Дазвол на правядзеньне "Рок-Каранацыі 2007" атрыманы: 29 лютага чакаецца падсумаваньне музычных вынікаў мінулага году. Цырымонія традыцыйна не абыходзіцца без супярэчнасьцяў. Ня стала выключэньнем і сёлетняя. Ад сяброўства ў журы адмовіўся Алег Клімаў. Пра тое, чаму так адбылося, і якой будзе "Каранацыя-2007", распавёў Сяргей Будкін. А Ўладзімір Пугач расказаў нарэ­шце, што ён робіць з каронамі. 

Мінулы год — вельмі ўраджайным на музычнай ніве — натхніў арганізатараў "Рок-Каранацыі" на вяртаньне да старой канцэпцыі: калі стаўка робіцца на вядомыя імёны, папулярныя гурты, то бок, на відовішчнасьць.

- Кожны год — гэта экспэрымэнт. Два гады таму стаўка рабілася на тое, каб прадставіць музыку з розных рэгіёнаў, у мінулым на стылёвую разгалінаванасьць. У гэтам годзе стаўка зроблена на галоўныя гурты і на асноўныя намінацыі, — тлумачыць адрозьненьне сёлетняй Каранацыі Сяргей Будкін, каардынатар "Тузіну Гітоў" і сябра аргкамітэту цырымоніі.

Відовішчнасьць будуць забясьпечваць "Крама", "Neuro Dubel", "Ляпіс Трубецкой", "Фляўс і Кляйн", "Тарпач", "Гурзуф". Зь іншымі музыкамі пакуль вядуцца перамовы.



Шмат каго хвалюе, ці зьменяцца ў гэтым годзе адносіны да музыкаў. Нагадаем, што ў мінулым годзе адбыўся скандал з-за ад’езду гурта Indiga з саўндчэка:

- Каранацыяй займаюцца некалькі арганізатараў. "Тузін Гітоў" пераважна адказвае за творчую частку. Юрый Цыбін адказвае за канцэпцыю і за саму цэрымонію як заснавальнік. За арганізацыю канцэрту адказвае "Клас Клуб". Таму тут цяжка казаць дакладна. Калі б цырымонію ладзіў "Тузін Гітоў", то ва ўсіх музыкаў была б і кава, і гарбата, і печыва, і асобныя грымёркі (пры наяўнасьці). Але мне падаецца, што стаўленьне да музыкаў мяняецца. І тых жахаў, што яны распавядалі раней, ня будзе, — тлумачыць сытуацыю Сяргей Будкін.

У сьпісе прэтэндэнтаў на рок-кароны адразу па некалькіх намінацыях ёсьць J:Moрс — гурт, які ўвайшоў у гісторыю цырымоніі тым, што ніколі не выходзіў на сцэну за сваёй каронай.



Мы пацікавіліся, ці не зьбіраюцца музыкі ў гэтым годзе зьявіцца на сцэне ў выпадку, калі зноў атрымаюць карону:

- Мы прызвычаіліся радавацца ўжо таму, што "Рок-Каранацыя" існуе, але гэтага мала. На жаль, ужо даволі даўно гэтае мерапрыемства не адпавядае рэчаіснасьці, перш за ўсё, з-за арганізацыйных хіб розных узроўняў. Я пераканаўся ў гэтым на "Рок-Каранацыі 2005", атмасфэра якой нагадавала што заўгодна, акрамя атмасфэры музычнага фэсту. Я магу памыляцца, але на дадзены момант я не бачу "Каранацыю" сапраўднай падзеяй для ўсіх выканаўцаў і аматараў рок-музыкі. Калі нешта зьменіцца, я палічу за гонар выйсьці на сцэну.

У мінулым годзе Зьміцер Вайцюшкевіч падзяліўся, што аддае свае кароны ў якасьці "адступных" былым жонкам. Тады стала цікава, што робяць са сваімі Морсы:

- А што, у нас ужо дзьве кароны? Ну тады за Вашую дасьведчанасьць дазваляю Вам у гэтым годзе, калі што, забраць нашу карону,  :)   — ловім Уладзіміра Пугача на слове.

Меркаваньне лідэра J:Moрс аб фэстывалі супадае, збольшага, з бачаньнем Алега Клімава, рэдактара "Музычнай газэты", якую той выказаў у адкрытым лісьце як тлумачэньне сваёй адмовы ад сяброўства ў журы:

- Пры ўсіх недахопах "Рок-Каранацыі", лічыў і лічу дадзены фэст важнай і галоўнай штогадовай падзеяй непапсовай беларускай музыкі. Заўсёды з разуменьнем ставіўся да таго цяжару, што кожны раз узвальваюць на сябе арганізатары "РК". Аднак з гадамі назапашвалася раздражненьне адносна таго, што год за годам не выпраўляліся памылкі пры падрыхтоўцы і правядзеньні "Каранацыі", адказнасьць за якія перад музыкамі, прадстаўнікамі шоў-бізнэсу, аматарамі адэкватнай музыкі прыходзілася несьці і мне, як сябры журы. І гэтым годам, я, на жаль, вымушаны адмовіцца ад гэтай пачэснай місіі, бо ясна бачу перад сабою тыя граблі, міма якіх "Рок-Каранацыя" ня пройдзе ў гэтым годзе.
 
