На просьбу TUT.BY паэт, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч склаў “дзесятку” самых незвычайных вершаў айчыннай літаратуры. Невядомую беларускую паэзію ён прадставіў у жывым эфіры нашага партала.
 
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Скачать видео

Я не складальнік хіт-парадаў, рэйтынгаў, таму мой падыход будзе дылетанцкі, чытацкі, вельмі суб’ектыўны. Гэта мой персанальны выбар. Палова з тых людзей, якіх я прадстаўлю, - жывыя, яны яшчэ будуць са мной сустракацца. Хтосьці дасць шчаўбан па галаве. Але, спадзяюся, абыдземся без ахвяраў і разбурэнняў.
 
Для тых, хто не цікавіцца паэзіяй - а мы зараз і праверым аўдыторыю TUT.BY, - відаць, любы верш з прадстаўленых будзе нечаканым. Для тых жа, хто добра ведае, напрыклад, літаратараў, філолагаў, думаю, нічога новага я не адкрыю.
 
 
На жаль, па тэхнічных прычынах я не сябраваў з Купалам, ён не даваў мне сваіх рэдкіх рукапісаў, каб я зараз іх выцягнуў. Не атрымалася ў мяне і з Якубам Коласам, і з Максімам Багдановічам. З іншага боку, тыя, хто маглі б мне скінуць рэдкі файл, пакуль яшчэ не ўваходзяць у залаты пантэон класікаў. Тое, што я буду спрабаваць паказваць, скіравана на разбурэнне стэрэатыпаў, на тых, хто ведае беларускую літаратуру толькі са школы, хто быў хутчэй добрым, чым дрэнным вучнем, вучыў, можа быць, літаратуру яшчэ і на пазакласным чытанні.
 
Але далей стоп! Вось той стэрэатып, які стварае ў школе Марыя Іванаўна. Будзем змагацца з Марыяй Іванаўнай.
 
- Чым вы кіраваліся, адбіраючы дзесятку?
 
- Як я ўжо сказаў, тут няма шмат любімых мною аўтараў: Купалы, Коласа, Багдановіча. Няма таксама Алеся Разанава - самага значнага сучаснага беларускага паэта, бо я спасаваў і не знайшоў нетрадыцыйнага падыходу: няма ў вершах стэрэатыпаў, якія можна было б разбураць.
 
У астатнім кіраваўся сваімі густамі, трымценнем, якое праходзіць па храбетніку, мурашкамі, якія бегаюць па скуры, - значыць, гэта чапляе.
 
Нарэшце, я ж і сам грэшны: ёсць аўтары, якіх даўно не перачытваў. А тут сеў перачытваць і раптам схапіўся за галаву: як жа гэта моцна адрозніваецца ад таго, што ў маёй школе ці на маім філфаку мне выкладалі.
 
- А што для вас нетрадыцыйнае?
 
- Кожны літаратар, калі піша верш, не ведае аб тым, што ён зробіцца класікам. Ён чалавек са сваімі комплексамі, са сваім пачуццём гумару, страхамі, закаханым сэрцам. Гэта гатовы пацыент: кладзі на кушэтку і разбірай яго псіхааналітычна. А потым з гэтага раптам робяцца хрэстаматыі, анталогіі, кніжкі на паліцах у кнігарнях, бронзавыя помнікі. Мне хацелася б прадставіць не помнікі, а жывых людзей у сваіх максімальна чалавечых праявах.
 
Гэта не хіт-парад, а вялікі эпіграф. Усе іншыя паэты пачыналі пісаць у дваццатым стагоддзі, а гэты прадстаўляе шаснаццатае. Не ведаю, колькі чалавек з аўдыторыі TUT.BY ведаюць, што першы наш выбітны асветнік, першадрукар Францішак Скарына яшчэ і пісаў вершы. Першая наша старабеларускамоўная паэзія – менавіта скарынаўская.
 
Францішак Скарына перакладаў Біблію, выдаў дзесяткі біблейскіх кніжак, спачатку ў Празе, а потым у Вільні. І вось, дайшоўшы да знакамітага Дэкалогу, Дзесяткі запаведзяў, якія атрымаў Маісей, ён вырашыў гэта зрыфмаваць і рытмізаваць, відаць, для таго, каб чытачам гэта было лягчэй запомніць. Таму можна сказаць, што гэта фрагмент перакладу, а можна сказаць - адзін з першых беларускіх вершаў.
 
