Віталь Цыганкоў, / Віталь ЦЫГАНКОЎ

Знакаміты спявак Лявон Вольскі распавёў, на які карпаратыў яму цікава было б пайсці, чаму беларуская папса непапулярная і ці будзе яшчэ граць на палітычных акцыях.

"Тое, што я пішу, мне вельмі падабаецца"

– На вашу думку, колькі чытачоў нашай газеты ведаюць пра вас, пра NRM і "Крамбамбулю"?

– Спадзяюся, што пра NRM памятаюць людзі, якім цяпер 30-40 гадоў, якія каўбасіліся ў 90-х на нашых канцэртах. Калі яны былі палітычна і музычна актыўныя, то, верагодна, ведаюць пра нас і, магчыма, куплялі наш хітавы альбом "Тры чарапахі", які разышоўся ў свой час даволі паспяхова па ўсёй краіне. Яшчэ большае кола можа ведаць песню "Госьці" з рэпертуару "Крамбамбулі", якая была створана ў той час, калі кліп на тэлеэкране яшчэ шмат чаго значыў.

Але ў прынцыпе народ крыху цураецца свайго.

Людзям больш прасунутым падабаецца заходняя музыка, сярэдні фармат — ім даспадобы расейская папса.

Зрэшты, у параўнанні з 80-мі, калі мы пачыналі, назіраецца сур’ёзны прагрэс — аўдыторыя, якая слухае нармальную айчынную музыку, значна шырэйшая, і ніхто ўжо не ставіцца да беларускага року як да нечага экзатычнага. Іншая справа, што сучасная музыка — гэта частка культуры, а з гэтай справай сітуацыя ў нас блізкая да катастрафічнай.

– Давайце ўзгадаем, магчыма, не самыя ўдалыя моманты вашай музычнай кар’еры. Я памятаю, як у 1995 годзе вы сядзелі ў рэдакцыі газеты "Беларуская маладзёжная" і пісалі артыкулы. І я думаў: "Божа, Лявон Вольскі, лідэр гурта "Мроя", сядзіць і артыкулы тут піша. Чаму ён не на сцэне?"

Як вы перажылі гэты час? Гэта было з-за нейкай неспрыяльнай грамадскай сітуацыі ці з-за нейкіх асабістых прычын?

– Я тады паралельна з музыкай займаўся і журналістыкай, працаваў на радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" і вёў там перадачу "Квадракола". Калі "Маладзёжку" зачыніў Кебіч, мы ўсе працягвалі пісаць у газету.

Аднак вы маеце рацыю — на той момант цягнуць з "Мрояй" ужо не было патрэбы. Цалкам змянілася сітуацыя ў краіне, і гэта адбілася на маёй музычнай фармацыі.

– Для мяне песні "Мроі" складаюць залаты фонд беларускага року. Але чаму вы гэтак моцна адрынулі "мроеўскую" частку вашай творчасці? Ніколі не спяваеце тыя песні на канцэртах, ніколі не спрабавалі перавыдаваць іх. За што вы іх так не любіце?

– Нядаўна на юбілеі "Басовішча" мы гралі песні "Мроі".

– Першы раз за 15 гадоў…

– І потым у "Рэактары". Мы спрабавалі на пачатку NRM аднавіць нейкія песні "Мроі", але гэта былі настолькі розныя рэчы, што яны не селі ў рэпертуар. Мы спрабавалі ўвесці іх у нашы канцэрты, але не прыжылося.

– Можа быць, лідэру гурта "Крамбамбуля", які зараз часта выступае на карпаратывах, ужо не вельмі хочацца спяваць такія словы з "Мроі": "Я не люблю салодкіх спеваў І песень рэстаранны варыянт. Я з тых, хто не шкадуе свае нервы — я рок-музыкант".

– Ага, многія любяць мне гэта інкрымінаваць. Ну гэта юнацкая максімалісцкая песня, яна пісалася, калі мне было 20 гадоў. Мы стварылі яе з Уладзем Давыдоўскім, седзячы ў кавярні. Песня біла ў дзесятку на той час. Але ў маім узросце глупа паўтараць тыя тэзісы.

– Я быў на вашым канцэрце летась, дзе вы адказвалі на пытанні слухачоў і, як мне падалося, усяляк спрабавалі адмахнуцца, аджартавацца. Я ўвогуле заўважаю ў вас гэта жаданне не казаць пра сур’ёзныя рэчы. Аднак хочаце вы ці не, але ваша творчасць — гэта не проста песенькі. Гэта спявачка Венера ці Аня Шаркунова спявае проста песні. А ў вас — гэта больш чым песні. Я думаю, вы гэта разумееце?

– У мяне ёсць і проста песні. Але я хачу, каб вы зразумелі — тое, што я пішу, прынамсі, мне вельмі падабаецца. Тое, што робіцца, звычайна робіцца з натхненнем — нават заказныя рэчы.

Не стаўлюся я камерцыйна да гэтага рамяства — можа, гэта мяне і выносіць праз гады.

