Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

У чарговай "серыі" "TUTэйшых ў свеце" мы распавядзём пра лёс чалавека, які нарадзіўся на Беларусі, пачынаў пакарэнне прафесійных вяршынь на Захадзе
Леў Уладзіміравіч ШЧЭРБА (Лев Щерба)

Нарадзіўся 3 сакавіка 1890 г. у Ігумене (Расійская імперыя).

Памёр 26 снежня 1944 г. у Маскве (СССР).
і зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё рускай мовы і мовазнаўства ў цэлым. Сёння імя Льва Шчэрбы добра вядома ўсім, хто мае якое-кольвек дачыненне да філалогіі.

Памылка ў біяграфіі

Большасць крыніц дагэтуль называюць месцам яго нараджэння Пецярбург. І гэта тыповая рэч. Часцяком людзі, якія з’явіліся на свет ў мястэчках і правінцыйных гарадках тагачаснай Расійскай імперыі, у далейшым лічылі за лепшае пра іх не згадваць. Ці гэта за іх маглі вырашаць біёграфы, сваякі, паплечнікі…

Як бы тое ні было, Леў Шчэрба нарадзіўся не ў Пецярбургу, як паведамляе большасць сучасных крыніц, а ў старажытным беларускім горадзе Ігумен Мінскай губерні - тым самым, які бальшавікі потым пераймянуюць у Чэрвень. Сям’я Шчэрбаў прыехала ў Ігумен з Пецярбургу па накіраванні. Ягоны бацька Ўладзімір Сцяпанавіч быў інжынерам, маці Кацярына Валяр’янаўна да замуства вучылася на жаночых педагагічных курсах.

На жаль, больш пра першыя крокі будучага навукоўца нічога невядома. У 1898 годзе хлопец скончыў з залатым медалём 2-ю гімназію ў Кіеве, куды пераехала сям’я, і паступіў на прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Праз год чарговы пераезд. Гэтым разам - на радзіму бацькоў у Пецярбург, дзе Леў працягвае навучанне ўжо на гісторыка-філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. З самага юнацтва ён марыў стаць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры і цяпер мэтанакіравана спраўджваў мару.

Моўны шлях 

Пачаўшы з псіхалогіі, Шчэрба наведвае лекцыі легендарных лінгвістаў - Шахматава і Сабалеўскага. Ягоным навуковым кіраўніком становіцца прафесар Бадуэн дэ Куртэнэ - адзін з найбуйнейшых тэарэтыкаў мовазнаўства 19-20 стагоддзяў. Менавіта ён і рэкамендуе таленавітаму выпускніку (за работу "Психический элемент в фонетике" Шчэрба атрымаў залаты медаль) застацца працаваць на сваёй кафедры параўнальнай граматыкі і санскрыта.

Здаўшы магістарскія іспыты, Леў Шчэрба выпраўляецца ў трохгадовую камандзіроўку ў Еўропу. Здзіўленыя? У тагачаснай Расійскай імперыі то была звычайная рэч. Вывучае граматыку, параўнальна-гістарычнае мовазнаўства і фанетыку ў Лейпцыгу, Парыжы, Празе. У Паўночнай Італіі ён даследаваў тасканскія дыялекты, у Нямеччыне - мужакаўскія дыялекты лужыцкай мовы. Прычым наш зямляк меў своеасаблівы падыход да вывучэння моў. Гэтак, не разумеючы ні слова на мясцовым дыялекце, ён пасяліўся ў сялянскай сям’і ў ваколіцы горада Мужакаў і за двое восеньскіх вакацый засвоіў мову, якой потым і прысвяціў доктарскую работу (1916).

Замежныя штудыі вызначылі далейшы накірунак ягонай навуковай дзейнасці. Па-першае, ён звярнуў асаблівую ўвагу на даследаванне ролі гутарковага маўлення, першым прыйшоўшы да высновы, што жывая мова існуе ў асноўным у форме дыялогу. Па-другое, адной з цэнтральных праблем ягоных даследаванняў стала дзвюхмоўе. Па-трэцяе, папрацаваўшы ў парыжскай лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі, Шчэрба даказаў неабходнасць вывучэння фанетыкі як самастойнай навукі, надаўшы тэрміну "фанема" сучаснае значэнне.

