Поддержать TUT.BY
69 дней за решеткой. Катерина Борисевич
Коронавирус: свежие цифры
  1. Доллар заметно подорожает на торгах 28 января. Обменники отреагировали повышением курсов
  2. Идет ли на спад вторая волна COVID-19: о чем говорят данные Минздрава и врачи
  3. Макей о «лагерях для острокопытных»: Не верю фейковым новостям, которые исходят из уст оппонентов власти
  4. Geely GS оказался дешевле, но крупнее Coolray. Первый тест-драйв новинки от «БЕЛДЖИ»
  5. Врач рассказывает, когда при коронавирусе пациентам назначают антикоагулянты
  6. «Не подпишешь — премии не увидишь». Письмо профсоюзов по санкциям подписали больше 110 тысяч человек
  7. Глава МИД: Некоторые послы стран ЕС размещают у себя посты конкретной акнтигосударственной направленности
  8. «Понял, что поменял шило на мыло». Три уехавших врача рассказывают, как изменилась их жизнь после выборов
  9. «Я называю это бесчинствующая демократия». Откровения Макея и суды. Что происходит в Беларуси 28 января
  10. Лукашенко о либерализации законов: Произошедшие события остро ставят вопрос: не слишком ли мы увлеклись?
  11. Приговор Верховного суда нельзя обжаловать. Защита Бабарико просит рассматривать дело в нижестоящем суде
  12. С 28 января снова дорожает автомобильное топливо
  13. Как семья из маленькой деревушки спасла 42 животных — на зарплату лесника и пособие по инвалидности
  14. «Сложно найти девушку, не все хотят тут жить». Как айтишник переехал в 120-летний дом на хуторе
  15. «Он держится, и я держусь». Девушка одаренного студента, осужденного на 4 года, ищет ему работу и стажировки
  16. «Меня завезли в отдел, стали избивать». По делу о «коктейлях Молотова» дал показания 16-летний обвиняемый
  17. Опознана одна из девушек, которая часто появляется в окружении Лукашенко. Она тоже срезала ленточки во дворах
  18. Дмитрий Крук назвал сценарии для экономики в 2021 году и угрозы, способные их перечеркнуть
  19. Министр по чрезвычайным ситуациям Ващенко освобожден от должности
  20. В Беларуси повышают минимальные трудовые и социальные пенсии
  21. «Цепкало участвовать не планирует». Экс-представитель штаба Цепкало хочет зарегистрировать партию
  22. Минчанина судят за протест 9−10 августа: бросил цветок в ОМОН, нанес ущерб «Минсктрансу» на 27 тысяч
  23. Подорожают многие продукты и лекарства, обновят базу тунеядцев, повысят пенсии. Изменения февраля
  24. Бегуна из Новополоцка ждет суд за фото с забега Zombie Run. Соседи считают их «исключительно циничными»
  25. «Я одна здесь уже 10 лет». История Галины, которая живет в мертвой деревне. Почти
  26. Конфликт в столичной маршрутке. Водитель хотел высадить пассажира из-за неприятного запаха
  27. «Нет, алкоголем не пахнет вообще». BYPOL опубликовал свое расследование по факту смерти Романа Бондаренко
  28. Журналистов не пустили на суд экс-директора отделения Белгазпромбанка в Могилеве — «ради безопасности»
  29. Руководителей МЗКТ, МТЗ, БЕЛАЗа и других предприятий обвиняют в получении взяток от россиян
  30. Громко хлопают в ладоши. Как белорусов судят по «политической» 342-й статье


Алена Дзядзюля,

Як выглядае беларуская русалка? Чаму без дамавіка хата стаяць не будзе? Што пагражае адзінокім мужчынам ў лесе? Дзе жыве кікімара? На ўсе гэтыя пытанні можна атрымаць адказ у кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры тэорыі і гісторыі культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, дацэнта кафедры культуралогіі прыватнай установы "Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, вучонага сакратара Савета інстытута Ігара Вугліка.

