Віктар КОРБУТ,

З гразі паднялі князі


Доўгачаканы МірСвятаполк-Мірскія заняліся рэстаўрацыяй замка ў пачатку ХХ стагоддзя - упершыню ў гісторыі. Шэрая, бо цэментная, цэгла, з якой князі аднаўлялі сцены сто год таму, выразна кантрастуе з чырвонымі мурамі больш даўніх эпох, калі тут гаспадарылі Радзівілы.

- Новыя ўладальнікі вельмі беражліва падышлі да шэдэўра: магчыма, калі б яны не пачалі падымаць замак з руін, сёння да нас гэты помнік дойлідства дайшоў бы ў горшым стане, а то і зусім гарой друзу, - падкрэслівае Надзея Усава, намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па навуковай рабоце. Музей з 1987 года валодае замкам і працягвае вяртаць яму страчаную веліч.

У гісторыі Святаполк-Мірскія вядомыя як выдатныя дзяржаўныя дзеячы: Пётр Дзмітрыевіч займаў у пачатку ХХ стагоддзя пасады віленскага, гродзенскага і ковенскага генерал-губернатара, затым міністра ўнутраных спраў Расіі. Яго пляменнік Міхаіл Мікалаевіч працаваў у пасольствах Расіі ў Вялікабрытаніі, Кітаі, Турцыі, Балгарыі, але затым вярнуўся на радзіму і пачаў рэстаўрыраваць Мірскі замак. Гэтай справе ён прысвяціў усе апошнія гады свайго жыцця - з 1922 да 1938-га.

У той час Мір уваходзіў у склад Польшчы. Польскія навукоўцы да нашага часу з вялікай цікавасцю сочаць за лёсам крэпасці. Не выпадкова таму мястэчка наведалі супрацоўнікі польскага Нацыянальнага камітэта Міжнароднай рады па помніках і гістарычных мясцінах (ІКАМОС) на чале з прэзідэнтам гэтай установы Багуславам Шмыгіным. Мірскі замак у XVI стагоддзі будавалі не толькі мясцовыя майстры, але і спецыяльна запрошаныя з Польшчы, а таксама з Італіі.
 

Другая "Еўропа"

Экскурсію па адноўленых залах "інтэрнацыянальнай" крэпасці, куды не толькі не пускаюць яшчэ турыстаў, але дзе многія супрацоўнікі мастацкага музея, гісторыкі архітэктуры ні разу не былі, праводзіў Дзмітрый Бубноўскі, навуковы кіраўнік рэстаўрацыі замкавага комплексу "Мір", намеснік начальніка архітэктурна-канструктарскай майстэрні № 4 УП "Мінскпраект". У цемры, з ліхтарыкам, праз колішні абарончы вал мы трапілі ў сутарэнні, дзе ў часы Радзівілаў стаялі бочкі з віном і скрыні з прадуктамі.

- Паколькі ва Усходнім корпусе будуць начаваць госці і праводзіцца канферэнцыі, то дзеля камфорту і належнага абслугоўвання ў вале размясціліся ўсе неабходныя тэхнічныя памяшканні, кухня і нават сауна, - папярэдзіў замежных калегаў, здзіўленых сучаснымі элементамі ў замкавым комплексе, спадар Бубноўскі. - Гэтае тэхнічнае начынне спецыяльна размешчана асобна ад асноўнага будынка замка.

Некаторыя гісторыкі, аднак, збянтэжыліся: маўляў, ці не ствараецца ў старажытнай крэпасці замест музея другая гасцініца "Еўропа"? Дзмітрый Сямёнавіч удакладніў:

- Тут усё яшчэ больш дасканала, чым у мінскім гатэлі, а наконт аўтэнтычнасці не турбуйцеся: усе сцены, што дайшлі да нашых дзён, застаюцца цэлыя.

