Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Сёння ў Беларусі апроч Мінска з’явілася яшчэ адна сталіца. Найстаражытны горад краіны Полацк атрымаў статус першай “Культурнай сталіцы Беларусі”. Урачыстае адкрыццё доўгатэрміновай акцыі, у межах якой цягам году адбудзецца каля 60 культурных мерапрыемстваў рознага маштабу і накіраванасці, прайшло сёння ў полацкім Палацы культуры з удзелам міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі.

Фотафакт. Па Полацку з Уладзімірам Арловым>>>


Легендарны Сафійскі сабор у Полацку.

"Акцыя "Культурная сталіца Беларусі" прызначана зрабіць даступнымі лепшыя дасягненні нацыянальнай культуры для жыхароў усіх гарадоў і раёнаў Беларусі, - заявіў міністр культуры Беларусі Павел Латушка ў Полацку на цырымоніі падпісання плана мерапрыемстваў па правядзенню рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца 2010 года", перадае БЕЛТА. - Мэта гэтай акцыі - паказаць, што кожны горад, кожны раён Беларусі можа стаць культурнай сталіцай". Ён таксама адзначыў, што лічыць неабходным выдзяляць дадатковае фінансаванне на пабудову культурных аб'етаў у такіх гарадах.

Рашэнне ўвесці статус культурнай сталіцы Беларусі Павел Латушка ўпершыню агучыў на прэс-канферэнцыі ў кастрычніку мінулага года. Пазычыўшы досвед у еўрапейцаў, якія штогод ладзяць культурныя марафоны ў еўрапейскім маштабе, беларусы недарма спыніліся менавіта на Полацку. Першы беларускі горад, які за 862 годам згадваецца ў летапісе і дзе ўладарыў першы беларускі князь Рагвалод. Горад, славу якога ў крывавых бітвах здабываў магутны і містычны Ўсяслаў Чарадзей. Месца, якое напаўнялі духоўна-асветным сэнсам Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі... Апроч гэтага, па словах Латушкі, перавага была аддадзена Полацку яшчэ і таму, што тут "асаблівыя адносіны да захавання гістарычных каштоўнасцяў і памнажэнню духоўнай спадчыны".

У суверэнныя гады Полацк трымае бясспрэчнае лідэрства ў імправізаваным спісе “самых беларускіх гарадоў Беларусі”. З году ў год тут свядома і паслядоўна праводзіцца ў жыццё палітыка беларусізацыі: вуліцам вяртаюць спрадвечныя і надаюць гістарычныя назвы (гэтак, пазалетась вуліцу Леніна перайменавалі ў Ніжне-Пакроўскую, а праспект Карла Маркса летась - у Францыска Скарыны), услаўляюць помнікамі герояў нашай нацыянальнай гісторыі, захоўваюць і аднаўляюць архітэктурныя перліны, адчыняюць музеі.

Пісьменнік, гісторык і адзін з найлепшых знаўцаў Полацку Ўладзімір Арлоў лічыць, што гэта “прадыктавана самой логікай гісторыі, бо менавіта з Полацку пачынаўся беларускі радавод, культура і дзяржаўнасць”.

На думку аўтара кнігі-бэстсэллера “Таямніцы полацкай гісторыі”, разгадка ў тым, што Полацку пашанцавала на мэра, які, апроч усяго іншага, піша вершы. “Тандэм Уладзіміра Тачылы, які ўзначальвае гарвыканкам апошнія 10 год, і нязменнага дырэктара Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Міколы Ільніцкага, які, на жаль, ужо ў лепшым свеце, зрабіў для горада неацэнна многа. Кажуць, што многа гадоў назад яны далі адзін аднаму слова, што кожны год будуць адчыняць у горадзе новы музей ці помнік. Гэта падобна на фантастыку, але так яно і было! - распавядаў мне спадар Уладзімір, які нарадзіўся і да паступлення ў БДУ пражыў у Полацку. - Калі б не яны, наўрад ці, у горадзе з’явіліся б помнікі Ўсяславу Чарадзею, Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму. Гэтаксама, як і студэнты Полацкага ўніверсітэта і Полацкая мастацкая галерэя, наўрад ці, пераехалі б у старажытныя муры колішняй Полацкай езуіцкай акадэміі”.

Менавіта ў Полацку створаны першы ў Беларусі Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае ў сябе цэлых дзесяць (!) музеяў: Краязнаўчы музей,
Уладзімір Арлоў ля помніка Еўфрасінні Полацкай у Полацку. Фота К.Лашкевіча, TUT.BY
Уладзімір Арлоў ля помніка Еўфрасінні Полацкай
Музей беларускага кнігадрукавання і Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Прыродна-экалагічны музей, Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Музей баявой славы, Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Дзіцячы музей, Музей Героя Савецкага саюзу Тусналобавай-Марчанка, стацыянарную выставу "Прагулка па Ніжнепакроўскай", мастацкую галерэю. Купляючы квіток у адзін з іх, вы аўтаматычна атрымліваеце пропуск ва ўсе астатнія.

