Арцём Багданаў,

У менскім выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшла кніжка дзіцячых вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Выпаў грук у грома з рук”. Тут сабраныя як дзіцячыя вершы мінулых гадоў, гэтак і сёньняшнія вершы Барадуліна для маленькіх, дзе зьяўляюцца такія сучасныя рэаліі, як інтэрнэт, мабільнік, ролікі… Пра кніжку распавядае яе выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

У.Сіўчыкаў: Гэта ня першая кніжка Барадуліна для дзетак - такія кнігі ўжо выходзілі і ў “Юнацтве”, і ў іншых выдавецтвах. І калі я дазнаўся, што ў адным зь дзяржаўных выдавецтваў нават ня некалькі месяцаў, а некалькі гадоў ляжыць рукапіс для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, то з радасьцю прапанаваў перакінуць яго да нас. Так і сталася. Кніжка пад назваю “Выпаў грук у грома з рук” і падзагалоўкам “Вершы, загадкі, лапатушкі, цьвялілкі, бубнілкі, пацешкі чакаюць усьмешкі” якраз днямі пабачыла сьвет.

А вось гэтыя ўсе жанры, якія прыведзеныя ў падзагалоўку, - гэта арыгінальныя прыдумкі дзядзькі Рыгора?

У.Сіўчыкаў: Мне здаецца, што ў большасьці - так. Можа быць, “загадкі” і “пацешкі” можна сустрэць дзе яшчэ. А ўсе гэтыя “бубнілкі” і “цьвялілкі” - я ня чуў, каб нехта называў свае вершы так.

Спадар Уладзімер, наколькі я разумею, у гэтую кніжку ўвайшлі ня толькі вершы дзядькі Рыгора для дзяцей, але й вершы іншых паэтаў, перакладзеныя Барадуліным?

У.Сіўчыкаў: Кніжка сапраўды складаецца з двух разьдзелаў. У першым - уласна аўтарскія, барадулінскія рэчы. А ў другім - ізноў жа, барадулінскія, але гэта, хутчэй, не пераклады зь іншых моваў, а перасьпевы, адвольныя пераказы. Вось, да прыкладу, адна з рэчаў Яна Бжэхвы “Лятучая карова”, як вы можаце здагадацца, пра карову, якая хацела лятаць:

…Аблокі ела ля небакраю,

Удосыць насыціўшыся, сказала:

“Ня птушкай - кароваю быць жадаю” -

І тут жа долу ціхутка ўпала.

Вы скажаце, што нясу несусьвецьце?

А я распавёў, як здарэнне хацела.

Бо ведаю: у жаўруковым павеце

Карова была, што лётаць умела.

Вось гэткім чынам лятучая карова з аднайменнага верша польскага клясыка Яна Бжэхвы загаварыла па-беларуску.

Распавесьці пра ўласныя вершы для дзяцей я папрасіў самога Рыгора Барадуліна.

Дзядзька Рыгор, скажыце, адкуль пасьля “сур’ёзных” кніжак вашых вершаў узялася гэтая кніга для дзяцей?

Р.Барадулін: Разумееце, я неяк увесь час паралельна займаўся дзіцячымі вершамі. Да таго, як мяне перасталі выдаваць у дзяржаўных выдавецтвах, у мяне многа выходзіла дзіцячых кніжак. А цяпер дайшло да таго, што калі ў так званым “новым” Саюзе пісьменьнікаў пералічалі дзіцячых паэтаў, дык мяне нібыта і няма… А я нават рады, што мяне няма ў той кампаніі!.. Я змалку любіў казкі, якія слухаў ад мамы. І вершамі сваімі я практычна гадаваў і дачку, і ўнучку - па сямейнай службе ў мяне дзіцячыя вершы!.. (усьміхаецца)

Дзядзька Рыгор, а ці не было складана Вам прыстасавацца да сучасных рэаліяў і напісаць вершы пра мабільнік, інтэрнэт, ролікі?

Р.Барадулін: Акружаны такімі абставінамі, што воляю-няволяй будзеш падпарадкоўвацца сучаснасьці. Таму што ня толькі ж пісаць пра лапці ды аборы…

А ці пішуцца Вам дзіцячыя вершы цяпер?

Р.Барадулін: Патроху парой прыходзяць у галаву…

На заканчэньне прапаную вам верш Рыгора Барадуліна “Павуціньне” зь ягонай новай кнігі ў аўтарскім выкананьні.

Р.Барадулін (чытае):

Ёсьць павук, нябачны, быццам сон,
Павуцінаю няўлоўны ён.
Абвівае шар зямны з імпэтам.
Той павук завецца інтэрнэтам.
Што было, што ёсьць,
Што будзе ў сьвеце -
Зьвесткі ёсьць пра ўсё ў інтэрнэце.
З дому не выходзячы нікуды
Можаш слухаць птушак, быццам цуды.
Ні пяра ня трэба, ні паперы
Сябру ліст прыслаць. Нячутна ў дзьверы
Грукнецца нябачны пашталён,
Ліст у той жа міг уручыць ён.
Слухай інтэрнэт, чытай, пішы -
Але й сам мазгамі варушы!
-40%
-40%
-12%
-30%
-23%
-30%
-20%