23-га сакавіка ў тэатры імя Янкі Купалы пройдзе прэзентацыя новага праекта знанага беларускага музыкі Лявона Вольскага "Белая яблыня грому". 12 кампазіцыяў новай плыткі – "амузычаныя" вершы беларускіх класікаў – ад Яна Чачота праз Янку Купалу і Пятруся Броўку да сучасніка Рыгора Барадуліна.

На беларускім партале TUT.BY праект ідзе ў масы: толькі наведвальнікі нашага парталу мелі магчымасць праверыць свае вакальныя дадзеныя і заспяваць лепш за Вольскага. Тыдзень таму мы прапанавалі вам песню на верш Пятруся Броўкі "Пахне чабор" у арыгінальным выкананні Лявона, а да яе – дзве мінусоўкі. Вашыя варыянты кампазіцыі ўсё яшчэ прымаюцца на адрас spievy@tut.by. Больш за тое, напярэдадні канцэртнай прэзентацыі дыска прапануем усім вам прэзентацыю чарговай песні і чарговы "мінус". Але і гэта яшчэ не ўсё – да ўсяго вышэй названага мы прыкладаем майстар-клас ад аўтара праекта, музыкі Лявона Вольскага.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Скачать видео (114 Мб)

Канцэрная прэзентацыя вымагае шмат часу і сілаў на бясконцыя рэпетыцыі. Добра вядома, што вы выступаеце звычайна з NRM альбо з "Крамбамбуляй". З кім вы граеце на гэтай прэзентацыі?

Зараз у нас амалоджаны склад. Прыходзьце на канцэрт – пазнаёміцеся. Музыкі досыць вядомыя у вузкіх колах. На бас-гітары грае Алесь Мышкевiч, басіст гурта “Без білета”, прафесійны, вельмі вясёлы хлопец. На бубнах грае малады чалавек з Віцебску – Сяржук Штэндэр. На гітары – Павел Траццяк, які таксама грае ў JMors. На другой гітары грае Алег Гарус.

Зорныя музыкі ў вас?

Зорныя музыкі і ў нас будуць зорныя хіты. З Аляксандрам Памідоравым мы выканаем рэп, такую чытку на верш “Немец” Францішка Багушэвіча. Дарэчы, дзядзька Рыгор (Прым. – Барадулiн) так ўзрушаны – як гэта можна было з гэтага верша зрабіць песню. На самой справе, найпрасцей было зрабіць с вершаў Багушэвіча, бо яны адразу кладуцца на рэп. Як толькі я прачытаў ягоныя вершы - адразу стала зразумела, што для рэпа гэта - самае тое. Ды, ўвогуле, і метал можна зрабіць.

А як праходзяць рэпетыцыі?

Рэпетыцыі праходзяць штодзённа, весела.

Ваш праект незвычайны. Ці падрыхтавана адпаведная незвычайная прэзентацыя?

Прыходзьце і пабачыце. Безумоўна, усё будзе надзвычайна. Звычайна намагаемся, каб не было “адбыцця нумару”.

А можаце нейкія сакрэцікі раскрыць?

Будзе задзейнічана тэатральная пляцоўка. Мы апошнія канцэрты дэкаравалі залу, якая б яна ні была. Нават бяздушны КЗ “Мінск” ператварылі ў Калядны лес. А тут мы пагуляемся з прасторай. Зробім, каб было максімальна цёпла, будзе інтэрактыў, пытанні з залы. Будзе экран, і на некаторыя песні пакажам слайд-шоў.

Нейкія спецэфекты будуць?

Будуць. Але я не буду казаць зараз. А то раптам не атрымаецца… Усё ж такі мы – не Рамштайн. Фаер-шоў не будзем выкарыстоўваць - нам гэта пакуль што не патрэбна.

Чаму абраныя менавіта гэтыя вершы? Ад “абмузычвання” якіх вершаў было найцяжэй адмовіцца?

Не давялося ні ад чаго адмаўляцца – толькі ад Крапівы.

Чаму? Нічога не знайшлі?

Не пайшло мне. Для меня нічога не выплыла.

На якіх вершах вы вырашылі спыніцца? На Барадулінскіх?

Там даволі шырокі спектр – 12 паэтаў. Нават Ян Чачот – незаслужана забыты. Песня будзе – “Заснаванне Вільні” – пра гісторыю заснавання нашай колішняй сталіцы. Гедымінам яна была заснавана недзе ў 1312 годзе. Пра легенду, як ён спаў, сасніў сон, ваўка. Усе павінные ведаць пра гэта.

Потым Міцкевіч, якога раздзіраюць на шматкі розныя нацыі. Але ён нарадзіўся ў нас і лічыўся ліцьвінам – так раней зваліся беларусы.