Калі свет быў жывым

Уявіце звычайную вясковую хату. Літаральна на 20 квадратных метрах жылой плошчы побач з гаспадарамі тулілася чарада розных духаў. Найперш хатнік (дамавік), у яго была жонка і дзеці, якіх выдавалі замуж у іншыя хаты. У падпеччы сядзелі малыя гарбатыя скручаныя злыдні ў вялікіх ботах. Пад страхой мог асталявацца хут, які цягаў у хату золата. У хатах, дзе памерлі нехрышчоныя немаўляты, альбо, дзе былі загубленыя дзеці, сяліліся бяскрыўдныя кікімары. У іншых будынках таксама было сваё "насельніцтва": лазнік, пуннік, хлеўнік, гуменнік, еўнік. А яшчэ існавала вялікая колькасць нячысцікаў паўсюднікаў: страхі, хохлікі, шатаны, паралікі, касны, ератні... Асабліва яны актывізаваліся ўначы, таму і чутны былі ўсялякія гукі, грукі. І каб уся гэта вольная нечысць не пранікла ў хату і патрэбны быў дамавік - іншым разам за плетнем грукат - гэта значыць лезе нечысць, а дамавік з ёй разбіраецца. Сваё "насельніцтва" было і на палях, у лясах і вадаёмах. Нават некаторыя хваробы, смерць нашы продкі ўяўлялі ў выглядзе жаночых істот. Увогуле, навакольны свет быў насычаны жыццём, жывымі істотамі, адухаўляліся расліны, камяні, крыніцы, прадметы-фетышы.

- Кельцкія ўяўленні пра гномаў, французскія паданні сведчаць, што ў ХVІII стагоддзі нібыта існавалі цэлыя рэгіёны, дзе ў пячорах жылі міфічныя істоты. Але ў параўнанні з імі на Беларусі, шчыльнасць нечысці (а нечысцю яна зрабілася пад уплывам хрысціянства, раней гэта былі духі, міфалагічныя істоты дома, поля, лесу) была куды большая. Духі жылі паўсюды ў рэчах прадметнага свету, вялікая колькасць самых розных нябачных істот лятала па паветры, - расказвае Ігар Вуглік.

Але, як запэўнівае Ігар Рыгоравіч, з усімі гэтымі сужыцелямі чалавек існаваў ва ўзаемным паразуменні. Асаблівасць беларускіх міфічных істот у тым, што з імі можна было дамаўляцца, альбо ім можна супрацьстаяць, калі ведаць шэраг табу і выконваць адпаведныя магічныя дзеянні. Напрыклад, калі нараджалася немаўлятка, на вокнах ставілі лялькі - абярэгі ад начніц. Людзі ведалі, што малых нельга купаць у вадзе, што засталася з ночы, бо там сядзяць начніцы. І падобных прадпісанняў хапала на ўсе выпадкі жыцця. Але самы галоўны абярэг ад нягод - сумленнае жыццё. Нават калі чалавек заставаўся сам-насам, ён не мог зрабіць нешта кепскае, бо за ім назіралі розныя істоты, і думаць нельга было дрэнна, бо пры дрэнных думках з'яўляўся чорт. Але міфалогія не толькі выхоўвала, гэта была грандыёзная светапоглядная сістэма. Фактычна досыць працяглы час яна замяняла і філасофію, і этыку. Яна давала адказы на пытанні, хто мы, адкуль мы, навошта мы жывём, адкуль паўстаў і як уладкаваны свет. Пры гэтым адказ быў у цікавых, мастацкіх міфалагічных вобразах. І сучаснаму чалавеку вельмі не хапае гэтага сінтэтычнага, вобразнага, жыццёва сцвярджальнага светапогляду.

- Міфалогію павінна была замяніць, як гэта здарылася ў Еўропе, хрысціянская рэлігія. У большасці пратэстанцкіх, каталіцкіх краін не засталося рэшткаў паганства, яно было досыць рана вынішчана. Але, калі паступова сыходзіць і хрысціянства, чалавек застаецца сам-насам з тымі праблемамі, на якія давалі адказ старажытная міфалогія і хрысціянская рэлігія. І гэта вялікая экзістэнцыяльная праблема, таму цяпер ідуць інтэнсіўныя духоўныя, тэалагічныя пошукі, - заўважае Ігар Вуглік. - У Еўропе назіраецца росквіт акультызму, містыцызму, цікавасць да рэлігій усходу, індуізму, будызму, дзэн-будызму. Цяпер у Германіі значная колькасць насельніцтва верыць у існаванне душ нябожчыкаў, духаў, прывідаў, тое ж адбываецца ў Англіі, Шатландыі. Прычым, чым больш свет тэхнічна развіваецца, тым больш запатрабавана вера ў ірэальнае. Міфалогія, што склалася ў эпоху неаліту, працягвае існаваць, яе элементы захоўваюцца, толькі цяпер яны падаюцца пад рознымі іншымі формамі. У Англіі, Францыі і іншых краінах Захаду месца бога заняў закон, яго слугі - суддзі, паліцэйскія. Паглядзіце замежныя стужкі - яны міфалагізуюцца, надзяляюцца выбітнымі якасцямі. Хто часцей выступае ў якасці галоўнага героя? Паліцэйскі, адстаўны вайсковец (міфалагічны маргінал). Папулярны ў міфалогіі сюжэт, калі герой забівае цмока, трансфармуецца - цяпер у якасці цмока выступаюць злачынцы, прышэльцы - пачвары, той жа Чужы. Месца сакральных персанажаў займаюць спартсмены, прадстаўнікі поп-культуры, музыкі (Э. Прэслі, Дж. Ленан), харызматычныя палітычныя лідары, і не толькі ўсходніх краін (Б. Абама). Свет навакольных прадметаў, тэхнікі, тавараў, таксама пачынае набываць рысы міфічных персанажаў. На механізмы пераносяцца чалавечыя якасці, ім надаецца характар, з імі размаўляюць. Міфалагізаваўся ў якасці матчынага чэрава (міфалагічнай скрыні ў водах) аўтамабіль, пачынае міфалагізавацца камп'ютар, ён ужо амаль заняў месца духа-ахоўніка як праваднік у іншыя вымярэнні.

