24 чэрвеня 2010 года спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, члена Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыіі, гісторыка, эканаміста, педагога Івана Ігнатавіча Краскоўскага (1880-1955).

Ураджэнец вёскі Дубічы Бельскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Польшча), сын святара, Іван Краскоўскі сярэднюю адукацыю атрымаў у Вільні – тагачасным цэнтры культурнага і грамадска-палітычнага жыцця Беларусі.

Вучоба ў Варшаўскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце супала па часе з уздымам нацыянальнай свядомасці і пашырэннем рэвалюцыйных ідэй сярод насельніцтва нацыянальных ускраін. Іван Краскоўскі далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху, быў вылучаны сябрамі-аднадумцамі дэлегатам на І студэнцкі сацыялістычны з’езд. За ўдзел у антыўрадавых студэнцкіх выступленнях быў выключаны з універсітэта.

Дыплом аб заканчэнні гісторыка-філалагічнага факультэта па гісторыка-эканамічнай спецыяльнасці атрымаў у Пецярбургскім універсітэце.

З 1907 па 1914 год І. Краскоўскі жыў і працаваў у Вільні: выкладаў у прыватных гімназіях гісторыю, геаграфію, рускую мову, шмат увагі аддаваў грамадскай рабоце.

Падчас Першай сусветнай вайны І. Краскоўскі разам з сям’ёй пераехаў у Кіеў, дзе адразу далучыўся да працы, звязанай з аказаннем дапамогі насельніцтву, пацярпеламу ад вайны, паспяхова спраўляўся і з адказнай работай у якасці камісара Галіччыны (1917), з утварэннем Украінскай Народнай Рэспублікі працаваў у дзяржаўных установах на розных пасадах, у тым ліку прадстаўніком УНР у Грузіі.

У 1921 годзе І. Краскоўскі вярнуўся ў Вільню, уключыўся ў беларускую грамадска-палітычную працу, быў старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта. Пасля захопу Вільні генералам Жалігоўскім дзеячы Беларускага і Літоўскага нацыянальных камітэтаў былі арыштаваны польскімі ўладамі і дэпартаваны ў Коўна.

У 1922 годзе І. Краскоўскі па запрашэнні Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Бацькаўшчына” пераехаў у Латвію для ўдзелу ў нацыянальна-культурнай адраджэнскай працы латышскіх беларусаў і для стварэння першай дзяржаўнай беларускай гімназіі ў Дзвінску (зараз Даўгаўпілс).

Здымкi павялiчваюцца



Пасведчанне Паўнамоцнага Прадстаўніцтва СССР у Латвіі, выдадзенае на імя І. Краскоўскага на пераезд яго і сям’і з Латвіі ў Мінск. 1925 г.

У 1925 годзе І. Краскоўскі ў выніку так званага Беларускага працэсу быў безпадстаўна абвінавачаны ў здрадзе дзяржаўным інтарэсам Латвіі і разам з некаторымі яго калегамі аб’яўлены персонай нон-грата.



І. Краскоўскі. Дзвінск. 1925 г. Здымак зроблены вучнямі Дзвінскай беларускай гімназіі ў дзень ад’езду ў СССР.

Па афіцыйным запрашэнні Паўпрэдства СССР у Латвіі І. Краскоўскі ў 1925 годзе пераехаў у Мінск, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю: выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, з’яўляўся правадзейным членам Інбелкульта, а з утварэннем Беларускай акадэміі навук – навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі, быў абраны членам прэзідыума Дзяржплана БССР.



Сям’я Краскоўскіх (злева направа, сядзяць): Валянціна Сямёнаўна Краскоўская (жонка), дачка Людміла, Іван Ігнатавіч Краскоўскі, сыны (стаяць) Сяргей, Мсціслаў. Мінск, 1927 г.



Фрагмент трагедыі У. Шэкспіра “Гамлет” у перакладзе на беларускую мову І. Краскоўскага. Машынапіс і аўтограф. Каля 1929 г.



Пасведчанне Савета народных камісараў БССР, выдадзенае І. Краскоўскаму ў тым, што ён з’яўляецца членам прэзідыума Дзяржплана пры СНК БССР. 1927 г.

У 1929 годзе І. Краскоўскі быў запрошаны на працу ў Маскву ў Дзяржплан СССР, але ўжо 8 ліпеня 1930 года арыштаваны па так званай справе “Саюза вызвалення Беларусі” і згодна з пастановай АДПУ ад 10 красавіка 1931 года высланы на 5 гадоў у г. Самару, дзе працаваў у розных установах.

1937 год прынёс новы арышт. Да сакавіка 1940 года І. Краскоўскі знаходзіўся пад следствам і без суда быў вернуты ў Куйбышаў. З 1941 па 1945 гады настаўнічаў у сярэдняй школе ў Мелякескім раёне Куйбышаўскай вобласці, пасля вайны таксама займаўся педагагічнай працай.



Працоўны спіс І. Краскоўскага за 1929-1949 гг.

Пасля цяжкой хваробы і смерці жонкі І. Краскоўскі на некаторы час пасяліўся ў Доме інвалідаў у Вялікай Ракоўцы, што на Куйбышаўшчыне, дзе толькі пісьмы, часам пасылачкі ад дачкі ды некалькіх старых знаёмых, у тым ліку Вольгі і Уладзіміра Пігулеўскіх з Рыгі, падтрымлівалі, сагравалі, не давалі зусім адчайвацца ўжо немаладому, хвораму, адзінокаму чалавеку (сыноў ён страціў яшчэ раней за жонку). Сітуацыя ўскладнялася тым, што Івану Ігнатавічу ніяк не ўдавалася атрымаць дазвол на выезд у Чэхаславакію да дачкі – адзінага блізкага і дарагога яму чалавека, якая вучылася, а потым жыла там з пачатку 1920-х гадоў.

Нарэшце ў 1953 годзе дазвол быў атрыманы і І. Краскоўскі выехаў у Братыславу. Але радасць спаткання была нядоўгай – 23 жніўня 1955 года скончыўся зямны шлях гэтага неардынарнага чалавека, надзеленага разнастайнымі талентамі, але якім, на жаль, у сілу пэўных неспрыяльных абставін, так і не суджана было раскрыцца ў поўнай меры.



І. Краскоўскі ў парку Бойніцкага замка Славакія. 1953 г.

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разам з архівамі вядомых беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва зберагаецца і асабісты архіў І. Краскоўскага, што быў перададзены ў дар бібліятэцы яго дачкой, Людмілай Іванаўнай Краскоўскай, у 1967 і 1990-х гадах.

TUT.BY – рукапісы не гараць…

Таксама чытайце:

Рукапісы не гараць. Гаўрыла Гарэцкі

Рукапісы не гараць. Язэп Дыла

Рукапiсы не гараць. Кандрат Крапіва 

Рукапісы не гараць. Юрка Гаўрук

 
-20%
-10%
-40%
-20%
-50%
-20%
-15%