Францыск Скарына
 
Веруй в Бога единаго,
А не бери надармо имени Его,
Помни дни сьветые сьвятити,
Отца и матку чтити.
Не забивай ни едина
И не делай греху блудна.
Не вкради, что дружнего,
А не давай сьведецтва лживага.
Не пожедай жены ближнего,
Ни имения или речи его.
 
А цяпер, уласна кажучы, наш хіт-парад. Паўтару, што гэта не помнікі, а жывыя людзі.
 
Прачытаю верш Максіма Багдановіча, які дваццацігадовы паэт не ўключыў у свой знакаміты “Вянок” з-за нейкіх прычын. Верш зусім без глянцу, называецца “Першая любоў”. Верш з кранальнымі русізмамі, з лёгкай няправільнасцю – “рэзінавая калоша”, а не “гумовая галёша”. Але гэта няправільнасць, магчыма, робіць больш мілым і сімпатычным настрой летуценнай закаханасці, калі любіш увесь свет і нават прамоклыя боты не перашкаджаюць гэтай радасці.
 
Максім Багдановіч

ПЕРШАЯ ЛЮБОЎ
 
Ўжо позна. Мрок вясенняй ночы
На вузкіх вуліцах ляжыць.
А мне – вясёла. Блішчаць вочы,
I кроў ад шчасця аж кіпіць.
Іду я радасна, харошы,
Знікае з сэрца пустата...
А пад рызінавай калошай
Ціхутка хлюпае слата.
 
Далей дазвольце прадставіць вельмі вядомага паэта і адразу пачаць бурыць стэрэатыпы. Прамаўляем “Аркадзь Куляшоў”, і адразу згадваецца што-небудзь савецкае: “Камуністы – гэта слова, як са сталі…” альбо “Цвёрда трымаўся юнак на дапросе…”. Альбо, у найлепшым выпадку, штосьці пранізліва-сур’ёзна-лірічнае песеннае: “Калі вясною закукуе…” і адразу – на мелодыю беларускага кампазітара. Альбо “Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая” на музыку Лучанка.
 
Мне ж хочацца прадставіць не савецкага, зашпіленага на ўсе гузікі Куляшова і нават не сур’ёзна закаханага, бо гэта іпастась вядомая.
 
Я неяк гартаў пяцітомнік Аркадзя Куляшова і раптам пабачыў некалькі жанравых замалёвак, вельмі чалавечых, дзе паэзія робіцца амаль з нічога, напрыклад, са збірання грыбоў. Альбо ў Куляшова ёсць некалькі вершаў пра рыбалку: верш яшчэ дваццатых гадоў, які называецца “Таварыш Алесь”. Там, відаць, рыбак-няўдачнік, і таму рыб, якія не ловяцца на кручок, ён абзывае то апартуністамі, то сімулянтамі. Па-мойму, сімпатычная згадка эпохі.
 
А вось спроба лірыкі, прычым амаль любоўны трохкутнік: ён, яна і лазня, дакладней – бярозавы венік. Мы ўсе па-рознаму любім парыцца: часам – у суровай мужчынскай кампаніі, а часам лазня – гэта набег нейкіх фрывольных, легкадумных, лірычных асацыяцый. Дык вось, у вершы “На сотай вярсце” 1939 года дваццаціпяцігадовы Аркадзь Куляшоў дазволіў сабе смелыя эратычныя фантазіі.
 