А Барадуліным усё сканчаецца. Праходзіцца праз савецкую плойму пісьменнікаў, таксама незаслужана забытую, бо яны савецкія, лізаблюды і г.д. На самой справе, ў іх шмат цікавых лірычных вершаў пра каханне. У Панчанкі – грамадзянская лірыка. Я ўзяў верш – “Мала сказаць ненавіджу” – нешта ёсьць ў ім сакраментальнае. Гэтыя ўсе творы і без музыкі значныя і таленавітыя.

Па якім прынцыпе вы іх выбіралі?

Без прынцыпу. Проста ўзяў зборнік, пагартаў. Праўда, давялося шмат працы прыкласці для адбору. Выбіраў тое, што падабалася. Потым наша брыгада пачала супрацоўнічаць з Глебам Лабадзенкам – згаўцам гэтай усёй плыні і, менавіта, творчасці Барадуліна. Усё склалася.

Раскажыце крыху пра сам канцэрт. Вы казалі, што будзе дзве часткі?

Так. Гэта канцэрт у дзвюх дзеях, будзе тэатральная імпрэза. Спачатку презентацыя 12-ці песень “Белай яблыні грому” ў першым аддзяленні. Хачу папярэдзіць, што там будуць прадстаўлены розныя музычныя плыні. Даходзіць нават да хэві-мэталу: верш “У турме” Якуба Коласа выконваем у такім жорскім метале.

Між іншым, у нас да гэтага стылю падыходзіць шмат паэтаў, бо ў беларускай паэзіі, наогул, прысутнічае дэпрэсіўная нотка. Калі каханне – то няспраўджанае, не атрымалася. Той жа “Пахне чабор” – “сэрца баліць, што няздолеў спаткацца”. У Багушэвіча, наогул – “кінулась, крыкнуўшы, у мора яна” – такая песня скандынаўская. Безумоўна, я не браў услаўленне Леніна і г.д. А тыя значныя вершы, якія напісалі беларускія паэты за савецкім часам – яны усё ж такі трывожна-дэпрэсіўныя.

Ці плануеце вы працяг гэтага праекту?

Усе пытаюцца! Яшчэ гэты мы не прэзентавалі. Як толькі гэты запрэзентуем, пачнуцца продажы дыскаў у крамах, спадзяюся – рэгулярныя канцэрты. Тады, можа быць, рука пацягнецца зноў да кніжнай паліцы.

Акрамя таго, гэтай брыгадай мы плануем асвоіць некалькі вектараў дзейнасці. Хацелася б зрабіць, і гэта будзе ў другой частцы канцэрту, вясёлыя сучасныя апрацоўкі народных песень, каб іх можна было паспяваць за сталом і патанчыць. У нас фолькам займаюцца вельмі таленавіта музыкі і вельмі класна. Я люблю і “Палац”, і “Крыві”, і Івана Кірчука. Але хацелася б зрабіць так, как была “двіжуха”, каб быў фольк-панк. Вось выканаем “Куру-шчабятуру”, есьць такая беларуская народная песня, на канцэрце ў другой частцы. Наогул, другая частка – гэта такая “грамучая сумесь”. Там будуць некаторыя мае сольныя песні, якія ніхто не ведае. Будзе адна ўсім вядомая. Не будзе толькі NRMу - каб не пакрыўдзіліся хлопцы.

Чаму вы заспявалі ўвесь гэты праект практычна сольна, акрамя песні “Немец”, у якой мы будзем чуць голас Аляксандра Памідорава?

Дарэчы, хачу яшчэ заанансаваць удзел Ганны Хітрык у другой частцы. Яна будзе спяваць адну сольную песню – “Вера, Надзея, Любоў”. Такая банальная назва, але песня не банальная. Усё, да чаго Ганна мае дачыненне, адразу пачынае квітнець некімі іншымі фарбамі. Я спадзяюся, што яна зменіць гэтую песню.

Ну вось – Ганна Хітрык, Аляксандр Памідораў і…?

Яшчэ – яна прасіла не казаць, але я заанансую – у адной песні мне дапаможа Ганна Вольская, мая жонка.
А, увогуле, усе астатнія песні будзеце спяваць самі?

На дыску – толькі з Сашам Памідоравым, а так я ўсё сам заспяю. Разумееце, мінулы праект быў з безліччу вакалістаў, актораў, якія спявалі мае песні. І мне захацалася зрабіць усё наадварот.

Яшчэ адна адметнасць “Белай яблыні грому”, як вы ўжо сказалі, – гэта разнастайнасць музычных стыляў, у якіх выкананы вершы беларускіх класікаў. Як вызначаўся музычны лёс вершаванай спадчыны?

