст-Плева я запытаўся, ці магчыма, на яе думку, у Беларусі пабудаваць дзяржаўную ідэалогію без нацыянальнай спадчыны і беларускай мовы. То бок, менавіта так, як гэта паўтара дзесяцігоддзя беспаспяхова спрабавалі зрабіць нашы улады.

“Сёння галоўным ідэнтыфікацыйным маркёрам для беларусаў ёсць дзяржаўнасць, якая дазваляе выбудоўваць незалежныя адносіны з навакольным светам і фармаваць палітыку ва ўласных інтарэсах, — адказала шведскі прафесар-беларусіст. — Абапіраючыся на нацыянальную памяць і гісторыю, можна развіваць самасвядомасць нацыі... Але заміж гэтага ў Беларусі з нафталіну выцягваюцца савецкія рэчы, многія з якіх нават у Расіі ўжо не разглядаюць ўсур’ёз. Для мяне таксама відавочна імкненне пабудаваць беларускую нацыю вакол асобы прэзідэнта, роля якога надзвычайная. Аднак з гісторыі добра вядома, што гэта даволі небяспечная гульня”.

Ці можна гаварыць пра наяўнасць беларускай (не савецкай і не расійскай) нацыі, калі па-над цантральнай плошчай Мінска, як і паўстагоддзя таму, высіцца помнік Леніну, а з высокіх трыбун прамаўляцца, што беларус — гэта такі ж рускі, толькі са знакам якасці? Адных перамогаў нашых алімпійцаў і футбольнага БАТЭ, а таксама антырасійскай скіраванасці дзяржаўных СМІ падчас чарговага вітка канфлікту Мінска з Масквой недастаткова.

Вось і знаны беларускі гісторык у Польшчы Юры Туронак адзначае, каб завяршыць працэс стварэння беларускай нацыі патрэбен “час і веды”: “Я тут гавару не пра хамскую, брутальную прапаганду ў духу беларускага тэлебачання, а пра нацыянальную адукацыю, якая дазволіць людзям разумець працэсы і праблемы”.

Філосаф ад літаратуры Валянцін Акудовіч перакананы, што “пакуль мы не набярэмся да патрэбнай нам меры еўрапейскасці, датуль як нацыя будзем заставацца недаробленымі”.

То бок, каб ставіць перад нацыяй задачы, яе трэба дафармаваць.

Нацыя без герояў

Эксперт Інстытута дзяржаўных ідэалогій з аднаго боку кажа пра адсутнасць нацыянальнай ідэі, а з другога — пра “вычарпанасць ідэалагічных рэсурсаў сярэднявечнай еўрапейскасці”.

Многія пакаленні нашых продкаў марылі і імкнуліся да таго, каб стаць гаспадарамі на сваёй зямлі. Гэта найвялікшая наша нацыянальная мроя ў значнай ступені была спраўджана. Аднак аналізу таго, што адбылося, з наступным выбудоўваннем прыярытэтаў і ідэяў дзяржавы і нацыі, мы не зрабілі. “Сярэднявечная еўрапейскасць”, вычарапанасць якой канстатуе Наталля Лешчанка, пачала гучаць ў Беларусі толькі ў першую пяцігодку 20-гадовай незалежнасці. Потым дзяржава бесцырымонна наступіла ёй на горла, а Еўропа (у самым шырокім сэнсе) была наогул абвешчана ці не “воссю зла”.

Кіно пра Грунвальд беларусы так і не дачакаліся. Нават разам з літоўцамі. "Грунвальдская бітва" (1878) Яна Матэйкі. Фота: Wikipedia

Аспірантка Нацыянальнага інстытуту адукацыі Таццяна Астроўская, якая прааналізавала школьныя падручнікі гісторыі Беларусі за апошнія 17 гадоў, прыйшла да высновы, што яны ўяўляюць не адну цэласную гісторыю краіны, а “вялікую колькасць гісторый”. Не менш важна і тое, што з падручнікаў паступова знікаюць знакавыя фігуры, героі, а нацыянальныя міфы "развенчваюцца". Аб чым казаць, калі пра бацькоў аднаўлення беларускай дзяржаўнасці Ластоўскага і братоў Луцкевічаў напісана ўсяго некалькі радкоў. Па выніках жа леташняга вывучэння грамадскай думкі, праведзенага лабараторыяй "Новак" і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (Літва), 40% рэспандэнтаў увогуле не здолелі назваць нацыянальных герояў Беларусі. А менавіта ж яны, героі, і ёсць адной з асноваў нацыянальнага кінематографу.  

Усё гэта сведчыць аб тым, што перш, чым выдумляць ровар, трэба ўважліва зірнуць на тыя складнікі нацыянальнай ідэі, якія ёсць у нашай гісторыі і нашай сучаснасці. За 20 прамінулых год гэтага не адбылося.

Беларусы чакаюць “сярэднявечнай еўрапейскасці”

Пераводзячы гаворку ў кіношную плоскасць, за гады незалежнасці на дзяржаўнай кінастудыі “Беларусьфільм” не было знята, па сутнасці, ніводнага нацыянальнага мастацкага фільма. Ды і пра вайну з партызанамі здымалі выключна ў рэчышчы старога савецкага ідэалагічнага канцэпту. Спроба выпускніка Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпендыята прэзідэнцкага фонду Андрэя Кудзіненкі стварыць праўдзівае кіно пра вайну (“Акупацыя. Містэрыі”) скончылася для рэжысёра забаронай на прафесію. “Масакра” таго ж Кудзіненкі, якая выходзіць на экраны гэтымі днямі і пра якую ўжо багата сказана ды напісана, — якраз першае "беларусьфільмаўскае" кіно, дзе аўтар глядзіць на свет не савецкімі ці расійскімі, але беларускімі вачыма. Можа, не заўжды выразна, не ўсё дасканала з прафесійнага гледзішча, але мы маем беларускае кіно. І гэта толькі першы крок.