Жыццё па-за жыццём

Пасля вяртання ў родныя палестыны Льва Шчэрбу абіраюць прыват-дацэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта, з якім і звязаны ўвесь ягоны далейшы лёс. Паралельна даследчык актыўна ўлучаецца ў выкладчыцкую дзейнасць, чытаючы курсы па мовазнаўстве, граматыцы, фанетыцы, рускай і старажытнаславянскай мовах, латыні, старажытнагрэцкай, французскай, ангельскай, нямецкай...

Абсалютна дзіўная рэч. Калі чытаеш ягоную біяграфію, складваецца ўражанне, што наш герой жыў ва ўласным свеце, ізаляваным ад наваколля. І гэта пры тым, што адбывалася гэта ці не ў самы складаны перыяд гісторыі: Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, Грамадзянская вайна, сталінскія рэпрэсіі, Другая сусветная вайна... Шчэрба ўсяго гэтага нібыта не заўважаў. Гэтаксама, як гэтыя падзеі міналі Шчэрбу.

Гэтак, у 1916 годзе ён становіцца прафесарам кафедры параўнальнага мовазнаўства Петраградскага ўніверсітэта. У 1920-х - нязменным старшынём Лінгвістычнага таварыства, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі фанетыстаў, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, рэдактарам зборніка "Русская речь"… У 1930-х арганізоўвае на філфаку ўжо Ленінградскага ўніверсітэта кафедру фанетыкі, працуе ў кіраўніцтве Арфаграфічнай і Дыялектычнай камісій АН, рэдагуе падручнікі па граматыцы, складае слоўнікі...

1941 год. Эвакуацыя. Пераезд у далёкі Налінск. Гэта не спыняе Льва Ўладзіміравіча, які актыўна супрацоўнічае з перавезенымі з Масквы інстытутамі, піша знакамітыя "Теорию русского письма" і "Основы методики преподавания иностранных языков", якія так і засталіся няскончаныя. У 1943 годзе Леў Шчэрба вяртаецца ў Маскву ўжо акадэмікам АН СССР і з галавой занураецца ў навуковую, педагагічную і арганізацыйную працу ў разнастайных інстытутах і камітэтах.

У жніўні 1944-га Шчэрба моцна захварэў. Праз чатыры месяцы чалавека, які зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё псіхалінгвістыкі, лексікаграфіі і фаналогіі і якому належыць неўміручая фраза "Глокая куздра штеко будланула бокра и курдячит бокрёнка", не стала.



У праекце "TUTэйшыя ў свеце" мы распавядаем пра людзей, без якiх гiсторыя сусветнай цывiлiзацыi была б няпоўнай. TUTэйшыя — легендарныя постацi, якiмi ганарацца на розных мацерыках i кантынентах, паходзяць з беларускiх этнiчных абшараў, хоць (за невялiкiм выключэннем) нiколi не атаясамлiвалi сябе з Беларуссю. Найчасцей iхнiя каранi звязваюць з Расіяй, Польшчай, Лiтвой цi Ўкраiнай. Галоўная таму прычына — беларусы аформiлiся як "народ дзяржаўны" пазней за суседзяў. Больш за тое, працэс нацыястварэння ў нас не завершаны i дагэтуль.

- Цуда-доктар з Беластоку.
- Беларуска - алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi - прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф’янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка
-
Ліцвінскі элін - герой Грэцыі
- Як гродзенец стаў фінансавым геніем амерыканскай мафіі
- Як местачковец з-пад Мінска стварыў тэлерадыёіндустрыю ў ЗША
- Як слонімскі гандляр стаў сімвалам Брытанскай імперыі
-25%
-27%
-25%
-25%
-22%
-10%
-19%
-8%