Сярод апошніх кадравых прызначэнняў прэзідэнта было і прозвішча новага рэктара Беларускай акадэміі мастацтваў. Заміж Рычарда Смольскага гэтую пасаду заняў Міхась Баразна. TUT.BY паспрабаваў даведацца, што можа змяніцца ў кузні мастацкіх кадраў з гэтым прызначэннем.

Доктар мастацтвазнаўства, тэатразнаўца 64-гадовы Рычард Смольскі ўзначальваў Акадэмію мастацтваў з 1997 года. Падначаленыя характарызуюць яго ў асноўным са
Рычард Смольскі. Фота: kimpress.by
Рычард Смольскі. Фота: kimpress.by
станоўчага боку, называючы "каларытнай фігурай" са своеасаблівым стылем кіравання. Пры гэтым адзначаюць, што за гады ягонага рэктарства ў сценах установы ўсталяваўся пэўны застой і распачалася палітыка русіфікацыі. “Цяпер рэдка калі беларускае слова пачуеш”, — кажуць “акадэмікі”.

У апошнія гады імя Смольскага нярэдка гучала ў паведамленнях СМІ. Прычым не толькі ў пазітыўным рэчышчы.

Тры гады назад Рычард Смольскі разам з рэктарам Акадэміі музыкі Аляксандрам Рашчупкіным (ён таксама бы вызвалены з пасады рэктара) дабіваўся, каб пры паступленні ў творчыя вну для абітурыента галоўным быў творчы іспыт, а балы цэнтралізаванага тэставання — у якасці дадатковых. Іхнія просьбы так і засталіся непачутымі.

У 2008-м Смольскі падпісаў загад аб звальненні з акадэміі вядучага ў краіне спецыяліста па сцэнічнай мове, знанага перакладчыка Андрэя Каляды. У інтэрв’ю апошні заявіў, што прычынай звальнення — супрацоўніцтва са "Свабодным тэатрам", якім кіруюць ягоная дачка Наталля і зяць Мікалай Халезін.

Сёлета ў разгар беларуска-польскага канфлікту вакол незалежнага Саюза палякаў у Беларусі Смольскі засвяціўся ў якасці аднаго з падпісантаў звароту групы беларускіх палякаў да кіраўніцтва Польшчы. Падпісанты падтрымалі пазіцыю беларускіх улад, выказаўшы недавер кіраўніцтву неафіцыйнага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Адным з вынікаў працы Смольскага можна лічыць сёлетняе адкрыццё ў сценах Акадэміі факультэта экранных мастацтваў, на якім пачалі рыхтаваць беларускіх рэжысёраў, аператараў, сцэнарыстаў і іншых спецыялістаў кінацэху.

Цікава, што ўвесну вну нечакана наведаў міністр культуры Павел Латушка і сустрэўся з кіраўніцтвам установы. На вераснёўскай жа сустрэчы з дзеячамі беларускага кінематографу прэзідэнт Лукашэнка заявіў: “Як наладжана праца "белорусского ВГИКа"? Вельмі баюся, каб уся справа не звялася да прывабнай шыльды".

Міхась Баразна. Фота: tvr.by
Міхась Баразна. Фота: tvr.by
Супрацоўнікі акадэміі паведамілі TUT.BY, што аб запланаваным звальненні Смольскага стала вядома яшчэ ў чэрвені. Аднак кандыдатура ягонага пераемніка была невядомая.

Наяўная інфармацыя сведчыць аб тым, што змена рэктараў адназначна не палітычная. Сярод найбольш верагодных версій — узяты Латушкам курс на амаладжэнне кіроўных кадраў у галіне культуры. Да таго ж, па некаторых звестках, апошнія гады навучальная ўстанова мела пастаянныя фінансавыя цяжкасці. Нават нягледзячы на тое, што колькасць студэнтаў платнай формы навучання расла.

Новаму рэктару Міхасю Баразне 48 год. Кандыдат мастацтвазнаўства, ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (1985), дзе вучыўся ў легендарнага этнографа Міхася Раманюка. Быў куратарам віцебскай галерэі сучаснага мастацтва "У Пушкіна" (1994-96). Абараніў кандыдацкую па тэме "Тэндэнцыі развіцця беларускай кніжнай графікі 1960 - сярэдзіны 1990 гг.: на матэрыялах мастацкай літаратуры" (1999). Аўтар кніг і шматлікіх артыкулаў па гісторыі беларускага мастацтва і кніжнай графікі. Старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы i ўдзелу Беларусі ў 54-й Венецыянскай бiенале.

Апошнія гады працаваў прарэктарам па навуковай працы Акадэміі мастацтваў.

Калегі характарызуюць Баразну як таленавітага мастака і арганізатара з еўрапейскім лоскам у манерах і паводзінах. Пры гэтым называюць яго інтравертам і “загадкавай постаццю”. Праўда, супрацоўнікі акадэміі кажуць, што вялікіх зменаў у палітыцы ўстановы чакаць не варта. Аднак амаль няма сумневаў, што новы рэктар будзе падтрымліваць традыцыі альма-матэр, бо сам быў у іх выхаваны ды мае гонар за беларускае мастацтва.
-10%
-25%
-16%
-20%
-30%
-25%
-10%
-50%
0070026