– Калі вашы песні спяваюць на мітынгах, то гэта не "проста песенькі". Як вы рэагуеце на гэты, я б сказаў, "цяжар"?

– Так, на пэўным этапе я адчуў, што мушу адчуваць адказнасць. Бо калі табе 16 гадоў, ты проста кайфуеш для сябе і не асабліва думаеш пра ўплыў на іншых. Аднак калі цябе слухае хаця б пару тысяч і ўспрымае твае словы, то разумееш, што трэба быць асцярожным у сваіх дзеяннях. Але не заўсёды атрымліваецца сябе стрымаць.

– Калі вас запросіць БРСМ на карпаратыў, то вы туды не пойдзеце?

– Ды не запросяць. Але цікава было б пайсці туды ды перазамбіраваць іх на адваротнае. Мы з "Крамбамбуляй" можам проста цуды на карпаратывах рабіць, падняць абсалютна мёртвых людзей.

– Банкіраў, напрыклад?

– Напрыклад. Хаця чым багацейшыя людзі, тым цяжэй з імі. Але звычайна атрымліваецца. Насамрэч, вядома, усё гэта глупства — не будзем мы ніколі выступаць для ўладных структур.

"Ніколі мы не рабілі нічога на патрэбу публікі"

– Дзе тое, што вам самому хочацца, а дзе тое, што вы робіце, улічваючы жаданні публікі?

– Ніколі мы не рабілі нічога на патрэбу публікі. Можа, хіба ў ранняй творчасці, калі хацелі нешта напісаць, каб спадабалася пэўнай катэгорыі людзей, напрыклад, моладзі. І не спрацоўвала гэта, і не атрымлівалася.

Вось чаму наша беларуская папса непапулярная? Бо тое, што няшчыра робіцца, не праходзіць.

Людзі проста ходзяць на работу — выйшла да "свайго станка" і спявае.

– Уявім, што вы запісваеце нейкую кампазіцыю. І тут можна даць нейкае гітарнае сола на 3 хвіліны, — але вы разумееце, што для ўспрымання публікі гэта будзе цяжка, і не робіце.

– Не, гэта не маё. Прынамсі, на цяперашні момант. Быў такі перыяд у "Мроі", калі гралі нешта блізкае да арт-року, але потым неяк прайшло.

– Калісьці адзін з самых папулярных форумаў на tut.by называўся "NRM — найпрымітыўнейшай у свеце няма". Як вы рэагуеце на такія выказванні, што адкажаце тым, хто кажа, што ў вас занадта даступная і простая музыка?

– Неяк нават не хочацца спрачацца тут. Тысячы й тысячы песень, старых і новых, класічных і модных, насамрэч, даступныя і простыя.

Але сапраўды, відаць, у нас не самая складаная музыка. Разумееце, не хочацца адмыслова нешта ўскладняць, каб паказаць, што мы нешта ўмеем. Шмат якія музыканты так і робяць, маўляў, зараз такую аранжыроўку зробім, каб усе зразумелі, колькі музыкі сусветнай мы слухаем. Гэта лёгка зрабіць, але сэнс? Тым болей што я часам хачу данесці думку, не абцяжараную рознымі завіхурыстымі аранжыроўкамі.

– Але калі людзі кажуць, што "Тры чарапахі" нашмат больш удалы альбом, чым "06", вы на такія меркаванні зусім не звяртаеце ўвагі?

– Я даўно ў гэтым бізнесе, і кожны новы альбом сустракаецца ў штыкі. Пра "Тры чарапахі" казалі — "папсню" зайгралі. Вядома, можна было б пакінуць нейкія папулярныя песні назаўсёды, выйсці на адну стратэгічна абгрунтаваную плынь і нічога новага не выдумляць. А які альбом лепшы — гэта не мы вызначаем, і нават не слухачы.

– Неяк Андрэй Макарэвіч у інтэрв’ю выказаўся ў тым сэнсе, што дэмакратыі ў групе "Машина времени" быць не можа. У вашых групах якая форма праўлення?

– Не, я па натуры не дыктатар. Але так склалася, што ад мяне больш залежыць.

Быў такі час, калі песні пісаліся на рэпетыцыях усімі ўдзельнікамі гурта. А цяпер, апошнія колькі гадоў, я прыношу на рэпетыцыі ўжо нейкі пілотны варыянт песні.

Але дыктатурай гэта нельга назваць. Няма такога, каб "я сказаў, так і будзе". Трэба растлумачыць, чаму я хачу, каб так было. І здараецца, што мяне пераконваюць у адваротным. Дарэчы, калі казаць пра NRM, дык там шмат хатніх нарыхтовак прыносяць і іншыя музыкі.

"10 гадоў цягнулася балота, застой, а цяпер пачынаецца нейкі "рухняк"

– Забарона на ваша з’яўленне ў тэле- і радыёэфіры была ўведзена пасля таго, як вы на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года гралі на канцэрце за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Ці азначае гэта, што на гэтых выбарах вы ўжо не будзеце граць на палітычных акцыях?