Вельмі проста. Калі чытаеш верш і нешта глянулася – адразу iдуць нейкія музычныя асацыяцыi. І сама вершаваная палітра вельмі багатая, бо кожны паэт – гэта свой свет, сваё жыццё, сваё светаўспрыманне, нейкія эмоцыі, пачуцці. Таму музычны шэраг выбудоўваецца ў галаве і застаецца ўсё гэта занатаваць на ноты, зрабіць аранжаванне, у чым мне дапамог Павел Траццяк – гітарыст і аранжыроўшчык. Таму тут не было ніякіх праблемаў.
Як бы вам хацелася, каб ваш праект успрымаўся?

Там прысутнічаюць розныя жыццёвыя фарбы на гэтых вершах, якія зрабіліся песнямі. Мне б хацелася каб так разнастайна і ўспрымаўся – як жыццё. Там не ўсе страшна-дэпрэсіўныя песні, але вясёлых – зусім няма. Хаця ў нас есьць розныя вершы, напрыклад у Максіма Танка – іранічныя. Але не напісалася на іх нічога. А напісалася на яго верш “Вецер Радзімы”, такі філасофскі верш.

Цi ўяўлялі вы сабе аўдыторыю, на якую разлічана музыка?

Ніяк не ўяўляў. Гэта зараз вызначыцца праз наведванне канцэртаў і продажы дыскаў. Але, хутчэй за ўсё, аўдыторыя маладая мусіць быць, таму што стылі музыкі сучасныя. Няма нічага архаічнага, акрамя “Заснавання Вільні”. Гэта, можна сказаць, такі мадрыгал.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Скачать видео (4 Мб)

У нас на партале была змешчана мінусоўка “Пахне чабор”. Ці слухалі вы песні, што спявалі нашы наведвальнікі? Раскажыце пра свае думкі.

Я ўсё адслухаў. Пакуль што іх няшмат. Наогул, вельмі цікавая такая задума, хаця гэта складана тэхнічна ажыццявіць: трэба мець тэхнічныя прыстасаванні для запісу, потым усё гэта адаслаць. Але тут ужо напрысылалі, i некаторыя прыслалі нават варыянты. Ужо зараз можна рабіць наступную частку праекту – аддаваць нашаму гукарэжысёру Андрэю Баброўку. Ён усё гэта апрацуе, зміксуе і мы будзем мець такую народную песню – “Пахне чабор”.

Адразу хачу заанансаваць – наступная “мінусоўка” будзе па Купале “Гэй, наперад!”. Калі я пісаў гэту песню, не ведаў, што ёсьць варыянт ад гурта IQ48. Прабачце, IQ! Я зрабіў сваё прачытанне. Яно больш простае. Песня атрымался зусім іншая, жыццясвярджальная, дарэчы, найвесялейшая з праекту. Купала ў 1911 годзе быў такі ўзнёслы, яму верылася ў светлую будучыню. І вершы былі тыпу маніфестаў. Мы вырашылі зрабіць яе ў поп-панку, народу будзе проста спяваць. Таму я прапаную ўсім, хто паўдзельнічаў у “Чаборы”, зараз паўдзельнічаць у гэтай вясёлай песні. Можна спяваць па-рознаму.

Ці не ўзнікала ў вас ідэя пра тое, каб не паўстаць народнай версіі складанкі “Белая яблыня грому” заспяванай народам?

Калі народ пачне актыўна ўдзельнічаць у запісванні сваіх вакалаў, галасоў, безумоўна, можна і народны варыянт стварыць.

Напрыклад, з тых варыянтаў, якія вам дасылалі, на “Чабор” можна шмат чаго выбраць, і калі што-небудзь будзе не так, наш гукарэжысёр усё паправіць. Але праспявана дастаткова роўна і нармальна, з пачуццём. І з гэтага матэрыялу ўжо можна зыходзіць.

Увогуле, колькі версій даслалі?

Пакуль ў раёне 10-ці.

Гэта не так мала.

Наш гукарэжысёр сказаў, што наогул ніхто нічога не дашле. Ён быў упэўнены ў гэтым. Але народ не здаецца. Спявае беларускі народ. Прыемна.

23 сакавіка ў тэатры імя Я.Купалы вы будзеце прэзентаваць ваш новы альбом “Белая яблыня грому”. Запрашайце!

Калі ласка, спадарства, прыходзце на канцэрт. Вы не падманецеся ў сваіх спадзяваннях. У першым аддзяленні пройдзе прэзентацыя новага альбому. Другая, наогул, будзе сапраўдным “кактэлем Молатава” – презентацыя новай ”Крамбамбулі”. Зараз гэта будзе называцца “Лявон Вольскі і Крамбамбуля-бэнд”. Дадасцца духавая секцыя, нарэшце. Скончыцца ўсё на мажорнай вясёлай ноце.

0062760