фото
Удзельнікі праекту "Тузін. Перазагрузка" інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" і грамадзкай кампаніі "Будзьма беларусамі" з немалым энтузіязмам узяліся за працу. Hair Peace Salon перарабілі “Ice Age” у “Студзень” і вельмі задаволіліся тым, што выйшла. Tanin Jazz зрабілі сваю “My Bаbe” у новай электра-поп аранжыроўцы і цяпер шукаюць аўтараў, каб працягнуць беларускамоўную творчасць, а “Сердце дурака” наогул напісалі новую песьню з прыпевам: “Я няўдалы сын, вам не магу быць родным”.
Праца над першай беларускамоўнай песьняй у гурта Hair Peace Salon заняла некалькі тыдняў. Пару дзён пайшло на ўзгадненьне зь перакладчыкам Віталём Воранавым канчатковага тэксту. Праблема паўстала з вобразам галоўнага героя твору. У арыгінале “Ice Age” апавядаецца пра легенду амерыканскага захаду  Лоўн Рэнджэра - героя фільмаў 30-х гадоў. Для беларускага тэксту перакладчык Віталь Воранаў прапанаваў знайсьці іншы вобраз - беларускага Мірона. Музыканты спачатку ідэю прынялі, а потым перадумалі. “Я ня быў супраць, але з-за таго што Мірона звольнілі, песьня нібы стала на тэму глябальнага пацяпленьня. Ну а cьпеў пра Мірона яшчэ відаць наперадзе”, - зазначыў Віталь. “Справа з запісам пайшла вельмі хутка і лёгка. У беларускім варыянце нашай песьні дадалося яшчэ больш сьвежасьці і яскравасьці. Думаем, што гэта не апошні наш беларускамоўны праект”, - зазначылі вакалісты HPS Алег Вяль і Канстанцін Карман. 
Гурт Tanin Jazz сваю песьню “Му Babе”(у арыгінале - “My Bаbe”) пераасэнсавалі, як з тэкставага боку, так і з музычнага. Адмыслова для беларускага трэку была зроблена іншая аранжыроўка - у стылістыцы электра-поп. “Вельмі прыемна было працаваць зь беларускім тэкстам, - кажа вакалістка гурта Таня Гарошка. - Як па мне, дык выйшла на 10 балаў з 10”. “Нам вельмі падабаецца займацца нечым новым і праект “Перазагрузка” нас вельмі зацікавіў. Настолькі, што мусім сказаць: па-беларуску ў нас яшчэ будзе яшчэ не адна песьня”, - дадае ўдзельнік гурта Сьцяпан Бітус.  Цяпер якраз гурт шукае беларускага аўтара, каб надалей рабіць песьні па-беларуску.
А вось удзел у праекце гурта “Сердце дурака” натхніў музыкаў на запіс першай беларускамоўнай песьні ў іх рэпертуары. Першапачаткова плянавалася, што Цімафей Яравікоў перасьпявае свой галоўны гіт - “Пропасть”, але па выніку ад гэтай задумы вырашана было адмовіцца. “Я разумею ідэю, але гэта ня тая песьня, да якой не магу паставіцца лёгкадумна, - тлумачыць Цімафей. - Да ўсяго я перакананы, што ніводзін пераклад ня можа зрабіць для беларускай нацыянальнай культуры больш, чым твор, што нарадзіўся непасрэдна ў ёй”. Такім чынам, у “Сердца” зьявіцца першы беларускамоўны запіс. Песьня завецца “Маці” і яна абяцае стаць сапраўдным гітом. Цімафей працытаваў адзін з куплетаў з новай кампазыцыі:  “Мне так шкада цябе, я нават не магу//З табою гаварыць тваёю мовай//Нічым табе я, дурань, не дапамагу//Хіба што толькі брудным рускім словам”.

Інтэрнэт-прэзэнтацыя праекту "Тузін. Перазагрузка" адбудзецца ў новым музычным сэзоне на старонках http://music.fromby.net і http://www.budzma.org/
Даведка: У праекце "Тузін. Перазагрузка" інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў" і грамадзкай кампаніі "Будзьма беларусамі" бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам.
Інфармацыйныя партнэры акцыі “ТУЗІН. ПЕРАЗАГРУЗКА”:
Інтэрнэт-партал TUT.BY
Першая прафэсыйная радыёстанцыя байнэту - Netradio.by
Першая беларуская газэта - “Наша Ніва”
Першая беларуская транспамежная FM-станцыя - Радыё Рацыя (98,1 FM у Гародні і Беластоку)
Праграма "Proдвижение" (штонядзелю апоўначы, штосераду апоўдні на тэлеканале “Лад”)
Праграма “Новая зямля” (шточацьвер а 23-ай гадзіне на Радыё Unistar (99,5 FM у Менску, 102,3 FM у Берасьце).
{banner_819}{banner_825}
-35%
-30%
-99%
-23%
-20%
-21%
-20%
-50%
-20%
-70%
0063297