Хоць я лічу, што найбольш перспектыўнае развіццё неаміфалогіі - гэта ўфалогія, таму што тут ёсць і неабходны зараз навуковы кантэкст.

Што заменіць старажытную міфалогію?


- Уфалогія? Так, гэта не выпадкова, што з развалам СССР выйшла вонкі цікавасць да іншапланецян, барабашак і іншых невытлумачальных аб'ектаў?

- Рухнула вялікая ідэалагічная міфалагічная сістэма, у якой людзі адчувалі сябе больш менш утульна. Яны былі ўпэўненыя, што ім гарантавана хоць нейкая капейка, ведалі асноўныя вехі жыцця. У савецкі час, калі вынішчалася рэлігія, была створана новая міфалогія і рэлігія са сваім раем (камунізмам), святымі месцамі (чырвоны куток, святарны агонь, Маўзалей, Палац з'ездаў), багамі і героямі. Людзі верылі, што вышэйшае кіраўніцтва валодае незвычайнымі магчымасцямі. У творах беларускіх літаратараў таго часу пра Леніна, ён мае рысы ўладара прыродных стыхій, міфалагічнага творцы, там так і пісалася, што як ён нахмурыць бровы - бура пачынаецца. Чалавек імкнецца да нейкай сістэмы, у першую чаргу светапогляднай, у нас - з адценнем ірацыяналізму. І пры знікненні пэўнай савецкай міфалогіі з яе табу і пастулатамі жыцця пачынаецца складаны час. Калі грамадства ідэйна, у тым ліку, у нашым выпадку, міфалагічна не стабілізаванае, наверх вылазяць розныя цёмна-падсвядомыя інстынкты, пачынаецца дэструкцыя маралі.

- Міфалагічныя персанажы - плён фантазіі, альбо за намі сапраўды назіраюць, і нейкія невядомыя істоты актывізуюцца ў пэўныя моманты?

- Сапраўды, у 80-х гадах ХХ стагоддзя пасля аварыі на ЧАЭС неапазнаных аб'ектаў фіксавалася больш. Магчыма, гэта звязана з псіхалогіяй людзей. Калі адбываюцца вялікія падзеі, тэхналагічныя катастрофы, ці значныя бойкі, там збіраецца вялікая энергія, якая можа матэрыалізавацца. Могуць з'яўляцца паранармальныя з'явы. Што гэта - аб'екты знешнія, ці яны з'яўляюцца вынікам нейкай энергетычнай чалавечай дзейнасці, - сказаць складана. Калі мільёны людзей на працягу некалькіх пакаленняў уяўляюць адны і тыя ж вобразы, гэта можа матэрыалізавацца. К. Юнг лічыць, што гэтыя вобразы - архетыпы - пераходзяць і ў генетыку, калектыўнае падсвядомае. Таксама цалкам магчыма, што працяглы час адбываюцца сустрэчы з нейкімі антрапаморфнымі пачварамі. Можа гэта нейкія рэдкія папуляцыі, альбо істоты, якія нараджаліся ў выніку мутацыі. Ёсць і канцэпцыя французскага даследчыка Жака Вале, што вобразы міфічных персанажаў узніклі ў выніку сустрэчы людзей з пілотамі НЛА. Шмат у чым выгляд кельцкіх "шляхетных людзей" - фей і інш. - адпавядае сучасным апісанням, якія даюць сведкі, што бачылі іншапланецян. Старажытныя тэксты, артэфакты сведчаць пра рэчы, якія нагадваюць іншапланетных візіцёраў (працы Э. фон Дэнікена, З. Сітчына).

