Кастусь ЛАШКЕВІЧ, Максім ГАЙКО,

фотоСярод шматлікіх мерапрыемстваў XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша "Кнігі Беларусі-2010" значнай падзеяй у літаратурным свеце стала прэзентацыя зборніка выбранай паэзіі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Перакуленае/Опрокинутое”.

Кніга, укладальнікам якой стаў вядомы журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран, пабачыла свет у маскоўскім выдавецтве “Время” на дзвюх мовах — па-беларуску з паралельным перакладам на расійскую.

“У гэтай кнізе сабрана лепшае з лепшага, створанае Барадуліным. Нібыта перад святочным сталом і высокім юбілеем Рыгор Іванавіч робіць творчую “справаздачу” за ўсё жыццё, — распавёў пра кнігу старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. — Да таго ж у гэтай кнізе сабраныя і лепшыя перакладчыкі беларускай паэзіі на блізкую нам расійскую мову. Ігар Шклярэўскі, Іван Бурсаў, Аляксандр Дракахруст, Якаў Хелемскі, Валянцін Тарас, Вікторыя Бохан…”

Дарэчы, недзяржаўны Саюз беларускіх пісьменнікаў, на які апошнім часам абрынулася новая хваля дзяржаўнага ўціску, не ўпершыню выступае партнёрам расійскага выдавецтва “Время”. Дзякуючы іх кааперацыі выйшлі ўжо 8 з 14 запланаваных тамоў Поўнага збору твораў Васіля Быкава, пяцітомны збор твораў Святланы Алексіевіч…

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Скачать видео (30 Мб)


“Чаму у вас такі выбар беларускіх аўтараў?” — нярэдка пытаюцца ў мяне, намякаючы на іх апазіцыйнасць, — кажа дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак — У нас адзіны крытэр выбару аўтараў — якасць твора. Што да адносінаў паэта і цара, яны нас зусім не цікавяць. Больш за тое, я задумаўся, а ў каго з вялікіх паэтаў былі добрыя адносіны з уладамі?”

“Барыс сказаў, што тыя, каго яны выдаюць, — апазіцыя для нейкіх уладных структур. Думаю, для літаратуры гэта не страшна, нават звычайная ва ўсім свеце з’ява, — пачаў свой выступ лаўрэат Дзяржпрэміі паэт Генадзь Бураўкін. — Страшна для ўлады, што яна знаходзіцца ў апазіцыі да сапраўднай літаратуры”.

Дарэчы, ніводнага прадстаўніка дзяржструктураў на прэзентацыі кнігі народнага паэта Беларусі не было, хоць усяго ў 10 метрах месціўся велізарны стэнд Міністэрства інфармацыі, ля мікрафона якога рэгулярна з’яўляліся дзеячы праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Паводле Пастэрнака, Барадулін — “вялікі паэт”, а ягоная творчасць — той рэдкі выпадак, калі мова стварае маўленне. “І руская, і беларуская размоўная мовы апошнім часам страчваюць каларыт, прымітывізуюцца. Рыгор Іванавіч з шэрагу тых, хто сам ствараў і выкарыстоўвае багатую, насычаную народную мову. Прыведзеныя ў кнізе паралельна з беларускамоўнымі вершамі іх рускамоўныя пераклады даюць магчымасць зразумець, наколькі сапраўды багатая паэтычная мова”, — адзначыў галоўны дырэктар выдавецтва “Время”.

Блізкі сябар Рыгора Барадуліна, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Сяргей Законнікаў адзначыў, што “кожная творчая асоба — непаўторная, але Барадуліна можна назваць “непаўторна непаўторным”. “Такога чалавека, які б вывеў прыгажосць нашага слова на завоблачны ўзровень, яшчэ не было. Мы з цеплынёй і пашанай ставімся да Купалы і Коласа, але, разглядаючы сённяшні перыяд, лепшага за Барадуліна ў нас не было”, — прызнаўся Законнікаў, дадаўшы, што “непаўторнай мовай сваёй паэзіі чараўнік беларускага слова Барадулін умацоўвае нашу дзяржаўнасць”.

На жаль, сам Рыгор Іванавіч, які 24 лютага адзначыць 75-гадовы юбілей, на прэзентацыі быць не здолеў. Усяго за некалькі дзён да гэтага ён выйшаў са шпіталя, куды трапіў другі раз за кароткі час. “Троху падрамантавалі сэрца, абяцалі, што яшчэ трошку працягну… Я думаю, што працягну яшчэ, яшчэ хочацца пажыць… Ёсць такія моманты, што, здаецца, усё надакучыла – а ўсё-ткі падумаеш, дык другі раз жа жыць не будзеш…” — падзяліўся паэт у інтэрв’ю Еўрарадыё.

14 лютага ўвечары Рыгора Барадуліна зноў шпіталізавалі — у рэанімацыю лякарні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта з двухбаковай пнеўманіяй. 

TUT.BY жадае Рыгору Іванавічу як мага хутчэй паправіцца, каб вярнуцца дамоў ды сустрэць юбілей у коле родных і блізкіх! 
-10%
-50%
-10%
-10%
-11%
-45%
-15%
-10%