– Мусіць быць добрая апаратура на канцэрце, каб гэта не выглядала на нейкім смешнаватым узроўні. Але я не выключаю, што можна зграць. Пры пэўных абставінах, пры добрай ідэі, калі не будзе такога, што выходзяць палітыкі і малоцяць нешта, што людзі стаміліся слухаць. І ўдзельнічаць у такой акцыі, толькі каб прывабіць туды некалькі тысяч чалавек, мне не хацелася б.

– Ваша творчае жыццё праходзіць даволі аўтаномна ад дзяржавы, вы ад яе ніяк не залежыце. З іншага боку, вы прызнаеце, што забарона на канцэртную дзейнасць і на тэлеэфір негатыўна паўплывала на вашу папулярнасць?

– Фактычна магчымасць з’яўляцца на тэлеэкранах скончылася яшчэ да забароны, гадоў 10 таму. Тады неяк пазнікалі гэтыя славутыя тэлепраграмы — "Кліп-абойма", "Акалада", якія шмат хто глядзеў. Цяпер ужо ў новых музычных праграм, якія апошнімі гадамі неяк аднавіліся на БТ, няма той аўдыторыі. Мы яшчэ ўскочылі ў той вагон, калі кліпы нешта значылі, калі такія праграмы глядзелі сотні тысяч.

Як не дзіўна, гэтая забарона распіярыла нас па ўсім свеце. Мы пачалі ездзіць па Стакгольмах і Берлінах, бо ўсім хацелася паглядзець на гэтых дзікіх звяроў, якіх забаранілі. А тут выходзяць звычайныя хлопцы і граюць звычайны рок.

Аднак страты яна, безумоўна, нанесла. Бо тры гады не выходзіць да сваёй публікі, граць толькі ў нейкіх падпольных памяшканнях на 50 чалавек — гэта цяжка. Гэта вядзе да дэпрэсіі, фрустрацыі ды іншых непрыемнасцяў.

А цяпер трэба думаць, як развівацца далей. Зараз зноў ідзе нейкі злом эпохі. 10 гадоў цягнулася балота, застой, а цяпер пачынаецца нейкі "рухняк", як кажуць на прасунутых сайтах.

"У нас у Беларусі толькі адна зорка"

– У вас відавочна ёсць талент пераўвасабляцца. У "Крамбамбулі" вы пішаце для розных спевакоў у розных стылях. Адзін ваш калега-музыка сказаў неяк мне, што вы вельмі таленавіты імітатар.

– Мне цікава быць імітатарам, прапускаць праз сябе розныя стылі і жанры. Бо я пачынаў, зачынены ў адным рок-стылі. На пэўным этапе пасля "Народнага альбому" з’явілася цікаўнасць да чагосьці іншага. У "Крамбамбулі" гэта і знайшло свой выхад.

– Вы плануеце павароты ў сваім жыцці?

– У нашай краіне нічога планаваць нельга. Зноў забароняць, напрыклад, альбо скажуць: "Едзьце адсюль". З такой сітуацыяй у культуры і для любога творчага чалавека, які не залежыць ад дзяржавы, планаваць нічога немагчыма.

У нармальных краінах ёсць пэўныя культурныя праграмы, каб насельніцтва не было тупое. Я ведаю, як працуе Міністэрства культуры Польшчы, Літвы. А ў нас ствараюць гэтую эстрадную машыну, якая імітуе музычную культуру. А потым збіраюцца чыноўнікі і абмяркоўваюць хібы эстраднага мастацтва — "нізкая літаратурная вартасць тэкстаў" і гэтак далей. Але ж яны самі стварылі ўсю гэтую брыгаду, якая займаецца атупленнем народа.

А нармальныя гурты, што сядзяць па падвалах, "не рэкамэндаваныя". Вось прыедуць яны ў Рэчыцу альбо Валожын, і прыйдзе да іх участковы ў Дом культуры і будзе пытацца: "А палітыкі не будзе? А флага не будзе, точна?"

– Грамадска-культурніцкая кампанія "Будзьма" нядаўна праводзіла на сваім сайце апытанне наконт вызначэння самых славутых беларусаў. Сярод нашых сучаснікаў вы ўвайшлі ў першую тройку разам з Рыгорам Барадуліным і Уладзімірам Някляевым. Зорную хваробу не атрымаеце ад такога галасавання?

– Ясна, не. Гэта ж вельмі лакальна. Калі мне гавораць: "Вы ж зорка"… Я быў у Лос-Анжэлесе на Бэвэрлі-Хілс, я ведаю, як выглядаюць зоркі і на чым яны ездзяць.

Пад гэтыя прыкметы ў нас у Беларусі падпадае толькі адзін чалавек. У нас толькі адна зорка на ўсю краіну. І гэта імя вы ведаеце.
 
{banner_819}{banner_825}
-40%
-10%
-50%
-15%
-20%
-20%
-20%
0063385