Аркадзь Куляшоў

НА СОТАЙ ВЯРСЦЕ

Ля поплава лазню
Таплю ад паўдня;
Ля поплава злазіць
Дзяўчынка з каня.
На вольхах даўгі
Калыхаецца цень.
Прысела. Шляхі
Затамілі за дзень.
Сто вёрст адскакала
Пякельных, як вар,
Сто вёрст загарала -
Нябёсы без хмар.
- Дазволіш, - смяецца, -
Папарыцца мне?..
Ты ж баншчык, здаецца?
Адказваю:
- Не.
Я так - летуценнік,
У бацькі ў гасцях,
Бярозавы венік
Трымаю ў руках.
Пяю табе славу,
Духмяны лісток,
Ты жаркую паву
Прывабіў здалёк.
Яна маладая,
І я - малады.
Размова такая:
- Адкуль вы?
Куды?..
Кароткая стрэча
На сотай вярсце.
З маланкай пад вечар
Хмарынка расце,
Спяшае наехаць,
Нахлынуць на нас;
Развітвацца - нехаць,
А трэба, а час.
З трывогай на хмарку
Глядзім, а маглі б
Ісці з ёй да парку -
Да школьных да ліп.
Конь пасвіўся б сыта
У лузе, а мы б
Пад самае жыта
Пабегчы маглі б.
Пасеўшы ў зацішша,
Вязалі пражмо б,
А сонца ўсё ніжай
І ніжай ішло б.
У хвалі прымала б
Яго збажына...
Куды ж паскакала
Так рана адна?
Касынкай-зарой
З жытніх бліснула хваль.
Як сэрца за ёй
Парываецца ўдаль!
Эх, коні-стаеннікі,
Пыл за сялом...
Духмяныя венікі,
Чэрвеньскі гром!
 
- Калі вы рыхтаваліся да нашай праграмы, ці складана было знайсці менавіта тое самае? Вы чытаеце класікаў, якія ў савецкі час былі зашпілены на ўсе гузікі. Ці складана было знайсці сярод усяго гэтага “падкаваную блаху”?
 
- Тут як раз мог бы быць харошы пераход да наступнага нашага паэта. Аркадзь Куляшоў – гэта больш “зашпілены” савецкі паэт. А вось ягонага амаль аднагодку, на два гады старэйшага Максіма Танка, знайсці было лягчэй, і гэта пры тым, што імідж Максіма Танка таксама вельмі савецкі. Яму нават не пашанцавала з псеўданімам. Спачатку ён хацеў назваць сябе “Танка”, у гонар японскай, экзатычнай паэзіі, а яго перахрысцілі ў савецкую бронемашыну. І вось такая бронемашына ў іміджы яму крышачку замінала. А ён пранізлівы лірык, але хто пра гэта сёння ведае? У найлепшым выпадку бачаць старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, чалавека-ардэнаносца, лаўрэата шматлікіх прэмій, педагагічны універсітэт, чалавека–вуліцу.
Ёсць шматтомнік, які зараз выходзіць, але неафітам раю кніжку “Мне пару крыл дало юнацтва”. Трэба сказаць пару ўдзячных слоў укладальніку, бо ад укладальніка выбранага залежыць імідж. Калісьці Вальтэр жартаваў: “З такім багажом (а ў яго было 90 тамоў) цяжка даехаць да нашчадкаў”. Дык вось, з такім багажом ужо лягчэй, калі любоўна выбераш так, што кожны верш – шэдэўр. Вячаслаў Рагойша, прафесар, настаўнік Рагойша, як пажартавалі б стваральнікі “Народнага альбому”, выбраў і паказаў паэта сённяшняму чытачу, з разынкай, з цукеркай – як бы тавар тварам.
 
Раздзел адразу пачынаецца з любоўнай лірыкі, і аказваецца, што тут не савецкая бронемашына, а настолькі пяшчотная, пранізлівая і чалавечная лірыка. Я ўжо маўчу пра тое, што Максім Танк – стваральнік беларускага верлібра, паэт, які першы адмаўляецца ад рыфмы і рытму. Але гэта застаецца паэзіяй і, можа быць, робіцца ад гэтага яшчэ большай паэзіяй.
 
Гэта чалавек з фантастычным пачуццём гумару, дасціпнасці, іроніі. Кожны другі ягоны верш не толькі іранічны, але яшчэ і самаіранічны. Чалавек, які добра ведаў жыццё не толькі ў пафасных вымярэннях, а таксама паказваў нейкія драбязінкі, імгненні жыцця, з якіх нечаканым чынам робіцца паэзія.
 
Мы зараз парушым усе прынцыпы хіт-параду, і з любоўю да Максіма Танка я прачытаю два яго тэксты. Але яны харошыя менавіта ў кантрасце.
 