- А ці сустракаліся з іншапланецянамі нашы продкі?

- Я праглядаў летапісы, збіраў сведчанні, хто што бачыў на нашай зямлі, і трапляў на цікавыя факты, малюнкі. Так, у Супрасльскім летапісе XVІ стагоддзя гаворыцца, што дзесьці ў 1402 годзе на нашым небе з'явілася вялікая, не падобная на звычайную камету, зорка, ад якой ішло прамяністае свячэнне. У Магілёўскай хроніцы гаворыцца, што ў 1701 годзе на небе было тры сонцы, ад двух новых сонцаў адыходзілі промні. На Ляхаўшчыне ў ХVІІ стагоддзі заўважалі "вогненнага чалавека". На малюнку да аповесці XVІ ст. "Александрыя" - "Вавілонскі слуп" можна пабачыць дзве круглыя капсулы з тварамі, ад іх адыходзяць промні. Гэта не надзвычайны факт - у Балгарыі, Грузіі на абразах ХVІІ стагоддзя бачныя выявы талерак. іншапланецян у пэўнай ступені нагадвалі той жа дамавік, калі ён з'яўляўся кудлаты з вялікімі вачыма, якія гараць, шэшкі, паветрыкі, вадзянік. Вонкава блізкі да прышэльцаў хут, вогненны змей. Але прамых сведчанняў, як, напрыклад, у шумерскай міфалогіі, што нейкая істота - Аанэс - спускалася да нас з неба, у беларускай міфалогіі няма. Ды і меркаваць, што багі, міфалогія, рэлігія ўзніклі ад іншапланецян, крыху прымітыўна. Магчыма, у шэрагу народаў, якія ў глыбокай старажытнасці мелі кантакт з іншапланецянамі, прышэльцы ініцыявалі ўзнікненне вобраза багоў. Гэта, мабыць, быў толькі першапачатковы імпульс. Акрамя таго, іншапланецяне, калі яны ёсць і ў іх вераць - не ўсемагутныя багі, пра што сведчаць катастрофы іх караблёў на тэрыторыі ЗША, Мексікі, Кітая, Расіі. Рэлігія - перш-наперш маральная патрэба чалавека ў вышэйшым ідэале, спроба жыць па нейкім вышэйшым законе.

- Ці маглі міфічныя істоты з'яўляцца ў выніку генетычных адхіленняў?

- Раней верылі, што любая хвароба, любое адхіленне - умяшанне нечысці, якая магла, у тым ліку, уступаць у сувязь з людзьмі. Да гаспадынь і дачок мог лезці хатнік (нейкая мяккая лапа гладзіла жанчыну). Чэрці ператвараліся ў чалавечае аблічча і хадзілі, як каханкі мужчыны, да вядзьмарак. Ад гэтай сувязі нараджаліся пачвары, якія збягалі ў лес, рабіліся вадзянікамі, лесунамі.

- А адкуль ўзяліся барабашкі?

- Раней такога персанажа на Беларусі не існавала. Калі ў хаце рэчы пачыналі рухацца самі па сабе, лічылася, што гэта вяселле дамавікоў. Але памяць пра іх сышла, таму ўзнік новы персанаж. 

Традыцыйная паганская міфалогія - рэч вельмі ўстойлівая, бо забяспечвае сувязь чалавека з блізкім бытавым асяроддзем. На Беларусі яшчэ і сёння могуць пераносіць дамавікоў з адной хаты ў іншую, вераць у іх, альбо прыбягаюць да дапамогі ката, які будзе ганяць злых прывідаў, ці вераць у душы продкаў, хоць за савецкім часам міфалагічнае мысленне ў нашай краіне шмат у чым змянілася. Наогул, доўгі час лічылася, што міфалогіі беларусаў не існуе. А дарэмна. Бо любы народ ствараў міфалогію, зыходзячы са свайго менталітэту. І, каб не згубіць сваю адметнасць сярод іншых насельнікаў свету, усё ж не пашкодзіла б ведаць, якім нашы продкі ўяўлялі свет.

