Аляксей Вайткун, Алёна Андрэева,

Беларускі партал TUT.BY сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (г. Дзяржынск) абвяшчаюць пра старт праекту “Гэта мы”. У яго межах мы будзем публікаваць рэдкія архіўныя фотаздымкі, відэа- і аўдыёматэрыялы пра невядомыя ці малавядомыя старонкі з жыцця краіны і нашых суайчыннікаў. Пачынаем відэааповедам “Невядомы Аўсяннікаў”, пра мэтра Купалаўскага тэатра. Такім яго ведаюць толькі старажылы тэатра.

Генадзь Аўсяннікаў чытае вершы, вяртаецца ў свае ранейшыя ролі і спектаклі, якіх ужо не пабачыць на купалаўскай сцэне. Падгледзьце за артыстам на здымачнай пляцоўцы ці пад час агучвання мастацкіх фільмаў, з калегамі і сябрамі... Пра майстра ўзгадваюць тыя, каго сёння ўжо няма – актрыса Галіна Макарава, пісьменнік Андрэй Макаёнак і іншыя.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


19 лютага мэтр айчыннага тэатра адзначае 75-годдзе. Самабытны, не падобны ні да каго са сваіх калегаў і папярэднікаў, Генадзь Аўсяннікаў у сузор'і Купалаўскага тэатра — асобная зорка. Толькі ён так бліскуча выяўляе на сцэне самыя адметныя рысы беларускага народнага характару, у якім ёсць душэўная дабрыня, спачуванне бліжняму, няспешная дзелавітасць і прыродная здольнасць заўважаць сярод паўсядзённых спраў ды клопатаў самае галоўнае і сутнаснае.

За 52 гады служэння купалаўскай сцэне Г.С. Аўсяннікаў стварыў каля 90 роляў, сярод якіх ролі рускай класічнай і замежнай драматургіі. Сёння артыст плённа заняты ў бягучым рэпертуары: Пранцысь Пустарэвіч (“Паўлінка” Я. Купалы), Ураднік (“Памінальная малітва” Р. Горына паводле Шолама-Алейхема), Шляхціч Завальня (“Беларусь у фантастычных апавяданнях” Я. Баршчэўскага), Сабакевіч (“Чычыкаў” М. Гогаля), Васіль (“Вечар” А. Дударава), Ураднік (“Хам” Э. Ажэшка). Народны сакавіты гумар, арганічнасць і дакладнасць выканання, уменне стварыць псіхалагічна непаўторны малюнак ролі – найважнейшыя праявы прафесійнага майстэрства артыста.

У 1974 годзе Генадзю Аўсяннікаву прысвоена ганаровае званне “Народны артыст Беларусі”, у 1991 – “Народны артыст СССР”. За выкананне галоўнай ролі Мурашкі ў камедыі “Мудрамер” М. Матукоўскага Генадзь Аўсяннікаў становіцца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1988 г.). У 1995 – плённая творчая праца акцёра адзначаецца медалём Францыска Скарыны. У 2006 годзе ён уганараваны прэміяй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка”. У гэтым жа годзе ўручаны ордэн Францыска Скарыны. У 2008 годзе артыст адзначаны спецыяльнай Прэміяй прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

21 лютага ў гонар артыста на Вялікай сцэне Купалаўскага тэатра будзе паказаны спектакль “Вечар” Аляксея Дударава, у якім Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў выконвае галоўную ролю. А пасля спектакля адбудзецца ўрачыстае віншаванне юбіляра.

На фота: Генадзь Аўсяннікаў у ролі Шляхціца Завальні (“Беларусь у фантастычных апавяданнях")

Беларускі партал TUT.BY шчыра дзякуе Беларускаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў (г. Дзяржынск) за прадстаўленыя матэрыялы.

1. “Мастацтва Беларусі”, 1980 г., рэж.: А. Чакмянёў, аператары: Ю. Гарулёў, Ул. Цяслюк, к/ст. “Беларусьфільм”.
2. “Кандрат Крапіва” (байка “Дыпламаваны баран”), 1-я ч., 1983 г., рэж. М. Купеева, апер.: Ул. Цырткоў, к/ст. “Беларусьфільм”.
3. “Першая сцэна”, 2-я ч., 1990 г., рэж. Д. Міхлееў, апер. Ю. Плюшчаў, к/ст. “Беларусьфільм”.
4. “Такой вот Овсянников (Геннадий Овсянников)”, 1990 г., рэж. Б. Берзнер, апер. У. Швяцоў., “Беларускі відэацэнтр”
 
-39%
-10%
-15%
-15%
-10%
-10%
-20%
-50%
-50%