Уявіце сабе трэці дзень сур’ёзнага, нажорыстага, запойнага вяселля. Пасля гэтага не скажаш, што просты беларускі народ жыў кепска.
 
Максім Танк

ПАСЛЯ ВЯСЕЛЛЯ

Што ж, госці, нешта сцішылася?
Можа, яечня з’едзена ўся,
Можа, ў біклагах скупа віна,
Ў латках мачанка вымачана,
На палумісках мала кілбас
Ці караваем абнеслі вас?
 
Тры дні, тры ночы быў гул і звон,
Покуль гасцей не змог усіх сон.
Хто спіць на лаве, хто – пад сталом,
Хто – разам з чаркай, хто – са збаном.
 
Нават і сонца штось не ўстае,
Хоць галагуцкі певень пяе –
Певень, які адзін ацалеў,
Ад паварыхі ўцёкшы на хлеў.
* * *
Мне здалося, што ты мяне аклікнула.
Але гэта быў толькі голас ветру,
Не голас ветру – а спалоханай птушкі,
Не спуджанай птушкі – а соннай галінкі,
Не соннай галінкі – а кроплі расы,
Не кроплі расы – а далёкага рэха…
 
Але я ўсё роўна штодзень
Іду міма вокан тваіх,
Каб яго яшчэ раз пачуць.
 
Андрэй, на вашу думку, ці маглі звычайныя савецкія чытачы адчуць лірызм і чалавечнасць паэзіі, пра якія мы гаворым сёння ў студыі?
 
- Памятаеце, ёсць такі расійскі жарт: “Класікаў трэба не толькі пачытаць, але і пачытваць”. Тыя, хто не толькі шанавалі, але і перачытвалі, сачылі за кніжкамі Куляшова ці Танка, маглі разабрацца, што да чаго, і знайсці перліны сапраўднай паэзіі.
 
Часам мне здаецца, што ў школе мне было цікавей вывучаць расійскую літаратуру, чым беларускую. Мне здавалася: колькі там шэдэўраў, а тут нейкія агіткі. Цяпер у мяне паранаідальная думка: ці не змова гэта была супраць беларускай літаратуры з мэтай адвучыць беларускіх чытачоў са школьная лавы. А потым гляджу – чапляе! Прычым, няважна, савецкі гэта аўтар ці антысавецкі.
 
Зараз мы прадставім таксама антысавецкага аўтара з іншай грані творчасці. Ларыса Геніюш, выбітная паэтка, стагоддзе якой мы святкуем сёлета. Паэтка, якая ганарылася тым, што яна грамадзянка БНР, і так да канца, да самай смерці не прыняла савецкі пашпарт. Паэтка, грамадзянка, якую не зламілі савецкія ГУЛАГі, лагеры, цкаванні савецкай улады, якая ненавідзела гэтую ўладу.
 
Але, перачытваючы, я шукаў таксама не антысавецкіх вершаў. Для нас сёння савецкі верш ці антысавецкі – так ці інакш ён ідэалагізаваны. Я імкнуўся знайсці чыстую лірыку. Як мала мы, аматары Геніюш, ведаем, што найлепшыя вершы робяцца не з нянавісці, а з любові, пішуцца энэргетыкай, не па гарачых слядах пакрыўджанасці ці няшчасця, хоць, канешне, паэзія – гэта і боль, і адлюстраванне гэтага болю, але часам з філасофскага задумення, з той хвілінкі, калі раптам, паміж зорамі і табою прабягае ісціна.
 
Наймацней мяне ўразілі кароткія, лёгка зрыфмаваныя чатырохрадкоўі Ларысы Геніюш з мудрасцю. Гэта чалавек, які столькі ведаў пра няшчасці і пакуты, а пісаў пра радасць, але ў святле недасяжнасці гэтай радасці, недасяжнасці гэтага шчасця. Згадваецца чамусьці нечаканая паралель з Фаустам Гётэ, які ведаў, што імгненне спыніць немагчыма, гэта як далягляд: ён адсоўваецца – і ты за ім, і ён адсоўваецца ўсё далей і далей.
 
Зусім маленькі лірычны твор.
 
Ларыса Геніюш

* * *
Радасьць як вецер,
каханьне як госьць.
Дасягнутасьць шчасьця
ўжо шчасьцем ня ёсьць.
 
