Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

З 25 па 27 чэрвеня каля літоўскай вёскі Нарвілішкес, у якой сотні метраў ад беларускай мяжы, адгрымеў Чацвёрты фестываль музыкі і мастацтва Be2gether. Сярод больш як 60 удзельнікаў фэсту перад шматтысячнай аўдыторыяй выступала ажно чацвёра прадстаўнікоў Беларусі. Упершыню беларусы былі прадстаўлены ў забаўляльнай праграме, а мерапрыемства наведала наша афіцыйная асоба.



Нагадаем, першы Be2gether адбыўся на літоўска-беларускім памежжы ў жніўні 2007-га. Тады яго ўдзельнікамі сталі 30 гуртоў розных кірункаў і стыляў (ад дыска да хэві-металу), сярод якіх былі сусветныя велічыні Bloodhound Gang, The Young Kinives, Morcheeba, Therapy.

“Цягам стагоддзяў Нарвілішкі былі адной вёскай, геаграфічным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага. Яе жыхары маліліся ў адным касцёле, хадзілі да адных могілак. Але з распадам Саюза вёску падзяліла мяжа. Нас аб’ядноўвае шматвяковая гісторыя і традыцыі, і Be2gether можа дапамагчы зноў злучыць людзей”, - тлумачыў ідэю Be2gether стваральнік і генеральны прадзюсар фэсту Гедрус Клімкявічус.

Нарвілішкі, сапраўды, унікальнае месца. З распадам СССР вясковыя касцёл і могілкі засталіся на літоўскім баку. Не дзіўна, што жыхары сённяшняй беларускай вёскі Пяцкуны больш за іншых чакаюць заключэння паміж краінамі дамовы аб малым памежным руху, што дазволіць ім па адмысловай візе наведваць родзічаў за памежным дротам.



Арганізатары па традыцыі стварылі асаблівыя ўмовы для беларусаў. Гэтак уладальнікі квіткоў на фэст (ад 185 да 250 тысяч рублёў) атрымлівалі бясплатныя шэнгенскія візы. Ці не ў першыню беларусы, якія скіроўваліся на фэст, не сустрэлі аніякіх праблемаў з боку беларускіх памежнікаў. Больш за тое, сёлета Be2gether упершыню наведаў афіцыйны прадстаўнік Беларусі - пасол Сінявокай у Літве Уладзімір Дражын.



Дражын быў заўважаны ў кампаніі пасла Літвы ў Беларусі Эдмінаса Багдонаса (злева) ды Гедруса Клімкявічуса (справа), і нават паглядзеў выступ Вольскага.  



На полі ў некалі гектараў раскінуўся намётавы лагер, велізарная паркоўка, канцэртная зона з двума галоўнымі сцэнамі, клубным і танцавальным намётам. Апроч гэтага гледачоў чакалі забавы на любы густ: спорт і мастацкія майстэрні, дызайнерская цырульня, імправізаваны дом шлюбаў, іншыя тэматычныя шапікі і гандлёвыя кропкі. Упершыню на Be2gether з’явіўся своеасаблівы "Беларускі дом", прадстаўлены намётамі культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі” і “Галерэі Ў”. 








 
За тры папярэднія гады ад Беларусі на Be2gether выступалі "Ляпис Трубецкой", IQ48, Drum Ecstasy, N. R. M., Osimira, Tav. Mauzer і The Toobes. Гэтым разам па кольскасці музыкаў беларусы ўсталявалі асабісты рэкорд: Лявон Вольскі, Open Space, CherryVata і Akute.



Першымі з беларусаў у Нарвілішках выступалі адны з лідэраў нашай клубнай сцэны CherryVata на чале з харызматычнай Русяй.



Вольскі прадставіў на сцэне Be2gether песні на вершы беларускіх класікаў з новага сольнага альбому "Белая яблыня грому". У другой палове гадзіннага выступу франтмэн N.R.M разам з новым складам “Крамбамбулі” выканаў старыя і хіты і чатыры новыя песні. Прычым адну з іх - па-французску.





“Цяпер ўзяўся за вывучэнне ангельскай мовы. А тут неяк пацягнула да французскай - я яе ў школе вывучаў. Канечне, тэкст адразу атрымаўся трошкі каструбаваты. Дзякуй Алене Бохан, якая дапамагла падшліфаваць”, - распавёў Лявон пасля выступу карэспандэнту TUT.BY, дадаўшы, што, верагодна, гэта была не апошняя ягоная песня на французскай мове.



Адзначым, што на беларускіх афішах Вольскі быў прадстаўлены сярод хэдлайнераў фэсту. Аднак, на вялікі жаль, за бліскучым выступам беларускага рок-ідала ў першы дзень назіралі ў асноўным беларусы. І тое не ўсе, бо многія яшчэ папросту не паспелі даехаць да фэсту.







“Я тут нічога страшнага не бачу. Звычайная рэч, калі выступаеш за мяжой, дзе пра нас мала ведаюць. Мяне радуе, што было нямала беларусаў і наступным разам будзе больш”, - адзначыў Вольскі, прызнаўшыся, што, як і раней, хвалюецца перад выступамі.

Натуральна, асноўная ўвага наведнікаў фэсту была прыкавана да замежных і літоўскіх гуртоў. Музычную праграму “Be2gether” ўзначалілі:



Skunk Anansie (Вялікабрытанія),



... Empire Of The Sun (Аўстралія),




... WhoMadeWho (Данія),







...Zas (Літва), а таксама Roots Manuva (Вялікабрытанія), "Гайдамаки" (Украіна), Casiokids (Нарвегія), “Рубль” (Расія), Аліна Арлова...


























Фотарэпартаж Кастуся Лашкевіча і Таццяны Пашковіч. Таксама выкарыстаны здымкі zebra.lt і 15min.lt.   
-20%
-20%
-30%
-30%
-50%
-10%
-55%
-16%
-10%
-10%
0066856