Марат Гаравы,

У мінскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшаў ілюстраваны зборнік "Расстраляная літаратура", складзены з твораў беларускіх пісьменнікаў, якія загінулі ў гады сталінізму, паведаміў БелаПАН дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі.

Зборнік з'яўляецца своеасаблівай анталогіяй беларускай літаратуры першай паловы XX стагоддзя, у якой сабраны творы 66 пісьменнікаў, знішчаных сталінскім рэжымам у 1920—1950 гадах. Кніга прымеркавана да 70-годдзя піка масавых рэпрэсій 1937—1938 гадоў. У зборнік увайшлі творы такіх вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, як Аляксандр Уласаў, Язэп Лесік, Аляксандр Цвікевіч, Антон Луцкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі і Макар Крыўцо, а таксама літаратараў, імёны якіх пакуль не вядомыя.

Зборнік з'яўляецца 45-м томам серыі "Беларускі кнігазбор". Складальнікамі кнігі выступілі кандыдат філалагічных навук Лідзія Савік, кандыдат гістарычных навук Кастусь Цвірка і намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Скобла. Прадмову да кнігі напісаў гісторык Анатоль Сідарэвіч, а каментарыі — К.Цвірка і М.Скобла.

Як зазначыў Г.Вінярскі, падобны да гэтага праект упершыню ажыццёўлены ў Беларусі.
-90%
-50%
-20%
-10%
-26%
-10%
-20%
0071696