Ларыса Геніюш ведала пра няшчасці у сваім жыцці больш, чым пра наіўную радасць і шчасце, але пражыўшы доўгае і пакутлівае жыццё, відаць, мела маральнае і эстэтычнае права так сказаць: “Дасягнутасць шчасця ўжо шчасцем ня ёсць”.
І апошні з класікаў той пяцёркі, не лічачы Скарыны, якія даўно глядзяць на нас з найлепшага свету, якія заслужылі сваю літаратурную вечнасць, - гэта пісьменнік Міхась Стральцоў. Першая нечаканасць - тое, што я выбіраю лірыку, а ён шырэй вядомы, як празаік, эсэіст, які пакінуў крылаты выраз “сена на асфальце” - пра тых, хто яшчэ не адарваўся ад вёскі ці ўжо адарваўся, але яшчэ не гараджанін. Стральцоў напісаў знакамітую, можа, гэта найлепшая навела беларускай літаратуры дваццатага стагоддзя, - “Смаленне вепрука”. Але раптам ён, адышоўшы ад прозы, перайшоў на паэзію. Таленавіты чалавек ва ўсім таленавіты. У яго правільная паэзія - рыфмаваная, узнёслая.
 
Міхась Стральцоў

* * *
Прысніўся верш – не верш, а два радкі.
Абломак лодкі ўсплыў са дна ракі,
І кружыць вір счарнелую траву.
З абломкам лодкі к берагу плыву.
Прачнуўся. Дзень трывогаю прапах,
І два радкі гаркотай на губах.
 
Міхась Стральцоў – тонкі лірык, лірык-філосаф, паэт, які як мала хто мог спыніць гэтую мімалётнасць і выказаць тое, што іншымі спосабамі, акрамя лірычнай паэзіі, выказаць немагчыма – мяжа сну і явы. Паэт, класічна ўзважны – правільная рыфма, дасканалы радок, і тут ён раптам апынаецца на мяжы правільнасці і няправільнасці, рыфмаванай паэзіі і верлібра. Гэта паэт, які можа сам сябе ў сярэдзіне верша спыніць і сказаць: штосьці мне не падабаецца, зробім мы інакш. Так ніхто не хуліганіў, як Міхась Стральцоў.
 
Зараз паспрабую паказаць верш паэта, не бронзавага класіка, а паэта-хулігана ў найлепшым сэнсе гэтага слова. Фактычна, паэт – інфантыльная істота. Ён нагадвае дзіця, якое адкрывае свет нанова, бавіцца са сваім вершам, бавіцца з гэтым светам, як з цацкай. Але асцярожна – запалкі ў руках! Гэтыя “запалкі” свет спаліць могуць у руках геніяльнага паэта.
 
Трамвай, як сараканожка, –
марудна імклівы і доўгі,
яшчэ да таго ж сляпы.
Асаджаны глуха і вусьцішна
над стукатам нізкіх ног.
Трамвай, як сараканожка…
Не, не падабаецца мне гэтае параўнанне.
Параўнаю трамвай лепш з вожыкам,
што цвёрда і шпарка
бяжыць па падлозе – тук! тук! тук!
 
Пагадзіцеся, нетыповы крок для класіка.
 
Цяпер пагаворым не толькі пра вечна жывых, але і пра жывых у непасрэдным сэнсе гэтага слова аўтараў. Я таксама паспрабаваў зірнуць на іх з не самага стандартнага боку. Што, здавалася, можна новага сказаць пра Рыгора Барадуліна, заслужанага і шматкротна ўшанаванага народнага паэта Беларусі, паэта вельмі ўзнёслага і адначасова вельмі хуліганскага, рэлігійнага ў кнізе “Ксты” і архіпратыкатыўнага ў эратычнай лірыцы “З дуба вецце”. Але нядаўна Рыгор Барадулін сабраў сваю кніжку ў жанры дзіцячай паэзіі для самых маленькіх “Выпаў грук у грома з рук”.
 