На здымках "Масакры" у Жалудку. Фота: Аляксей Бібікаў, bibikau.livejournal.com

Беларусы дагэтуль не дачакаліся фільмаў пра Грунвальд, Оршу ды іншыя слаўныя перамогі беларускай зброі. Пра паўстанні Касцюшкі з Каліноўскім. Пра фенаменальны ў еўрапейскім маштабе эксперымент — Вялікае княства Літоўскае, калі людзі розных рэлігій, веравызнанняў і этнічнага паходжання пабудавалі магутную дзяржаву, якая доўгі час існавала без значных канфліктаў. Пра інтрыгі кіроўных элітаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай... Гэта ўсё “сярэднявечная еўрапейскасць” — цэлы тэматычны пласт, які з рознымі ракурсамі адлюстраваны ў кінематографе суседніх краінаў, але не ў нас.

“Эпоха камунізму” таксама не раскрытая

Аднак самае цікавае, што і “эпоха камунізму”, пра якую згадвае Наталля Лешчанка, у нас таксама не раскрытая. А тэмаў тут багата. Анджэй Вайда здымае “Катынь”, і на яе паказ у кінатэатры ломіцца ўся Польшча. У Беларусі, дзе ад сталінскіх рэпрэсій пацярпелі да 1,5 мільёна чалавек, калі Крамлём была свядома вынішчана ўся беларуская эліта, такое кіно не здымаюць. А суперцікавых сюжэтных лініяў пра падзеі 1920-30 гадоў у БССР  процьма. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прачытаць адно з апавяданняў даследчыка рэпрэсій Леаніда Маракова.

Чаму б беларусам не зняць фільм пра адну з самых таямнічых асобаў мінулага стагоддзя, забойцу прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі Лі Харві Освальда? Янкі кінуў
Освальд у БССР. Чым не сюжэт для беларускага кіно?
“амерыканскую мару” ды прыехаў у Мінск, працаваў тут на радыёзаводзе, ажаніўся, а потым вярнуўся ў ЗША і трапіў у гісторыю... Што ён думаў, чым жыў, з кім кантактаваў у сталіцы БССР? Як на яго глядзелі беларусы? Ці ж гэта не тэма для фільма?

У 1963 годзе ў Мінску судзілі трох студэнтаў-антысаветчыкаў, якія планавалі падарваць сімвал савецкай эпохі — радыёглушылку. Завадатар групы Сяргей Ханжанкоў правёў 10 год у Мардоўскім канцлагеры, дзе сустрэў і Сіняўскага з Даніэлем, і многіх іншых савецкіх палітвязняў. Але ж лічыцца, што ў Беларусі не было дысідэнтаў... Ці не тэма для экранізацыі?

Нямногія ведаюць, што ў 1987 годзе вялікі Алесь Адамовіч скончыў сцэнар для мастацкага фільма "…Имя сей звезде Чернобыль", рабіць якую мусіў галівудскі рэжысёр Стэнлі Крамер. Стужку ўзялася здымаць кінакампанія Columbia Pictures, і амерыканцы ўжо зацвердзілі тэкст, але сямейныя абставіны Крамера пакінулі праект няспраўджаным... А беларусы нічога вартага пра Чарнобыль дагэтуль не знялі. Затое летась сярод прэтэндэнтаў на “Оскар” у катэгорыі "найлепшы кароткаметражны мастацкі фільм" была стужка ірландкі Хуаніты Уілсан, знятая паводле рамана Святланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва".

“Выбух цікаўнасці беларусаў да гісторыі”

Усе гэтыя тэмы — велізарныя пласты — не толькі не вычарпаныя, але нават не кранутыя. У тым ліку іх рэалізацыя павінна дапамагчы скончыць працэс беларускага нацыятварэння. А раз так, дык і інтарэс да іх у беларусаў высокі.

Гэтую думку на нядаўнім Мінскім форуме пацвердзіў аўтарытэтны эканаміст і аналітык Павел Данейка. Ён адзначыў, што ў апошнія гады ў беларускім грамадстве былі дасягнутыя два паваротныя кансенсусы: нацыянальнай незалежнасці і еўрапейскасці Беларусі. “Як вынік, яны спарадзілі сапраўдны выбух цікаўнасці беларусаў да гісторыі, самаідэнтыфікацыі, падштурхнулі да пошуку нацыянальнага характару”, — адзначыў рэктар Moscow Business School.

Што прапануе беларускаму кіно лонданскі Інстытут дзяржаўных ідэалогій?

“На наш погляд, яна (беларуская ідэя) злучана з ідэяй ператварэння, містычнай трансфармацыі. Папараць-кветка ў імгненне надзяляе чалавека здольнасцямі бачыць зямныя скарбы і разумець мову прыроды. У беларусаў вялікае адчуванне і чаканне цуду, прычым менавіта прыроднага, і яны праводзяць час у цярплівым чаканні яго прыходу”, — піша Наталля Лешчанка.

Дык пра што здымаць кіно? Асабіста я так і не зразумеў.

Што да беларускай ідэі, асаблівасцяў нацыянальнага характару, тут не трэба нічога прыдумляць. Вазьміце класіку - Гарэцкага, Купалу і Коласа, Адамовіча з Быкавым - і вы ўсё прачытаеце самі.
-10%
-20%
-15%
-11%
-45%
-10%
-30%
-10%
-21%
-10%