Асноўнае, што не задавальняе Алега Клімава, — тое, што, па ягоным меркаваньні, Юрый Цыбін і Сяргей Будкін "прапанавалі журы сваё, ПЭРСАНАЛЬНАЕ бачаньне тых працэсаў, якія адбываліся ў музыцы, што падпадае пад так званы фармат "Рок-каранацыі", у мінулым годзе". У сваіх камэнтарах Клімава падтрымалі Вячаслаў Корань і Андрэй Плясанаў.

У размове з Сяргеем Будкіным, Generation.by закрануў і гэтую тэму:

- У кожнага чалавека, асабліва, ў чалавека, які цікавіцца і назірае за тым, што адбываецца ў беларускай музыцы, ёсьць сваё меркаваньне, якое можа быць адрозным ад меркаваньня іншых. Напрыклад, Клімаў быў супраць уключэньня ў сьпіс намінантаў "Дети Детей". Пытаньне, што ёсьць рок, а што не — даволі дыскусійнае. Яно цягнецца ажно з 1995, калі былі спрэчкі наконт "Ляпіса Трубяцкога". На меркаваньне аргкамітэту, і "Дети Детей", і Вайцюшкевіч ёсьць рокам. Шкада, што Клімаў выйшаў са складу журы: я з павагай стаўлюся да гэтага чалавека, — сказаў Сяргей.
Алег Клімаў зьвярнуўся і да астатніх сябраў журы з заклікам "задумацца над тым, што яны гэтым разам зьбіраюцца прыкрываць сваімі імёнамі".

Але "Рок-каранацыя 2007" без журы не застанецца. Упершыню яно будзе міжнародным: у ліку 15 сябраў Радэк Дамброўскі — арганізатар сёлетняга "Басовішча", а таксама прадусар "Be2gether". Будуць прадстаўнікі радыё і тэлебачаньня, крытыкі і журналісты.

Яны вызначаць пераможцаў па наступных намінацыях:

­ Праект году:­

"Песьні Свабоды — 3". Складанка
Сузор’е — "Песьня пра зубра"
Зьміцер Вайцюшкевіч — "Калыханкі"
"Хатынь: Tacet, Sed Loquitur"
J: Морс — "Ледоколы. Live"
"Народны альбом. Live"
"Дударскі фэст"
"Басовішча - XVII"

Альбом году:

J: Морс — "Адлегласьць"
N. R. M. — "06"
Крама — "Усё жыцьцё — дзiўны сон"
Крамбамбуля — "Сьвяточная"
Зьмiцер Вайцюшкевiч & WZ-Orkiestra — "Лірыка"
Ляпіс Трубяцкой — "Капитал"
Neuro Dubel — "Stasi"

Песьня году:

N. R. M. — "Менск і Мінск"
J: Морс — "Ледоколы"
beZ bileta — "Никогда не умирай"
Ляпіс Трубяцкой — "Капитал"
Крама — "Стэфка. Праз 20 год"
Neuro Dubel — "Край"

Традыцыя і сучаснасьць:

Testamentum Terrae — "Слаўны паніч"
Бан-Жвірба — "Забабоны"
OSIMIRA — "Druva"
Сяржук Сокалаў-Воюш — "Песьні лісоўчыкаў"
Юр’я — "Рай коню"

Адкрыцьцё году:

Дети Детей — "Конверты для снов"
Indra — "Cонцаварот"
M. L. A. — "Такие же, какими были всегда"

Прарыў году:

Фляўс і Кляйн
Tarpach
Гурзуф
Haіr Peace Salon

Кліп году:
­
Ляпіс Трубяцкой — "Капитал" (рэж. Аляксей Церахаў)
beZ Bileta — "Никогда не умирай" (рэж. Мацьвей Сабураў)
J: Mорс — "Ледоколы" (рэж. Максім Сіры)
Сяргей Пукст — "Не было тебя" (рэж. Максім Сіры)
Neuro Dubel — "Край" (тэлеканал Белсат)

Рок-карона
­Пераможца вызначаецца па сукупнасьці заслугаў: альбом, перамогі ў фэстывалях, конкурсах, актыўная канцэртная дзейнасьць, наяўнасьць песень у тэле - і радыё-ратацыі, сталая прысутнасьць у інфармацыйнай прасторы. ­
­
Таксама будзе ўганараваны Выканаўца году, абраны паводле галасаваньня на "Тузіне Гітоў".

GENERATION.by
-80%
-50%
-10%
-10%
-20%
-10%
-23%
-10%
0071695