Мяне здзівіла цікавая ўзаемасувязь паміж дарослым і дзіцячым Барадуліным. Талент не знікае, і творчая манера, адаптоўваючыся для дзетак, застаецца ранейшай: як быў ён аўтарам фантастычнага гукапісу, дзе ўсё з усім рыфмуецца і перагукваецца, дзе кожнае слова падміргвае суседняму слову, дзе метафары робяць такія скачкі. Некалі жонка папрасіла мяне пачытаць маленькай дачцэ на правах калыханкі нейкіх беларускіх вершыкаў. Дык вось, пачаў чытаць я Барадуліна. Цяпер вачыма жонкі: чуе яна раптам са спальні роскаты нястрымнага рогату, бо рагочуць і татка, і малая, якая спаць зусім не хоча, а радасна паўтарае, скажам, такое:
 
Пераходзіць бусел брод,
Дзюба ўгору ўзведзена.
Гэта едзе бутэрброд
З жабкамі ўсярэдзіне.
 
Што гэта такое ? Гэты дзіцячы сюррэалізм, на мяжы з жорсткасцю, але ніхто з дзетак не плача – усе скачуць ад радасці.
 
Дык вось, некалькі такіх вершаў ёсць і ў гэтай кнізе. Раптам Барадулін выявіўся папулярызатарам для самых маленькіх сучасных сродкаў сувязі. Дзядзька Рыгор у вельмі паважным сваім веку – аматар і прапагандыст інтэрнэту: у яго ёсць верш пра павука, які аплёў сваім сецівам увесь свет. Альбо ён дазваляе сабе такое:
 
Калі жывеш на хутары –
З кампутарам пагутары.
 
Якога веку тут чалавек гаворыць?
 
Зараз мы падыходзім да дзіцячага вершыка Рыгора Барадуліна пра сродкі мабільнай сувязі:
 
РАЗМОВЫ
(З кнігі “Выпаў грук у грома з рук”)

Дзе смяюцца навальніцы,
Дзе вясёлка
П’е з крыніцы,
Дзе аблокі
Гром пасе,
Ведаюць навіны ўсе.
Бо трымае
Кожны конік
Свой мабільны тэлефонік.
І ў зялёнай цішыні
Размаўляюць
Дзень пры дні.
Аж пакуль
Мароз суровы
Спыніць іхнія размовы.
 
Працягваем пра жывых класікаў у нечаканым ракурсе. Уладзімір Пракопавіч Някляеў – паэт даўно і заслужана народны, паэт, чые песні спяваюцца; чые вершы гучалі на стадыёнах і вядомы дзесяткам, а можа, і сотням тысяч беларусаў, паэт, які на сёмым дзесятку не стамляе здзіўляць. Мяне ён здзівіў тым, што напісаў верш у абсалютна маладой стылістыцы. Калі б я не ведаў аўтара, падумаў бы, што аўтар маладзейшы за мяне – скажам, іранічная паэтка Марыя Мартысевіч альбо Віталь Рыжкоў, малады паэт на мяжы з рэпам, маглі б штосьці такое зрабіць.
 
Уладзімір Някляеў

АПОШНІ ПАЭТ

Ён
нарадзіўся
на белы свет
Пад канец стагоддзя (і тысячагоддзя),
І ягоны хросны выкінуў партбілет
У навакольнае асяроддзе.
 
На хрэсьбіны пасцялілі белы абрус,
А пасярэдзіне – чырвоная стужка.
І ён закрычаў: “Жыве Беларусь!” –
Калі маці яго, накарміўшы, загушкала.
 
Быў ягонай чытанкай Масей Сяднёў
(Плюс эсэмэскі і абрэвіятуры),
І не ў школу пайшоў ён у сем гадоў,
А на свой першы мітынг
супраць дыктатуры.
 
Ні школа, ні вуліца яго не разбэсцілі,
Ён у сэрцы спяліў да Зянона павагу,
І ў семнаццаць гадоў
Ён сем сутак адбыў на Акрэсціна,
А ў васемнаццаць
быў выпраўлены
на грант у Прагу.
 
Не паспеў ён стаць ні п’янтосам, ні валацугам,
Ні сексотам, як бацька, ні бамжом, як старэйшы брат,
І калі прагрымеў ягоны цягнік над Бугам,
Ён нават
не азірнуўся назад.
 
Яму плакалі ўслед берасцейскія вербы,
Белая вежа нема глядзела ўслед,
А ён смяяўся ў будучыню,
дзе ніхто не ведаў,
Што ён апошні
беларускі паэт.
 
