фото10 чэрвеня ў малым зале КЗ "Мінск" адбудзецца канцэртная прэзентацыя новага альбому Алеся Камоцкага "З бацькоўскай кружэлкі". Ён складаецца з папулярных за савецкім часам песень, пераствораных і выкананых па-беларуску Алесем і яго музыкамі.

На альбоме можна ўпершыню пачуць на беларускай такія вядомыя хіты, як "Старый клён", "Утомлённое солнце", "Одинокая гармонь", а таксама не меньш вядомыя народныя "Чёрный ворон" і "Шумел камыш". У дадатак да музычнага дыску альбом, які можна будзе набыць на прэзентацыі, ўтрымлівае асобны дыск з беларускамоўным відэа-караоке да ўсіх песень.

Алесь Камоцкі: "Альбом не скіраваны ні на якую аўдыторыю. Як пісаў адзін чалавек у рэцэнзіі на адну з маіх кніжак, "ствараецца ўражанне, што Камоцкі гэта ўсё піша для сябе". Вось такое ў іх стварылася правільнае ўражанне, таму, што я і сапраўды пішу гэта для сябе. І калі гэта будзе яшчэ камусьці цікава, то мне будзе тройчы і чацьвёрчы прыемна".

Канцэрт 10 чэрвеня называецца так, як і новы альбом. Але акрамя песень з яго ў праграме прагучыць шмат старых, вядомых і любімых слухачамі песень. У якасці ганаровага госця на канцэрце будзе прысутнічаць сябра Алеся паэт Рыгор Барадулін.

Рыгор Барадулін: "Алесь Камоцкі стварае свае песні, успамінае даўнюю і нядаўнюю класыку, піша песні на вершы беларускіх паэтаў, па-беларуску чуе габрэйскія, польскія, рускія песні. Песня — раўнівая паненка. За ўзаемнасць патрабуе душу. Песня — асоба самадастатковая і непаўторная ў сваім выяўленні. Справа ў тым, што песні Алеся Камоцкага гучаць ува мне ўвесь час. Я ўвогуле слухаю многіх выканаўцаў, і ўсё ў многіх зроблена добра, але быццам бы неяк тэхналягічна. Гэта халодна! Ёсьць у актораў такі выраз — "граць з халодным носам". Алесь спявае душой, шчыра і непасрэдна. Алесь Камоцкі — гэта унікальная з’ява ў нашым культурным жыцці, музычным жыцці, літаратурным жыцці… Я іду на канцэрт Алеся, як на свята і, адначасова… як у клініку. Чаму ў клініку — таму што пасля канцэрту я стану здаравейшым. Я ня вельмі здаровы, а канцэрты Алеся мяне заўсёды лечаць. Хай не крыўдуе, але яго канцэрты для мяне гэта адначасова і бальніца! У спадара Алеся шмат якасцяў. Назаву толькі дзве: шчырасць і сціпласць. Гэта па-крывіцку."

З аднаго боку, канцэрт будзе справаздачным за апошнія гады, з другога - паказальны, бо можна будзе зразумець, што ў Алеся Камоцкага ў плянах. "За апошні час мне вельмі стала падабацца граць з музыкамі! - натхнёна заўважае бард. - Я ўсё жыцьцё рабіў усё самастойна, але зараз - зусім іншая рэч! Хачу таксама сказаць, што на шостым дзесятку я адчуваю, што жыцьцё толькі пачынаецца. Ніякага рубяжа ці раптоўнай межы… Вось памятаеце, як раней казалі "да майскіх мы пасьпеем гэта, а да акцябарскіх гэта і ўсё, мы перамаглі, мы пасьпелі да майскіх… скасіць капусту"? Дык гэта ўсё ўмоўнасьці! Вось і дзесяткі - таксама ўмоўнасьці. Галоўнае тое, як ты сябе адчуваеш!"

Пачатак канцэрта ў 19.00. Інфармацыя: (029) 253 25 04.
-50%
-15%
-10%
-10%
-13%
-15%
-12%
-10%
-30%
-5%
-23%
0072263