Так, адна з беларускіх адметнасцяў у тым, што нашы персанажы прыземленыя. У нас няма свайго Алімпа, дзе далёка сядзяць багі. Нашы хрысціянскія і паганскія галоўныя персанажы ходзяць па зямлі. Іх можна пабачыць у полі, на ўскрайку вёскі, яны заходзяць у хаты. Нават цяжка сказаць, хто з багоў у нас жыў на небе, акрамя Перуна, Чарнабога, Сонца. Фактычна нашы багі - носьбіты этычных ідэй, сярод якіх на першым месцы працавітасць, паважлівае стаўленне да іншых. У нашых багоў няма ўлюбёнцаў, як, напрыклад, у Грэцыі, дзе Афіна дапамагала Адысею, Гера - Ясону ў значнай ступені па ўласных прыхільнасцях. У нас усё дакладна, нават нячысцікі не караюць людзей проста так. Чалавек ведаў, што яму трэба сябе прыстойна паводзіць, каб не было праблем з дабрабытам, здароўем.

Нашы багі не агрэсіўныя, не экстрэмісцкія. У нас няма бога вайны. Ваяўнічае боства ва ўсходніх славян - Пярун - забівае нячысцікаў. У беларусаў таксама агрэсіўна злы Чарнабог (персанаж цьмяны, магчыма, літаратурны), які насылае чорныя хмары. Але ў нашай краіне існуе шмат паданняў пра войны, міфалагізацыя іх герояў, прычым беларускія міфы і іх дзейныя асобы вылучаюцца сваёй гістарычнай дакладнасцю.

- Наўрад ці ў нас магчымы феномен Раланда, калі не надта заў-важны пры жыцці, адзін са шматлікіх воінаў, становіцца ўзорам еўрапейскага рыцарства. У нашых міфах адлюстроўваюцца рэальныя героі - Вітаўт, Сцяпан Батура, якія падаюцца ў адпаведнасці з іх гістарычнай роляй, - заўважае Ігар Вуглік.

У Беларусі захаваліся "кавалкі" цікавай светапогляднай сістэмы, напрыклад, што душа адна ў чалавека, голуба, пчалы.

- Гэта рэальна адзін крок да тэорыі рэінкарнацыі, індывідуальнага колазвароту, - гаворыць даследчык. - У большасці народаў у міфалагічным менталітэце існавала ідэя цыклізму. Кожным цыклам кіруюць багі, якія паміраюць і нараджаюцца, як Ярыла. Усё круціцца да бясконцасці, канца свету няма. Хаця ў нас быў і міф пра калодзеж з трыма днішчамі - калі трэцяе прарвецца, будзе канец свету. Паганская міфалогія была даволі аптымістычнай, сістэма была заземленая і прагматычна-рэалістычная, калі ўсё грунтавалася на ідэях бесперапыннага шляху жыцця, сувязі з продкамі і нашчадкамі, адвечнай памяці, людзі не рабілі асноўны акцэнт на выратаванне ўласнай душы, а дбалі пра дабрабыт матэрыяльны, які забяспечваў ім добрае існаванне на гэтым і тым свеце.

Народная свядомасць у нас адмаўляла ідэю пекла. Душы ўсіх памерлых жывуць на небе і прыходзяць адтуль у выглядзе дзядоў. Прычым у душ ёсць полаўзроставая дыферэнцыяцыя — вялікія дзяды да нас прыходзяць праз дзверы, а малыя - праз вокны. Ёсць прыгожае беларускае паданне, што, калі чалавек памірае, на небе нараджаецца новая зорка. Ёсць народныя апокрыфы, якія распавядаюць, што пасля смерці душы ідуць да продкаў на неба, а потым усе душы вернуцца ў рай.

У адрозненне ад Еўропы, дзе хрысціянства і паганства дакладна размяжоўвалася, на нашых землях адбыўся іх сімбіёз. Хрысціянскія персанажы ўзялі функцыі паганскіх багоў. Але і паганскі пласт, асабліва гэта тычыцца нячысцікаў, у нас добра захаваўся.

- Ігар Рыгоравіч, а чаму з'явіліся нячысцікі?

- У сусветнай міфалогіі, рэлігіі, за выключэннем індыйскіх асураў, зло - гэта сапсаванае дабро. У беларусаў прынятая хрысціянская канцэпцыя зла, калі Сатана і яго паплечнікі - паўшыя анёлы. Але нячысцікі ў нас у большасці паганскія, іх спецыфіка ў тым, што яны не псуюць душу. Беларускія нячысцікі псуюць вонкавую, фізічную прыроду, напрыклад, могуць зламаць руку, нагу, папсаваць здароўе. Яны рэальныя носьбіты хваробаў і смерці, як напрыклад, Мара, Хвароба, Трасца. Нават прыкладаў пра продаж душы чорту ў нас мала. Чэрці ў нас не фатальныя монстры, а істоты з пачуццём гумару.