Мне здаецца, што гэта вельмі па-сучаснаму, калі ўвесь верш смяешся і іранічна шчэрыш зубы, а ў рэшце рэшт аказалася, што казаў пра сур’ёзныя, глыбокія і трагічныя рэчы. Як у Блока калісьці ў “Балаганчыку”:
 
Страшный черт схватил карапузика
И стекает клюквенный сок…
 
І ўсё здаецца панарошку, так, як у фільмах вялікага Эміра Кустурыцы. Мы рагочам на ўсю глотку, а раптам аказваецца, што цана гэтых гульняў – чалавечае жыццё і найсур’ёзнейшыя рэчы.
 
Амаль цёзка Уладзіміра Някляева Уладзімір Арлоў і яго апошняя кніга, якая названая падкрэслена сціпла “Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся”. Але паэзія Арлова нечакана змянілася. Ён вядомы як еўраверлібрыст, ягоную паэзію лёгка перакладаць на замежныя мовы, і няма нічога дзіўнага, што ён зрэшты заслужана атрымоўвае буйныя і прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды як паэт. Ажно адзін калега па пяры колісь сказаў публічна, што Уладзімір Арлоў – паэт, які не ўмее рыфмаваць. І добра, што сказаў, бо з гэтай правакацыі нарадзілася жаданне давесці, што “аднак жа ўмею, і не горш за некаторых”. І вось у нечаканай іпастасі ў кніжцы “Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся” Уладзімір Арлоў зрыфмаваў некалькі вершаў, прычым так, што гэта можа ўвайсці з часам ва ўсе анталогіі.
 
Уладзімер Арлоў

ВЕЦЕР

вецер – ды гэта ўсяго толькі розьніца ціскаў
дзе тая дзева якую за школай ты ціскаў?
жыць – гэта йсьці супраць ветру адкрыўшы забрала?
дзе тая рэчка што ледзьве цябе не забрала?

дзева памерла пасьпеўшы паняньчыць унука
рэчка зьніцела – сама без усякай прынукі
ты паглядзіш у яе перасохлае люстра
нешта згадаеш з таго што казаў Заратустра

можа вось гэта: адны паміраюць зарана
ну а другія запозна... адкрыецца рана
ў памяці соннай зьнячэўку: філёзаф засраны!
як яе клікалі? Аня Ганулечка Ганна!
 
Мы з аўтарам мелі дыскусію пра гэты верш. Арлоў – паэт лірычных перападаў, паэт, які яднае высокае і нізкае: “філосаф засраны” – на адным полюсе, і пяшчота “Аня, Ганулечка, Ганна” – на іншым. На гэтым сутыкненні палюсоў робіцца, па-мойму, сапраўдная сучасная паэзія.
 
Мы жывем у дзвюхмоўнай краіне, дзе гучаць дзве мовы, і, па-мойму, правільна, калі адным з аўтараў будзе паэт, які творыць па-руску. Гэта адзін з лідэраў рускамоўнай паэзіі, эксперыментатар, авангардыст паэт Дзмітрый Строцаў, ці, як ён сам сябе часам называе, – Дзіма Строцаў, паэт вечна малады, энэргічны, правакатыўны. Гэта такое прывітанне Мундыялю, шматлікім футбольным заўзятарам. Дзіма Строцаў напісаў верш пра гэта. Больш за тое, ён стварыў нечаканы праект, які называецца “Газета”: вершы пабудаваны як палосы, як рубрыкі гэтай газеты. Спартыўныя навіны чытаю ў сваім беларускім перакладзе – спецыяльна падрыхтаваў для гэтага:
 
Дзмітрый Строцаў
ПЛАНЕТА ЗАЎЗЯТАРАЎ
 
спартыўны кур’ер
першая паласа
 
я заўзею за клуб ЕЎРОПА
я хачу каб нашыя заўжды перамагалі
хачу каб мы перамагалі прыгожа
а калі прыгожа не атрымліваецца ну і хер з ім
важна каб заўжды заўжды перамагалі
таму што наш клуб ЕЎРОПА