Ліфт у Рэнесанс

Усходні корпус давялося адбудоўваць сям-там не тое што ад першага паверха, а ледзь не з падмурка. У падвале добра відаць, як на камянях, адшліфаваных у эпоху Рэнесансу, вырастаюць калоны, над якімі "распускаюцца" кветкі скляпенняў, якія цалкам выкананы ў даўнім стылі, але ўжо з сучаснай цэглы.

Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, зрабіў заўвагу: навошта ў інтэр’еры аднаго з памяшканняў столь пафарбавалі ўзорамі а-ля маскоўскі Крэмль. Дзмітрый Бубноўскі патлумачыў:

- Гэта італьянскія ўзоры эпохі Рэнесансу. Згадайма, што і Крэмль у сталіцы Расіі таксама будавалі італьянцы, як і многія храмы ў двары рэзідэнцыі маскоўскіх цароў.

Немагчымасць рэканструяваць асобныя паверхі ў адпаведнасці з першапачатковым выглядам дала карт-бланш прыхільнікам мадэрнізацыі будынка - так у замку з’явіўся ліфт.

Шахта ліфта звонку аздоблена чорнай мазаікай. Выглядае эфектна, хаця замежныя спецыялісты такога падыходу не прынялі. Барбара Вернер, член польскага Нацыянальнага камітэта ІКАМОС, так і спыталася ў спадара Бубноўскага:

- Для чэго не бялы тынк? (Чаму не белы тынк?)

Дзмітрый Сямёнавіч адказаў, што ўсё сучаснае ў замку спецыяльна адрозніваецца ад старажытнага выкананнем з іншых матэрыялаў і колераў: ад пакрыцця сцен да драўляных дэталей інтэр’ера.

- Шахта ліфта пакрыта смальтай? -пацікавіўся ўжо я.

- Гэта бізацца, - удакладніў навуковы кіраўнік рэстаўрацыі замка. - Асаблівы від шкла накшталт смальты.

Здалося, што нават замежныя знаўцы чулі пра гэты матэрыял упершыню. Энцыклапедычныя даведнікі ж сведчаць, што бізацца - гэта від шкляной абліцовачнай мазаікі, вынайдзенай італьянцам Рэната Бізацца трохі больш за паўстагоддзя таму. Наколькі мадэрновая вынаходка дарэчы ў старым замку? Пытанне такое ж рытарычнае, як і ўласна наяўнасць у цытадэлі XVI стагоддзя ліфта XXI стагоддзя...

Усё лепшае - з Бабруйска!

Прызнаюся, аднак, што падымацца па вузкіх праходах унутры сцен і доўгіх лесвіцах, што навісаюць над прорвай паміж рознымі ўзроўнямі апартаментаў Усходняга корпуса, дужа цяжка. Уяўляю, якімі натрэніраванымі мусяць быць пакаёўкі, што будуць выконваць заказы гасцей. У такіх варунках, зрэшты, і праяўляецца ўся спецыфіка пагружэння ў мінулае, якую павінна даць госцю пражыванне ў старажытным замку.

Паляжаць на замкавай пярыне ўжо сёння - цалкам рэальна. Для гэтага трэба толькі зняць цэлафанавыя абгорткі з коўдраў і падушак, раскладзеных на ложках у пакоях. 16 нумароў на трох паверхах Усходняга корпуса амаль гатовы да прыёму гасцей.

Рабочыя, якія даводзяць да ладу гатэльныя нумары, з гонарам падкрэсліваюць: амаль усё начынне тут - беларускае. У прыватнасці, мэбля - бабруйская: з дубу, грабу, ясеню, арэху, буку. Выкананая ў старажытных стылях, яна, здаецца, стаяла тут спакон веку.

