3 лістапада ў Палацы мастацтва ў Мінску адкрылася выстава "Грунвальд", прысвечаная 600-годдзю гістарычнай бітвы. Свае творы жывапісу, графікі, скульптуры на ўсеагульны агляд выставілі больш за 100 мастакоў розных пакаленняў.

Акрамя таго, на выставе было прадэманстравана сумеснае палатно беларускіх, літоўскіх і польскіх ліцэістаў памерам 3,5 х 7 метраў, якое было напісана падчас пленэру ў Польшчы па карціне вядомага мастака Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва" (1878).


На ўваходзе гасцей сустракалі збройныя рыцары, якія пасля інсцэніравалі бітву. Каб зрабіць адпаведную атмасферу арганізатары запрасілі гурт сярэднявечнай музыкі Testamentum Terrae і сярэднявечных танцораў. А доктар гістарычных навук Юрый Бохан зрабіў экскурс у гісторыю.

Мерапрыемства наведалі ў асноўным людзі звязаныя з мастацтвам, гісторыяй, культурай. Было шмат вядомых асобаў. Мастацтвазнаўца Таццяна Гранская высока ацаніла мастацкі ўзровень і значэнне выставы.

“Але вельмі важна тое, што акрамя мэтраў беларускага мастацтва, якія ўзялі ўдзел у ёй, вельмі шмат моладзі ўдзельнічае. Тут ёсць нават міжнародны праект, у якім бралі ўдзел мастацкія навучальныя установы Літвы, Польшчы і Беларусі. І таму выстава жывая, яна насычаная эмоцыямі, высокім тонусам асэнсавання гісторыі і вялікім густам”.


Свае ўражанні для Еўрарадыё выказаў кіраўнік ваенна-гістарычнага клубу “Княжы Гуф” Тодар Міхееў:

“Вельмі прыемна, што з’яўляюцца такія працы. Вельмі прыемна, што нашы польскія калегі прывезлі гэтую працу. Мяркую, што такія выставы збліжаюць нашы народы і нашу культуру”.

Наведаў мерапрыемства і міністр культуры Павел Латушка:

“Гэтая гадавіна 600-годдзя з дня перамогі пад Грунвальдам з’яўляецца вельмі важнай датай у гісторыі Еўропы. Але гэтая дата важная і для гісторыі нашай краіны, бо менавіта дзякуючы шмат у чым беларусам, беларускім харугвам нам удалося перамагчы Тэўтонскую навалу, якая ішла на нашы землі.

І захаваць нашу незалежнасць, нашу свабоду. Гэта таксама можна перавесці на сённяшні дзень нашай гісторыі, калі мы аднавілі сваю незалежнасць, калі мы падкрэсліваем, што нам важна развіваць сваю незалежную краіну. Я думаю, што падобныя праекты накіраваны перадусім на гэта”.


Пісьменнік Славамір Адамовіч выказаўся пра неабходнасць пераменаў у стаўленні дзяржавы да гістарычных і культурных каштоўнасцяў.

Славамір Адамовіч: “На добры толк выстава мусіла б мець дзяржаўны, агульнарэспубліканскі ўзровень – гэта па-першае. Па-другое – добра, што яно хоць ў такім фармаце выходзіць. Я думаю, не так доўга засталося чакаць, калі гэтая выстава сапраўды стане агульнарэспубліканскай, і будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні”.


Адзін з арганізатараў выставы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Сяржук Цімохаў растлумачыў прычыну лакальнага характару выставы:

“Гэта праект наш, Саюзу мастакоў. У нас ёсць свае праекты, мы самі іх фінансуем. І ў нейкай ступені мы не хацелі нават карыстацца дзяржаўнымі сродкамі, таму што ведаем стан нашай краіны. І калі ў нас ёсць магчымасць самім правесці акцыю – мы яе праводзім”.

Вядомы музыка Сяргей Пукст адзначыў, што выстава даволі радыкальная:

“Сённяшняя выстава таксама дастаткова радыкальная, мне здаецца. На жаль, не па форме выразу, таму што я не ўбачыў тут, не паўсюль убачыў такія наватарскія мастацкія рашэнні.

Рашэнні, на жаль, дастаткова традыцыйныя. Але з пункту гледжання такога духу, які тут валадарыць – гэта дух цалкам беларуска свядомы і дастаткова нацыянальны. І таму я лічу, што ў гэтым плане выстава вельмі важная”.


Адзначым, што наведаць выставу можна да 21 лістапада.








-23%
-20%
-30%
-20%
-12%
-30%
-70%