фотоАддзяленне Пасольства Швецыі ў Мінску пры падтрымцы Шведскага Iнстытута праводзіць у Нацыянальным музее гісторыі і культуры з 13 сакавіка па 13 красавіка 2008 года фотавыставу "Herbarium Amoris" - "Гербарый кахання" (фатограф - Эдвард Коінберг). Выстава прысвечана 300-годдзю з дня нараджэння Карла Лінея. Адкрыцце выставы адбудзецца 13 сакавіка 2008 года ў 17.00.

Цыкл фотаздымкаў Эдварда Коіньерга “Гербарый кахання” быў упершыню паказаны ў Стакгольме ў 2003 годзе. Коінберг стварае фотаздымкі раслін у стылі, які адсылае гледача да часоў Лінея ці нават да яшчэ ранейшых. Істотная крыніца натхнення фатографа - галандскі жывапіс семнаццатага - васемнаццатага стагоддзяў.

Непасрэдным імпульсам да стварэння “Гербарыя кахання” стала тэорыя пра любоўнае жыццё раслін, распрацаваная Карлам Лінеем. “Кветка - гэта радасць расліны”, - сцвярджае Ліней ва ўводзінах да працы аб сістэме класіфікацыі раслін паводле будовы сістэмы размнажэння, і дадае з трыумфам далей: “Так расліна рэпрадукуе сябе!”. “Кветаложа - гэта шлюбны ложак, дзе песцік і тычынка ўступаюць у саюз. Тычыначныя ніці - гэта насенныя канальцы, слупок песціка - вагіна, завязь песціка - жаночы яечнік, семязачатак - саспелая яйцаклетка, семя - аплодненая яйцаклетка”. Магчыма, што, калі Ліней праводзіў паралелі паміж сістэмамі размнажэння людзей і раслін, ён меў на мэце вобразна і ярка паказаць, як працуе прырода.

"Herbarium Amoris" экспануецца па ўсім свеце, у тым ліку ў Кітаі, Аўстраліі, ЗША, Паўднёвай Афрыцы і краінах Еўропы, напрацягу 2007 і 2008 гадоў.

У рамках выставы ў Мінску, 12 сакавіка ў 17.30, на базе галерэі візуальнага мастацтва NOVA Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы (Мінск, вул. Веры Харужэй, 16), пройдзе сустрэча з фотамастакамі Эдвардам Коінбергам і Кенетам Гунарсанам па сучаснай фатаграфіі ў Швецыі. Да удзелу запрашаюцца беларускія фотамастакі, студэнты, а таксама ўсе зацікаўленныя.

Herbarium Amoris выдадзены Эдвардам Коінбергам у цесным супрацоўніцтве са Шведскім Інстытутам.

Карл Лінэй

Карл фон Ліней нарадзіўся ў 1707 годзе ў Росхульце, правінцыя Смоланд (Швецыя). Самым значным унёскам Лінея ў батаніку з’яўляецца стварэнне метада ідэнтыфікацыі і ўліку раслін і жывёл. Аднак найзначнейшым з’яўляецца ўвядзенне Лінеем бінарнай наменклатуры, г.зн. усе расліны і жывёлы атрымалі двайное імя, што складаецца з віду і роду. За сваё жыццё Ліней прысвоіў імёны 7700 раслінам і 4400 жывёлам.

Карл Ліней абараніў доктарскую дысертацыю ў Гардэрвійку, Галандыя, у 1735 годзе. Гэта сталася пачаткам яго вандровак па Германіі, Галандыі, Англіі ды Францыі, дзе ён сустракаўся з выбітнымі вучонымі таго часу. Ліней завязаў важныя кантакты, атрымаў магчымасць развіць свае ідэі і выдаць шэраг кніг. Яго слава расла, і ў хуткім часе ён заняў сваю нішу ў шэрагу найбуйнейшых батанікаў свайго часу.

Сусветная слава Лінея была невядомай у Швецыі на момант 1738 года, калі ён вярнуўся на радзіму. Каб зарабляць на жыццё, ён працаваў лекарам у Стакгольме, а ў 1741 годзе ўвайшоў у прафесарскі склад універсітэта горада Упсала. Ён зрабіў значыны ўнёсак у абнаўленне факультэта батанікі, а яго лекцыі збіралі шматлікую, у тым ліку неакадэмічную, публіку.

Карл фон Ліней здзейсніў некалькі падарожжаў па Швецыі. Яны адлюстраваны ў выдадзеных ім кнігах і сталіся важнымі крыніцамі ведаў пра родную краіну вучонага. Асабліва шырока абмяркоўвалася яго вандроўка ў Лапландыю, якая выклікала вялікую цікавасць за межамі Швецыі, паколькі паўночныя раёны Еўропы ў 18 стагоддзі заставаліся недаследаванымі.

Сістэма палоў Лінея запачаткавала новы метад уліку раслін.
Гэта падштурхнула шэраг маладых шведскіх батанікаў да паездак за мяжу, дзе яны збіралі незнаёмыя расліны. Сам Ліней называў іх сваімі “апосталамі”. Гэтыя навукоўцы зрабілі значны ўнёсак у распаўсюджванне сістэмы Лінея.

Кар фон Ліней памёр у 1778 годзе ва Упсале.
{banner_819}{banner_825}
-25%
-10%
-30%
-10%
-10%
-34%
-50%