- З казак мы ў асноўным ведаем пра Бабу Ягу ды Кашчэя. Ці сустракаюцца гэтыя персанажы ў беларускай міфалогіі?

- Кашчэй - гэта наогул рэдкі для нас персанаж, гэтак жа як і Іван-дурань. У нашых міфах Баба Яга іншая, чым у рускіх, яна жыве ў гушчары лесу, кіруе вядзьмаркамі, ёй носяць душы людзей, хаткі на курыных ножках у нас няма. І кікімара ў нас жыве ў хаце, а ў суседзяў - на балоце. Наогул беларускія казкі досыць спецыфічныя, самыя цікавыя - чарадзейныя, а сярод чарадзейных - гераічныя, бо хутчэй за ўсё раней гэта былі міфы. Вельмі распаўсюджаны ў нас сюжэт пра тое, як герой забівае цмока - тыповы для індаеўрапейскай міфалогіі. Калі міфы сыходзяць, у іх перастаюць верыць і яны ператвараюцца ў казку. Былыя боствы могуць паступова ператварацца ў нечысць. Тая ж Баба Яга - хутчэй за ўсё былая багіня плоднасці - у рускіх казках яна апісваецца, як жанчына з вялікімі грудзямі. Увогуле беларуская міфалогія - арыгінальная сістэма з усімі міфалагічнымі структурнымі кампанентамі. У нас ёсць асноўныя элементы міфалагічнага мыслення, заснаванага на магіі, уяўленнях пра час, прастору, анімізм, татэізм, фетышызм, культ продкаў. Наша міфалогія мае сваю касмагонію, уяўленні пра структуру космасу, прынцыпы яго арганізацыі, сімвалы. Яе адрознівае наяўнасць спецыфічных багоў, якія маюць іерархію. Беларуская міфалогія мае істотную паганскую і хрысціянскую дэманалогію, персанажы якой дзеляцца на нячысцікаў вышэйшых і ніжэйшых, культурнай, маргінальнай, прыроднай прастор, нячысцікаў-паўсюднікаў.

Няхай Дракула адпачывае

- Як вы ставіцеся да таго, што зараз аб'явіўся Зюзя Паазерскі, ці трэба так рабіць?

- Гэта трэба было даўно ўжо зрабіць, прычым варта "раскручваць" сваіх персанажаў і ў поп-культуры. Што бракуе беларускай міфалогіі - гэта адсутнасць сюжэтаў. Менавіта таму, што грэчаская міфалогія была багатая сюжэтамі, яна такая папулярная. Але тое-сёе можна стварыць (як у эпасе "Калявала"). Думаю, і беларусам гэтым трэба заняцца, каб увесці міфалогію ў літаратуру і мастацтва. Бо міфалагічныя вобразы архетыпічныя (гэта ўстойлівыя матывы, якія праяўляюцца ў розных формах у розныя эпохі), звязаны з падсвядомым этнасу. Людзі атаясамліваюць сябе з імі, імкнуцца быць на іх падобнымі. Калі гэтага няма, у культурную прастору наносіцца ўсяго з розных канцоў, што руйнуе ментальнасць. Мы захапляемся прывабнымі замежнымі кіношнымі вобразамі, а ў нас дзясяткі некранутых сваіх персанажаў.

- І каго можна так раскруціць, каб завабліваць турыстаў, як на таго ж Дракулу?

- У нас шмат агульнага з еўрапейскімі ўяўленнямі пра вампіраў. Толькі наш аналаг - вупыр - не такі крыважэрны. Распавядалі, што ён не абавязкова прыходзіў смактаць кроў. Напрыклад, гэта муж-нябожчык заходзіў ўначы да жонкі, жыў з ёй, а потым сыходзіў (выдатная сюжэтная канва). У нас не было такіх гісторый як, напрыклад, у Расіі, дзе расказвалі пра праклятыя вёскі, пакусаныя вупыром (людзі, якіх укусілі, становяцца вупырамі). А змагаліся ў Беларусі з гэтымі істотамі ўсё тымі ж класічнымі спосабамі: лавілі іх на святло (хавалі за заслону запаленую свечку, калі заслону ўначы рэзка прыняць, вупыр становіцца бачны, і яго трэба адлупцаваць асінавым паленам), забівалі ў іх мёртвае цела асінавы кол.