Людзі, якія прыйдуць сюды, не стомяцца захапляцца: старажытныя муры не затынкаваны, а, наадварот, вылучаюцца ў інтэр’еры чырванню цэглы і шурпатымі камянямі як эфектнымі дызайнерскімі дэталямі. Нават камін у прэзідэнцкім люксе спецыяльна не чысцілі ад сажы: пакінулі яго такім жа, якім ачаг дайшоў ад Святаполк-Мірскіх, што праводзілі тут, відаць, доўгія восеньскія вечары.

Але цяпер вечары зручней бавіць у рэстаране ў стылі мадэрн у сутарэнні. Засталося паставіць пры барнай стойцы бутэлькі з напоямі, а над столікамі запаліць святло - і можна запрашаць гасцей.

З рыцарамі ў дамкі

Пакуль жа ўваход у большасць пакояў Мірскага замка для турыстаў закрыты. Іх пускаюць па-ранейшаму толькі ў адну вежу. Паўночны корпус, дзе мае быць музей, павінен адчыніцца ў 2010 годзе, на момант заканчэння рэстаўрацыі крэпасці. Радуюць толькі рыцарскія двубоі і танцы паненак у строях часоў Радзівілаў у двары замка. Але самае цікавае абяцаецца менавіта ў Паўночным корпусе - у палацы. Я быў тут год таму, і на гэты момант рэстаўратары паспелі толькі аблажыць кафляй дзве печы ў Сталовай зале. Праца ідзе паволі. На жаль... Калі ж замак з рыцарамі выйдзе ў дамкі на турыстычным рынку?

Ад Мінска да Міра - 100 кіламетраў, максімум паўтары гадзіны язды. Калі б гатэль адчыніўся разам з музейнай часткай, замак атрымаў бы намнога большае кола наведвальнікаў і адпаведна прыбытку. Да гэтага эфектнага будынка цікавасць будуць мець не толькі аматары старасвеччыны, але і прадстаўнікі вясельных кампаній, бізнесовых колаў. Усе чакаюць заканчэння рэстаўрацыйных работ у абяцаны тэрмін - праз год.
 
Вернутая святыня
Георгій над Святаполкамі

Пакуль у замку зацягваецца рамонт, адкрылася пасля рэстаўрацыі капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх. На яе фасад вярнуўся і родавы герб князёў з выявамі анёлаў і Георгія Перамоганосца. Унутры падноўлены фрэскі. Са слоў Уладзіміра Пракапцова, вядуцца перамовы з праваслаўнай царквой аб аднаўленні набажэнстваў. Пад капліцай, у пахавальным склепе, упарадкаваны магілы арыстакратаў. Дзмітрый Бубноўскі адзначыў, што рэстаўрацыя выканана на вышэйшым узроўні: "Захавана арыгінальная падлога, часткова дзверы, адноўлены печы, а адна складзена цалкам з кафлі, якую знайшлі ў час абследавання будынка некалькі год таму".
 
Выхад у свет
Браніруйце замак у сябе дома

300 фатаграфій, 50 дакументаў - самая дакладная і аператыўная інфармацыя пра гісторыю, сучаснасць і будучыню Мірскага замка змешчана толькі па адрасе mirzamak.by - на спецыяльным сайце Нацыянальнага мастацкага музея, пра пачатак работы якога гэтымі днямі абвясціла Надзея Усава. Падвялі курсор да вежы замка або да капліцы-склепа князёў на экране - і перад вамі поўны набор звестак пра аб’ект. Спецыяльныя раздзелы створаны асобна для турыстаў, вучоных, бізнесменаў і журналістаў. Якія фестывалі, канцэрты плануюцца ў Міры - шукайце тут. А як толькі пачне працаваць гатэль ва Усходнім корпусе, на сайце можна будзе забраніраваць сабе і нумар у колішняй магнацкай рэзідэнцыі, не выходзячы з уласнага дома. Націснуў кнопку - і месца ў замку табе забяспечана! 
{banner_819}{banner_825}
-20%
-10%
-15%
-50%
-20%
-10%
-31%
-55%
-40%