Лыжка дзёгцю ў бочцы пазітыву


Праўда, бочку полацкага пазітыву летась разбавілі лыжкай дзёгцю. На пачатку студзеня на цэнтральнай плошчы горада адкрылі помнік ў гонар перамогі Расіі ў вайне 1812 года супраць Францыі. Усё б нічога, але паводле даных гісторыкаў, каля 50 тыс. беларускіх рэкрутаў удзельнічалі ў той вайне на расійскім войску і блізу 25 тыс. - у Вялікім войску Напалеона. Агулам жа, ахвярамі канфлікту сталі каля мільёну жыхароў Беларусі. Заміж таго, каб ушанаваць памяць усіх загінулых беларусаў, полацкія ўлады вырашылі ўзнавіць помнік, які “падкрэслівае каланіяльны вобраз Беларусі ў складзе Расійскай імперыі”, падзяліўшы памяць пра суайчыннікаў на “сваю” і “чужую”. Пратэсты грамадскасці і аўтарытэтных экспертаў, што, праўда, нягучныя, засталіся непачутымі.

Вяртанне Скарыны і опера ля Сафіі


Цікава, што ў мінулыя гады Ўладзімір Арлоў не аднойчы выказваў спадзеў, што “спраўдзіцца прагноз Паўла Глобы, і ў XXI стагоддзі сталіца Беларусі пераедзе ў Полацк, які, па сутнасці, з’яўляецца культурным і гістарычным цэнтрам краіны”. Прагноз спраўдзіўся. Прынамсі, часткова.

Ужо сёння пасля ўрачыстага "асвячэння" культурнай сталіцы ў Полацку адбудзецца выступ Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" і ансамбля "Класік-Авангард". У гарадской Мастацкай галерэі адкрыецца выстава літаграфій Напалеона Арды з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Што ж чакае палачанаў і гасцей года ў далейшым? Як паведамілі ў Мінкультуры, цягам года ў Полацку адбудзецца каля 60 мерапрыемстваў нацыянальнага і рэгіянальнага маштабу, сярод якіх:

- выстава кніг Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Музеі беларускага кнігадрукавання;

- выстава карцін Івана Хруцкага да 200-годдзя творцы, а таксама выстава сучасных беларускіх мастакоў;

- канцэрт салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета "Шэдэўры опернага мастацтва каля сцен старажытнай Сафіі";

- частка канцэртаў падчас традыцыйнага "Славянскага базара ў Віцебску".

Фінішуе культурны марафон ў Мінску выніковай прэзентацыяй Полацка як культурнай сталіцы. Тамсама мы даведаемся і назву наступнай культурнай сталіцы Беларусі.


Тры факты, якія вы маглі не ведаць пра Полацк
 

Полацк з’явіўся раней за 862 год

Як распавёў у інтэрв’ю TUT.BY доктар гісторыі, прафесар Беластоцкага універсітэта Алег Латышонак, нягледзячы на тое, што ў "Аповесці мінулых гадоў" Полацкае княства ўпершыню згадваецца пад 862 годам, відавочна, што полацкая дзяржаўнасць сягае значна даўнейшых часоў за летапісныя. “Гэтак, у дацкай гісторыі згадваецца, што датчане ваявалі Полацк у 9-м стагоддзі, і нават называецца імя полацкага валадара - Веспасій (Vespasius). Гэта значыць, што наша дзяржава ўжо тады была добра вядомая скандынавам”, - сведчыць гісторык.

Беларускія землі хрысцілі раней за расійскія

Доктар гісторыі, выкладчык універсітэта Паўднёвага Стакгольма Андрэй Катлярчук знайшоў у шведскіх крыніцах доказ таму, што хрост Полацкага княства ўпершыню адбыўся не ў 988-м, а ў 986 годзе. І спрычыніўся да гэтага не крывавы князь кіеўскі Ўладзімір, а ісландскі вандроўнік Торвальд. У Полацку быў пабудаваны храм і кляштар Святога Яна, у якім Торвальд, упадабаўшы горад, застаўся намеснікам. Тагачасныя палачане ўважалі скандынава “сваім вялікім святым”. Загінуў ён, верагодна, у час штурму гораду войскамі вялікага князя Ўладзіміра ля 1000 году.

Крывавы след Пятра

У Полацку ёсць вядомы “дом Пятра”, дзе падчас Паўночнай вайны нібыта спыняўся цар Пётр І. Тады ля Полацку стаяў лагер 70-тысячнага расійскага войска, і 29 чэрвеня 1705 года, акурат на свае імяніны Пётр на пару з Меншыкавым засек чатырох уніяцкіх святароў наўпрост у Сафійскім саборы. Яшчэ аднаго павесілі пасля адмовы перайсці ў праваслаўе. Саму Сафію ператварылі ў парахавы склад, які выбухнуў 1 траўня 1710 г., знішчыўшы святыню да самага падмурка.


Фота аўтара.
-10%
-15%
-15%
-25%
-6%
-50%
-25%
-20%
-10%
-10%
-20%
-10%