Наша праблема - адсутнасць эпасу, эпічных герояў. Чуў пра спробы зрабіць аднаго такога героя - Машэку. Але які з яго герой? Гэта бандыт ці істота, якая жыла ў пячоры. З рэальных гістарычных персанажаў у нас найперш увагі заслугоўвае князь Вітаўт. Прычым ён трапіў у фальклор: перад смерцю ён нібыта сказаў, што калі людзям дрэнна, яны павінны яго паклікаць, і ён паў-стане і прыйдзе на дапамогу (яго смерць - сон, падобна на стан караля Артура). Неяк людзі вырашылі праверыць і дарэмна паклікалі Вітаўта, чым угнявілі яго. Шмат у Беларусі жаночых персанажаў, з якімі звязана каханне і смерць. Гэта трагічныя вобразы, пачынаючы з Ефрасінні Полацкай, Рагнеды, Барбары Радзівіл і шматлікіх радзівілаўскіх князёўнаў. А колькі ў нас у легендах шэкспіраўскіх сюжэтаў! Напрыклад, ёсць паданне пра князёўну Дрыву, якое звязана з беларускай поўначчу, дзе распавядаецца пра трох братоў, што яе кахалі. І тая, каб абраць сабе жаніха, паставіла ўмову, каб браты пабіліся паміж сабой насмерць. Любы ёй застаўся жывы, але адмовіў Дрыве, пасля чаго яна ўтапілася.

Перспектыўныя для мастацкага асваення нашы казачныя героі: Іван Кабылін сын, Каці-гарошак, Івашка Мядзвежае вушка, Кірыла Кажамяка. Сярод трагічна-змрочных постацяў магчыма вылучыць Бутрыма Няміру, які зрабіў струны скрыпкі з вантробаў маладога Стаўры, да якога мела прыхільнасць яго жонка; князя Алелькавіча Слуцкага, чый замак з выспай знік пад вадой; Оштарпа з Дукоры, які замураваў за замах на сябе дзяўчыну ў нішу сцяны; некаторых Радзівілаў.

Нават ёсць паданні накшталт Папялушкі: пра брата, які кахае сваю сястру, якая бяжыць ад яго на той свет, дзе ён знаходзіць яе па чаравічку. У нас шмат папулярных у міфах інцэстуальных сюжэтаў. Напрыклад, як маці з дачкой сустракаюць сваіх кінутых дзяцей, братоў і прапаноўваюць жыць разам...

Ігар Вуглік упэўнены, што на Беларусі можна назбіраць касавых сюжэтаў на любую аўдыторыю. Прычым гэта могуць быць як станоўчыя выхаваўчыя персанажы, так і прынады на аматараў, якія любяць наварочаныя сюжэты і жахліўчыкі. І навошта нам гэтыя вампіры, дракулы? Калі ёсць такі попыт на монстраў, дык іх і ў Беларусі хапае.

Многае з таго, што мы зараз пераймаем з іншых краін, існавала на нашых землях, толькі пад іншымі назвамі і з мясцовым каларытам.

У нас ёсць і гномы (гарцукі), андрагіны (Купала, Лада), багі тыпа Дыяніса (Ярыла, Купала), асілкі, кентаўры (злы Кумяльган і добры Вазіла).

Наша дэманалогія багатая на каларытныя жаночыя вобразы. Цікавы такі персанаж, як лойма - жанчына, якая ператвараецца ў вялізную жабу, пужае людзей. Часам - гэта прыгожая аголеная дзяўчына, якая чапляецца да адзінокіх мужчын у лесе, але, як толькі завядзе, распаліць да кахання, выслізгвае з абдымкаў і знікае. Ля вады, лічылася, можна сустрэць бяскрыўдную расамаху - голую жанчыну з распушчанымі валасамі, якае трымае на руках немаўля (па павер'ях гэта жанчына, якая забіла сваё дзіця і сама ўтапілася). А з зачараванай жанчынай людзі лётаюць і бачаць розныя краіны.

