Поиск людей, пропавших после акций
Что делать, если вас задержали и избили


23 сакавіка ў тэатры імя Янкі Купалы адбудзецца прэзентацыя сольнага альбома Лявона Вольскага "Белая яблыня грому" на вершы беларускіх класікаў. Днямі гэты дыск паслухаў народны паэт Рыгор Барадулін, чый верш і даў назву праекту.

На дыску, які мусіць з’явіцца ў продажы якраз да прэзентацыі, будзе 12 песень, напісаных Вольскім на творы вядомых беларускіх паэтаў XIX-XX стагоддзяў – Чачота і Міцкевіча, Купалы і Коласа, Танка і Куляшова. Кожны з вершаў атрымаў асабістае сучаснае музычнае ўвасабленне. Ёсць тут і рок, і рэп, і нават хэві-мэтал.

Тым не менш Рыгору Іванавічу Барадуліну, які ў лютым адзначыў 75-годдзе, дыск вельмі спадабаўся:

– Гэта вельмі цікавы альбом! Здавалася б, такія вершы, на каторыя немагчыма напісаць. Напрыклад, напісаць на Багушэвіча – гэта толькі Вольскі мог! І якраз яна гучыць, гэтая песня! Наогул песні ўсе меладычныя, запамінаюцца. Ну а што тычыць "Белай яблыні грому"… Не таму, што яна мая – я не з тых, хто толькі сваё любіць… Але мяне дужа ўразіла песня, Лявонаў падыход, меладычнасць песні. Дзякуй яму!

Дарэчы, Лявон Вольскі прызнаецца, што сэнс верша "Белая яблыня грому" разгадваў даволі доўга, нават ужо пасля таго, як напісаў на яго песню:

– Мне здаецца, што гэта гісторыя чалавечага жыцця – ад пачатку да канца. Там, на маю думку, зашыфраваныя розныя этапы – цяжкае ваеннае дзяцінства, юнацтва, першае каханне, маладосць, сталасць... Неяк напачатку стасункі з вершам былі нейкія інтуітыўныя, але, калі тэкст праспяваўся дзесяткі й дзесяткі разоў на рэпетыцыях, неяк прыйшло разуменне шчыгулаў, нюансаў, пра якія казаў Майстар.

Барадулін не пацвярджае і не абвяргае словы музыкі: "Хай кожны па-свойму думае… Гром, з маланкамі і бліскавіцамі – ён жывы! Ён нагадвае дрэва, з гарачымі галінамі, з гарачымі лістамі. Гром – як жывая істота".

23 сакавіка ў тэатры імя Я. Купалы Лявон Вольскі з прэзентацыяй альбома "Белая яблыня грому". Пачатак – 19.00. Квіткі: ад 10 да 80 тыс. Даведка і замова квіткоў: Velcom 655 55 96, МТС 655 55 96, гарадскі 280 15 10, а таксама праз сайт www.soundline.by.
-15%
-7%
-10%
-50%
-30%
-26%
-25%
-40%
-20%
-10%
-40%