Ларыса ЦIМОШЫК,

Наша анiмацыя заваёўвае не толькi сваiх, але i людзей у iншых краiнах

Заваёўвае сваiх — гэта праверана на ўласным вопыце. Я нават прапанавала б дзень, калi ў нас можна было ўбачыць новыя працы беларускiх анiматараў, лiчыць вялiкiм святам, прычым не толькi дзiцячым. Ёсць за што.

Эпiзод 1, эпiчны

Анiмацыйны фiльм "Аповесць мiнулых гадоў" карысна глядзець любому беларусу, незалежна ад узросту. Ды цiкава, як высвятляецца, не толькi жыхарам нашай краiны, але i за яе межамi. Напрыклад, на прэстыжным фестывалi анiмацыi ў расiйскiм Суздалi наша "Аповесць" заняла другое месца! Пры тым, што пра гiсторыю нашай зямлi яна распавядае на беларускай мове — i нават суседзi зразумелi.

Гэты праект ажыццяўляе на "Беларусьфiльме" мэтр беларускай мультыплiкацыi Ігар Волчак, якi згуртаваў вакол сябе групу майстроў, каб у вельмi даходлiвай манеры распавесцi гiсторыю гербаў нашых гарадоў. Ёсць ужо тры часткi гэтага мультсерыяла, а першая расказала пра гербы Мiнска i абласных гарадоў. "…У сярэднявечнай Еўропе рыцарскiя знакi адрознiвання сталi называцца гербамi… На тэрыторыi Беларусi першыя гарадскiя гербы з’явiлiся ў сярэдзiне XVI стагоддзя". I далей — пра Мiнскi абраз Божай Мацi, магiлёўскую рысь, брэсцкую стралу… Столькi ведаў атрымлiваеш за такi кароткi час — вось што значыць сiла мастацтва, якое ствараюць сапраўдныя чараўнiкi: у "Аповесцi мiнулых гадоў" выкарыстаная ўнiкальная тэхнiка пяску.

Эпiзод 2, жартаўлiвы

У той час, калi наша iгравое кiно хварэе на праблему галоўнага героя, у анiматараў яе няма. Калi добра падумаць, то ў беларусаў ёсць сапраўдны народны герой з бiяграфiяй — Несцерка, "у якога дзяцей шэсцерка". Яму прысвечаны кнiгi, спектаклi. А Iгар Волчак прысвяцiў яму яшчэ i анiмацыйны серыял. Чарговая серыя "Як Несцерка з кiрмашу ехаў" была паказана ў Доме кiно разам з iншымi новымi працамi беларускiх мультыплiкатараў. У ёй кемлiвы народны герой з дапамогай свайго ката злавiў мыш, якая наводзiла жах на князёўну, i як ратаўнiк цяпер разлiчвае на яе руку. Засталося для яе здабыць пярсцёнак, пра якi ходзяць легенды… Але пра гэта, верагодна, будзе ў пятай серыi, над якой працуе творчая група Iгара Волчака.

Эпiзод 3, разумны

Пра кемлiвасць беларускага народа разважаў i Мiхаiл Тумеля, калi супрацоўнiчаў з уладальнiкам "Оскара" Аляксандрам Пятровым. Тады i нарадзiлася ў нашага мультыплiкатара iдэя асобнага мультыплiкацыйнага праекта.

— Iдэя праекта "Беларускiя прымаўкi" нарадзiлася далёка адсюль, за тысячы кiламетраў, у Яраслаўлi, калi я ездзiў па Расii разам з Пятровым, — распавядае аўтар. — Са мной была кнiжачка беларускiх прымавак. Калi я яе гартаў, то было вельмi шкада, што шмат якiя трапныя цудоўныя прыклады беларускай мудрасцi засталiся толькi на кнiжных старонках. Iх рэдка можна пачуць ад некага ў гаворцы. Але можна вярнуць ва ўжытак, калi тыя ж прымаўкi перавесцi ў мультыплiкацыю, ды яшчэ стылiзаваную пад тэхнiку беларускай выцiнанкi. Я пазнаёмiўся з цудоўным майстрам выцiнанкi Вячаславам Дубiнкам i ўбачыў шэдэўры, якiя выходзiлi з-пад яго рук. Усе гэтыя пачуццi ў мяне настолькi пранiклi, што з’явiўся праект "Беларускiя прымаўкi". Мастаком-пастаноўшчыкам на iм працавала Ала Мацюшэўская. Вялiкi дзякуй этна-трыа "Тройца", якая прыняла дзейсны ўдзел.

Праект задумваўся як тэлевiзiйны, але пакуль няма дамоўленасцяў "Беларусьфiльма" i тэлебачання наконт яго лёсу — мульцiк жа не танны. Аднак i беларускi фальклор — рэч дарагая. Гэта той момант, калi кажуць: гандаль тут не да месца!

Эпiзод 4, дарагi

Але самае галоўнае наша багацце — гэта таленавiтыя людзi, якiя ствараюць цудоўныя фiльмы. Сапраўды мастацкiя — што "Чароўная лаўка" Алены Пяткевiч, што "Казiная хатка" Марыны Карпавай, якая працавала ў рамках расiйскага (!) праекта "Гара самацветаў". Што тыя, якiя ствараюцца ў Мiнску на незалежных студыях, што зробленыя на "Беларусьфiльме". Жартаўлiвыя, асветнiцкiя, сур’ёзныя, для душы… З душой створаныя — бо акрабатычныя цуды часам патрабуюцца ад аўтара, якi працуе ў складанай тэхнiцы класiчнай перакладкi, як Iрына Кадзюкова. За свае высокамастацкiя i высокадухоўныя мультфiльмы яна неаднаразова была адзначана прызамi на вельмi прэстыжных фестывалях свету. Разам з мастаком-пастаноўшчыкам Дзмiтрыем Сурыновiчам Iрына Кадзюкова стварыла фiльм пра гiсторыю святых Пятра i Фяўроннi.

Аляксандр Ленкiн, аўтар серыяла пра прыгоды хлопчыка-iншапланецянiна распавядае пра сакрэты сучаснай анiмацыi:

— Калi беларуская анiмацыя нараджалася, у нас былi iншыя тэхналогii. А 30 гадоў таму анiмацыя рабiлася ўручную. Ёсць традыцыйная анiмацыя — класiчная перакладка, калi пад станком нараджаецца рух, нейкiя сцэны. (У гэтай тэхнiцы зроблены славуты "Вожык у тумане", у ёй працуе Пятроў, якi атрымаў "Оскара". — Аўт.) Аднак сёння шмат што з’яўляецца ў вялiкай ступенi дзякуючы камп’ютару, у тэхнiцы так званай камп’ютарнай перакладкi, але яна таксама вымагае вялiкага майстэрства.

Анiматары называюць сваё мастацтва самым чароўным i запатрабаваным кiно. Напэўна, яно не ляжыць на палiцах, таму што яго сапраўды хочацца глядзець i пераглядаць. I нездарма ж у многiм дзякуючы працы мультыплiкатараў "Беларусьфiльм" ведаюць у свеце. Вось бы яшчэ ведаць, дзе i калi нашы мультфiльмы паказваюць на радзiме. I не толькi раз на год, падчас прэзентацыi новых прац у Доме кiно.
{banner_819}{banner_825}
-33%
-29%
-15%
-34%
-10%
-15%
-20%
-55%
-10%
-25%