У нас вялікая колькасць паданняў пра русалак - адны з іх бавяць час у лесе і любяць гушкацца на галінках, другія бадзяюцца па нязжатых палях, трэція (азёрніцы) жывуць у вадзе. У беларусаў русалка - маладая прыгожая дзяўчына з доўгімі валасамі зялёнага, чорнага, русага колеру. Вочы ў яе халодныя, скура празрыстая. Беларуская русалка абавязкова з нагамі, з хвастамі толькі азёрніцы. У нас ёсць мужчыны-русалкі, ёсць кампаніі жудасных старых русалак. Русалкі жывуць з вадзянікам, але ён вельмі брыдкі (з вялізным жыватом, тонкімі нагамі з перапончатымі пальцамі), таму і шукаюць русалкі сабе мужоў - чапляюцца да мужчын і казычуць іх да смерці. Супраць іх толькі адзін сродак - наставіць іголку, шпільку ім у вочы. Досыць перспектыўныя для апрацоўкі ў масавай культуры нашы татэмістычныя персанажы - вуж, які ператвараецца ў хлопца, жыве з жонкай, мае дзяцей; мядзведзь, які таксама, згодна казцы, жыве з жанчынай і мае нашчадка-героя. Асобна трэба адзначыць ці не найбольш папулярнага ў міфах ваўкалака. Падаецца, што цікавасць для пісьменнікаў могуць уяўляць ваўкалакі, ператвораныя ў ваўка ведзьмаком (асабліва вясельны поезд). Увогуле любоўныя, шлюбныя ўзаемадачыненні міфічных персанажаў і людзей - плённы абшар для мастацкіх апрацовак.

Яшчэ адна асаблівасць беларускай міфалогіі ў тым, што ўсе гэтыя персанажы, нават нячысцікі, падобныя на людзей. Чым далей пэўная істота сялілася ад жытла чалавека, тым больш яна прыродаморфная. Таму самыя пачварныя - балотнік, багнік і аржавеннік - жывуць у балотах. Можа, з-за свайго страшнага выгляду яны і не маюць жаночай пары.

Нават у лесуна ёсць жонка, з якой ён крадзе ў людзей немаўлят і выхоўвае іх, у той час як сваіх уласных дзяцей яны праганяюць.

У паганскай міфалогіі можна назбіраць персанажаў на ўсе выпадкі жыцця. І нават вызначыць сярод іх галоўных. Напэўна, сярод станоўчых персанажаў адным з галоўных мог бы быць Бялун, бацька Перуна. Праўда, гэты дзядзька крыху сабе на розуме — ходзіць босы і просіць добрага чалавека ўцерці яму нос, а пасля пачынае смаркацца золатам. На Беларусі пра багатых казалі, што яны з Белуном пасябравалі. А сярод адмоўных персанажаў на ролю галоўнага можа прэтэндаваць Кадук, што сядзіць у балоце, яму служыць нечысць, носіць маленькіх дзяцей, якіх ён з'ядае, каб перапыніць род чалавечы...

Адным з галоўных абаронцаў роду ад нячысцікаў у часы паганства быў Чур. Сярод арыгінальных беларускіх бостваў, якія звязаны з сямейнай абраднасцю - бог шлюбу Любмел, апякунка дзяўчат Дзявоя, з якой развітваюцца напярэдадні вяселля. А што за дом без хатніка? Народная фантазія добра папрацавала над яго характарам і звычкамі. Хатнік не любіць масак, люстэрка, смеху, сварак, п'янак, бруду ў доме, яго вызначаюць характэрныя ўзаемадачыненні з членамі сям'і...

На жаль, пакуль мы не ўсведамляем, якое гэта багацце і як ім карыстацца. А падаваць нашу міфалогію можна "пад рознымі соусамі". Гэта можа быць як проста смачны аўтэнтычны пачастунак для замежных турыстаў, які аздобіць знаходжанне ў нашых сядзібах і базах адпачынку, альбо выбуховы кактэйль з новых вобразаў і сюжэтаў, які можна прынесці ў літаратуру, мультыплікацыю, фантастычныя фільмы.

- Раскрутка такіх персанажаў - прыбытковая рэч. Нам бы свайго пісьменніка накшталт Толкіена, які апрацаваў кельцкі фальклор, і можна ствараць творы такія ж цікавыя і папулярныя, - заўважае Ігар Вуглік. - Краін, дзе захавалася старажытная міфалогія, вельмі мала, у Еўропе гэты пласт культуры вынішчаны яшчэ 200-300 гадоў таму. Гэта істотная этнакультурная экзотыка.

Калі яшчэ гадоў 20 таму кнігі па міфалогіі беларусаў не выпускаліся, дык сёння з'явілася навукова-папулярная і вучэбная літаратура, сярод якіх і кнігі Ігара Вугліка ("Міфалогія беларусаў", "Асновы міфалогіі. Курс лекцый" у дзвюх частках).

-20%
-35%
-10%
-15%
-40%
-10%