другая паласа
 
я заўзею за клуб ІЗРАІЛЬ
я хачу каб нашыя заўжды перамагалі
хачу каб мы перамагалі прыгожа
а калі прыгожа не атрымліваецца ну і хер з ім
важна каб заўжды заўжды перамагалі
таму што наш клуб ІЗРАІЛЬ 
 
трэцяя паласа
 
я заўзею за клуб РАСІЯ
я хачу каб нашыя заўжды перамагалі
хачу каб мы перамагалі прыгожа
а калі прыгожа не атрымліваецца ну і хер з ім
важна каб заўжды заўжды перамагалі
таму што наш клуб РАСІЯ 
 
чацвёртая паласа
 
у новым выпуску
з намі
заўзятары клубаў
 
АМЕРЫКА ГРУЗІЯ
КІТАЙ і БЕЛАРУСЬ

Сыходзіць мой хіт-парад, і апошні яго прадстаўнік – шырока вядомы, але ці ўсе ведаюць, што ён не проста рок-паэт, аўтар слоў да музыкі, але ж і проста паэт – Лявон Вольскі? Гэта літаратар у трэццім пакаленні, аўтар дзвюх кніжак вершаў, якія чытаюцца вачыма – я не чытаю іх публічна. Вельмі іранічны і таленавіты, як і ва ўсім.
 
 
Лявон Вольскі
 
НЯСПРАЎДЖАНАЕ ПРАДКАЗАНЬНЕ
 
Стаялі мы сярод бярозаў
Сярэднярускай паласы.
Ты прадказала мне з пагрозай,
Што пасякуцца валасы.
 
Жыцьцё дарыла нам удары
Сярод пагоркаў і палёў:
Пасеклі маскалі татараў,
Пасеклі немцы маскалёў,
 
Пасеклі дровы дрывасекі,
Пасекла градам ураджай.
Татары зьехалі да Мэккі,
І немцы сталі ад’язджаць.
 
Мы ўсё сядзелі ды стагналі,
Нам неставала хараства…
А маскалі пабудавалі
Свой горад з назваю “Масква”.
 
Ляцелі па паветры трэскі
Ад рухаў іх сякераў рэзкіх.
 
Гляджу, як весела сьмяюцца
Татары, немцы, маскалі…
А валасы ўсё не сякуцца,
Хоць дарасьлі ўжо да зямлі.
 
Такая была дзясятка, і нават крышачку болей, з тых вершаў, якія перачыталіся, зачапілі і нейкім незвычайным чынам прадстаўляюць нашых класікаў – жывых і вечна жывых.
 
- Што яшчэ незвычайнага належыць адкрыць у беларускай літаратуры?
 
- Мне здаецца, што ўся наша культура складаецца з белых плямаў. Хтосьці з мудрых, можа, і згаданы сёння Уладзімір Арлоў, сказаў, што галоўнае, чаго не хапае беларускай літаратуры, - чытача. Там ёсць цудоўныя аўтары, тэксты, якімі б ганарыліся ў кожнай краіне, як даўно памерлыя класікі, так і жывыя аўтары. Больш за тое, найбольш таленавітыя з іх, як могуць, імкнуцца дарвацца да чытача. Але ў сярэднестатыстычнага беларуса ёсць комплекс, які, пэўна, закладзены ў нацыянальным характары: што можа быць цікавага ў нас? Вось там, за мяжой, гэта я разумею! Еўропа, Парыж, Нью-Йорк! Што можа быць цікавага беларускага?
 
Калі мы разбурым гэты комплекс, пачнём больш паважаць сябе, то і нас пачнуць паважаць, і намі пачнуць цікавіцца, друкаваць, перакладаць. Тады і навіны з Беларусі будуць не толькі самі ведаеце якія, але і пазітыўныя. Напрыклад: “Беларускі драматург, альбо беларускі паэт, альбо беларускі перформер…” і гэтак далей.
 
Ёсць добрае беларускае слова “кніганоша”. Вось я сябе сёння і ўяўляў такім вось кніганошам: прыцягнуў, паказаў, ну а высновы хай чытачы, гледачы і слухачы робяць самі. Ёсць тут з чаго выбраць для сябе.
-30%
-25%
-50%
-35%
-50%
-10%
-54%
-40%
-50%
-30%