Ініцыятыва ўзвядзення музея, у якім мог бы быць сабраны матэрыял аб кожнай нацыянальнасці Іўеўшчыны, узнікла даўно. “Гадоў пяць таму, — гаворыць начальнік аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама Георгій Гагарын. — Гэту прапанову мясцовая ўлада падтрымала. І рэалізаваць задуманае ўдаецца дзякуючы дзяржаўнай праграме “Захаванне і развіццё культуры ў Рэспубліцы Беларусь” на 2006—2010 гады”.
Музей нацыянальных культур стане першым музеем такой скіраванасці не толькі ў Іўі (пра гісторыю гэтага краю раней маглі расказаць толькі краязнаўчыя музеі мястэчак раёна, а таксама гурткі ў сельскіх школах), але і ў рэспубліцы. Каб не будаваць новы будынак для музея, вырашана адрэстаўрыраваць стары. “Гэты дом у 1929 годзе будавалі іўеўскія яўрэі для гасцініцы, пасля вайны тут была школа, — гаворыць Георгій Гагарын. — Знешне будынак добра захаваўся, а вось унутры патрэбны капітальны рамонт”. Каб усё ў ім давесці да парадку, спатрэбіцца час і немалыя сродкі. Паводле слоў спецыяліста, на рэстаўрацыю і набыццё патрэбнай для музея тэхнікі будзе выдаткавана каля 2 мільярдаў рублёў.
Акрамя клопату пра ўтульнасць, стваральнікі музея зараз думаюць, як бы глыбей прадставіць чатыры найбольш масавыя нацыянальнасці Іўеўшчыны. Паводле апошняга перапісу насельніцтва 1999 года, у раёне колькасць беларусаў ад усяго насельніцтва складае 66,5 працэнта, палякаў — 28,5 працэнта, рускіх — 2,9 працэнта, татар — 1,5 працэнта. Значнае месца ў экспазіцыі будзе адведзена і яўрэйскай культуры. Зараз у Іўі яўрэяў няма, але памяць аб расстраляных ва ўрочышчы Станевічы ў часы Вялікай Айчыннай сёння шануюць члены лідскай яўрэйскай суполкі і мясцовыя жыхары, якія даглядаюць яўрэйскія могілкі непадалёку ад Іўя. Фотаздымкі, нацыянальную вопратку ў Іўе перадалі родзічы яўрэяў, якія некалі жылі ў гэтай мясцовасці.
Праблем са зборам экспанатаў узнікнуць не павінна, гаворыць Георгій Гагарын. Пры кожнай бібліятэцы ўжо многа гадоў ствараліся куткі народнага побыту і іўеўскага ўкладу жыцця. Напрыклад, у адной з іх захоўваецца унікальны рарытэт — бурнос — дарожны плашч з капюшонам з даматканага сукна, якому ўжо сто гадоў. Ёсць і старадаўні Каран, які падаравалі музею татары. Менавіта гэты збор, а ў ім ужо больш за 500 розных прадметаў, стане асновай музея нацыянальных культур.