Хочаце верце, хочаце не — але 28 красавіка народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Бандарэнка спаўняецца 70 гадоў.

Мой тата, Аляксандр Бандарэнка, быў медыкам, хірургам у вайсковым шпіталі ў Мінску. А матулька мая, паляшучка з Лоеўшчыны, звалі яе Марыя, у пошуках лепшай долі збегла ў горад. Там і пазнаёмілася з татам. Адукацыі не мела аніякай. Простая сялянская дзяўчына…

Жылі ў інтэрнаце насупраць чыгуначнага вакзалу. І калі фашысты пачалі з самалётаў прасаваць вакзал, мы — мама на руках з мною, старэйшым дзевяцігадовым маім братам Ігарам — ледзь паспелі дабегчы да падвалу. А тата быў на дзяжурстве. На трэці дзень вайны прыбегла медычка з шпіталю, сказала, што авіябомба трапіла ў аперацыйную і загінулі ўсе, і наш тата таксама. "Ратуйце дзяцей!" І мама, узяўшы мяне на рукі, клуначкі на Ігара і на сябе, пешшу, днём, хаваючыся ў хмызняках, а ноччу ідучы, дабраліся на Лоеўшчыну. А што наш тата? Як высветлілася, наш тата застаўся жывы. Тая бомба не ўзарвалася, проста нарабіла шмат пылу і разбурэнняў. Шпіталь эвакуявалі, тата паспеў забегчы ў інтэрнат, убачыў велічэзную варонку — і вырашыў, што мы загінулі. З шпіталём дайшоў да Берліна. Пасля вайны мы сустрэліся ў Гомелі — а ў яго новая сям’я. Для нас, малых, гэта быў вялікі стрэс…

У школе называлі "артыстка"

Зрабіцца дыктарам мне дапамагла школа. Выкладчыца расійскай літаратуры заўважыла, што я добра чытаю вершы. Параіла ісці ў драматычны гурток. Калі вучылася ў 10‑м класе, захварэла плеўрытам. А я ж марыла паступаць у тэатральны. У школе мяне называлі "артыстка", але, улічваючы складанасці са здароўем, мама падтрымала татаву ідэю, і я апынулася ў медвучэльні. Адразу стала наведваць тэатральную студыю, якой кіраваў заслужаны работнік культуры Сяргей Астравумаў. Калі на Гомельскім тэлебачанні аб’явілі конкурс на дыктараў, ён параіў мне прыйсці. Было многа прыгожых маладых жанчын і дзяўчат. Выбралі мяне.

Масква і нацыянальная ідэя

Хоць я ўсё жыццё пражыла ў горадзе, але самыя дзіцячыя гады (тое ж ваеннае ліхалецце) правяла сярод вясковых людзей і мае назіранкі за гэтымі людзьмі пакінулі глыбокія ўражанні. Я па тых дзіцячых гадах і не здагадвалася, што такое нацыянальная ідэя. Але яна ў мяне паціху спела. Крышку "дапамагла" Масква. Калі я ездзіла на запісы, імкнулася падаваць нашу краіну на беларускай мове. Памятаю, калі прадстаўляла Беларусь у Кіеве на Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў, людзі, пачуўшы нашу мову, апладзіравалі стоячы. А я стаяла шчаслівая з слязьмі на вачах. На Беларускім тэлебачанні, нават у Гомелі, тады ўсе дыктары размаўлялі з экрана па‑беларуску. Асабліва калі Белтэлерадыё ўзначальваў Генадзь Бураўкін.

І раптам усё гэта пачало разбурацца. Я, вядома, не маўчала, гаварыла ўголас. А ў нас, як вы ведаеце, хто не пагаджаецца, той не з імі. Грамадства падзелена, і я не на тым баку апынулася.

Цяперашняе дзяржаўнае тэлебачанне мне нецікавае. Вельмі спачуваю сённяшнім вядоўцам — яны закладнікі рэжыму. І тая бездухоўнасць, пошласць, гвалтоўнасць, што пануюць на так званых беларускіх каналах, адштурхнулі нашага гледача. Большая частка насельніцтва глядзіць вымушана, бо не мае выбару, глядзіць і крытыкуе — гэта я ведаю дакладна.

Сям’я і мары

Наперадзе лета. Шчыра кажучы, мару адпачыць, бо мінулая зіма была напружаная. Былі невялікія праблемы і з здароўем. Для мяне лета — гэта лецішча, клопат пра кветкі, пра мае любімыя ружы. Мая сям’я цяпер складаецца з трох чалавек: я, сын і муж. Старэйшага, Сашу, мы згубілі ў 42‑гадовым узросце, адмовіла сэрца.

Мы былі асветнікамі

Пазнаюць! Але даўней, як працавала на тэлевізіі, пазнавалі больш. Надаралася і падыходзілі, гутарылі. Пра што? Ды пра самае рознае. Пра тое ж самае тэлебачанне. Яно тады было зусім іншае. Мы ж былі асветнікамі.

Запісаў Уладзімір Содаль


Такой яе запомніла нацыя.


Гомельскае тэлебачанне. 1960 г.


Ідуць працоўныя Ленінскага раёну сталіцы…
Зінаіда Бандарэнка і Уладзімір Шаліхін вядуць рэпартаж з першамайскай дэманстрацыі.


Так гэта выглядала доўгія гады.


Сын — страта, якая ніколі не перабаліць.


Былыя дыктары ў гасцях.

{banner_819}{banner_825}
-10%
-15%
-50%
-20%
-20%
-21%
-70%
-20%
0063385