Зміцер Лукашук,

Здараецца, што і самадастатковыя творчыя людзі працуюць у дзяржаўных ўстановах. Еўрарадыё даведалася, што з гэтага атрымліваецца і як дзяржава ацэньвае такую працу.

Ужо некалькі гадоў лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка выкладае ва Ўніверсітэце культуры і мастацтваў курс “Тэхналогія прадзюсавання ў сферы музычнай культуры”. Пасля заканчэння аспірантуры яго запрасілі папрацаваць на кафедры. Мог адмовіцца, але людзі вельмі прасілі. І выкладае там вось ужо колькі гадоў толькі з-за таго, што самому цікава — бо аплата мізэрная.

Алег Хаменка: “Выкладчык без надбавак за 900 гадзін лекцый у год, без уліку розных падрыхтовак ды іншай нагрузкі, атрымлівае заробак 520-540 тысяч у месяц. Я працую на палову стаўкі, і таму, тыя грошы, якія я атрымліваю, — гэта смешныя грошы: 230 ці 240 тысяч”.


Алега з поўным правам можна назваць унікальным спецыялістам — акрамя яго, лекцыі па дадзеным прадмеце чытаюць толькі ў Інстытуце сучасных ведаў. Але гэтая ўнікальнасць не адбіваецца на заробку.

Алег Хаменка:
“Да мяне вельмі добра ставяцца на кафедры, бо яны разумеюць, што ў гэтым адгалінаванні я магу даць рэальныя веды. Літаратуры і кніг на гэтую тэму не так ужо і багата, а ў мяне ёсць і практычны, і тэарэтычны досвед, які можна прапанаваць студэнтам. Але гэта звычайна: унікальныя спецыялісты атрымліваюць альбо вельмі вялікія грошы, альбо нічога. Так заўсёды было з унікальнымі”.

Нягледзячы на тое, што нават жонка раіць Алегу кінуць выкладанне за такі заробак і прысвячаць больш часу сям’і, ён рабіць гэтага не збіраецца: самому цікава.

Толькі цікавасць прымушае працаваць за 100 тысяч у месяц і вядомага сцэнарыста і драматурга Андрэя Курэйчыка, які зноў будзе выкладаць ва Ўніверсітэце культуры. Паколькі Андрэй больш часу праводзіць у Маскве, то толькі за адзін квіток да Мінска ён вымушаны аддаваць больш за месячны заробак.

Андрэй Курэйчык: “На жаль, даводзілася датаваць гэтую працу. Білет Масква — Мінск каштуе больш, чым я атрымліваў за месяц. Да таго ж, калі я быў тут, мне даводзілася ехаць да Мінска з вёскі за 40 кіламетраў і плаціць кіроўцу, які мяне вазіў туды-сюды. Гэта быў такі артыкул затрат, маё мецэнацтва”.



Пагадзіўся на такую працу Курэйчык толькі з-за таго, што драматургія ў Беларусі ў апошнія гады знаходзіцца ў крызісным стане, і ён хацеў “рухаць наперад” асяродак у сваёй прафесіі — каб больш было калег-прафесіяналаў. Але кіраўніцтва мала цаніла Курэйчыка як матэрыяльна, гэтак і прафесійна: за інтэрв’ю “Салідарнасці” яго звольнілі з ВНУ.

Андрэй Курэйчык:
“Я сышоў, я бразнуў дзвярыма, я выказаўся з гэтай нагоды паўсюль, дзе мог, і яны потым доўга шукалі шляхі да прымірэння. Мне тэлефанавалі з Адміністрацыі, з Міністэрства культуры, пісалі лісты ў Акадэмію. Спрабавалі папрасіць прабачэння і змяніць сітуацыю. Не вельмі канкрэтна, але я гэта адчуў”.

Угаварылі вярнуцца Курэйчыка яго студэнты. Пасля гэтага звальнення-вяртання ён яшчэ не быў на працы, але ўпэўнены, што ў дэканаце яго сустрэнуць без радасці. Але, кажа, яму да гэтага няма справы. Галоўнае — каб расклад заняткаў паведамілі. Цікава, што і пасля вяртання заробак вядомага драматурга і сцэнарыста застаўся ранейшым — 100 тысяч рублёў.

Лідэр гурта N.R.M. Лявон Вольскі пагадзіўся на супрацоўніцтва з “Беларусьфільмам” і напісаў песні да стужкі “Дастыш фантастыш”. Пра тое, што за вялікі аб’ём працы ён атрымае блізкае да мізэрнага ўзнагароджанне, Лявон ведаў. Але пагадзіўся, бо ніколі такой дзейнасцю не займаўся і хацеў паспрабаваць.

Лявон Вольскі:
“Я ведаў, што шмат не заплацяць — мяне папярэдзілі. І я працаваў, бо цікава было працаваць. Я ніколі не пісаў музыкі да паўнавартасных фільмаў. І я ведаў, што гэта будзе сума ў пару мільёнаў. Можа, тры — штосьці такое. Але за такі аб’ём работы такія ганарары — блізкія да мізэрных!”


Сваю цікавасць Лявон задаволіў і досвед напісання музыкі да кіно займеў. Наноў пагодзіцца на такую ж прапанову толькі тады, каля яму спадабаецца сцэнар і людзі, якія будуць здымаць фільм.

Аляксандра Качана, які цяпер жыве ў Кіеве, той жа “Беларусьфільм” папрасіў напісаць сцэнар да фільма паводле рамана Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Працу ён на той час меў, але пагадзіўся з-за той жа цікавасці і любові да Караткевіча. Ды і грошы, кажа, прапанавалі нядрэнныя.

Аляксандр Качан:
“Ганарары на “Беларусьфільме” (і гэта, дарэчы, звязана з пазіцыяй Міністэрства культуры), маюць не надта прыемныя для творцаў абмежаванні. Але ў маім выпадку гэта не такія ўжо і дробныя грошы. Але рэч у тым, што гэта чатырохсерыйны праект, і там значна большая сума атрымліваецца, чым за поўнаметражны фільм, дзе ганарар выглядае надта сціпла. А 52 хвіліны адной серыі ацэньваюцца нібыта поўны метр”.

Сцэнар Аляксандр пісаў паўгода. І атрымаў суму, за якую гэты час можна карміць сям’ю — каля 10 тысяч долараў. Але, кажа, у дадзеным выпадку ён імкнуўся не зарабіць, а ізноў здабыць сабе “прысутнасць на рынку”, вярнуцца ў Беларусь у якасці аўтара. А “сышлі” яго з гэтага “рынку” пасля выхаду фільма “Акупацыя. Містэрыі”. Сцэнар менавіта да гэтага фільма стаў прычынай, якая прымусіла яго з’ехаць з Беларусі ва Ўкраіну.
 
-12%
-10%
-20%
-30%
-40%
-10%
-50%