Гэты рэтра-"Мерсэдэс" вылучаецца з агульнай плыні аўто на мінскіх вуліцах. Мадэль яўна даваенная, але выглядае "Мерсэдэс" як новы. Такія аўтамабілі проста павінны мець цікавую гісторыю.

"Наша Ніва" пагутарыла з кіроўцам аўто і адначасова яго ўласнікам Аляксандрам Тарноўскім.
"Гэта Mercedes Benz W36. У мяне ён з 1990 года, а да гэтага належаў майму дзеду, — кажа Аляксандр. — Як можна здагадацца з індэксу мадэлі, машына была выраблена ў 1936 годзе. У Беларусь яна трапіла з Нямеччыны пасля сканчэння вайны. Мабыць, у якасці рэпарацыі, а мо была канфіскаваная саветамі ў савецкіх жа жаўнераў, якія дайшлі да Германіі і вярталіся дадому хто на чым", — кажа Аляксандр.
У Беларусі аўтамабіль стаў "чорным варанком": "Мэрсэдэс" разам з дзедам працаваў у НКВД. Потым дзед сыйшоў на пенсію, а машыну спісалі. Тут дзед яе і "прыхватызаваў".
Але, на жаль, невядома, каго менавіта вазіла ў тым "Мерсэдэсе": "А як тут даведаешся? У НКВД шмат каго ўвогуле вазілі… Гэта ад 1945–1946 да 1953, пакуль усе не пераселі на "Пабеды".
— Адразу адкажу на стандартныя пытанні: колькі "жарэ" і колькі "прэ", — відаць, Аляксандру не ўпершыню даваць інтэрв’ю. — "Жарэ" шаснаццаць (літраў на сто кіламетраў — НН), "прэ" сотню.
Як аказалася, аўтамабіль эксплуатуецца з самага 36-га, на кансервацыі не стаяў. Але ніякіх праблем з рэгістрацыяй ды тэхаглядам не мае.
На свой век "Мерсэдэс" выглядае няблага. Нават калі ў салоне — з драўляным рулявым колам і скуранымі сядзеннямі — праявы часу і можна заўважыць, то знешне ўсё так, як і павінна быць у саліднага рэтра-аўтамабіля: ззянне хрому і бліскучы чорны металік.
Рэцэпт рэтра-аўтааматара Аляксандра Тарноўскага даволі просты: "Бярэш металалом, а потым -наколькі хапае цярпення, сродкаў ды часу — даводзіш да пэўнага стану. „Мерсэдэс“, вядома, можна было б адрэстаўраваць і лепш, але я як зрабіў 20 год таму, так ён і ездзіць".
Як стала вядома, старэнькі W36 паспеў узяць удзел у 20 кінастужках. З апошняга — серыял "СМЕРШ". Але Аляксандр Тарноўскі кажа, што самым вялікім праектам з удзелам чорнага "Мерсэдэса" сталі здымкі ў серыяле "Паляванне на гаўляйтара", што адбываліся ў Бабруйску. Фільм распавядае аб замаху на гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ, здзейсненага Аленай Мазанік (ролю якой выконвала Анастасія Заваратнюк).
Аляксандр сам сядзеў за стырном і граў кіроўцу эсэсаўскага камісара.
Ён ўвогуле заўсёды кіруе сваімі машынамі сам.
Дарэчы, Mercedes Benz W36 не адзіны рэтра-кар Аляксандра. Ён валодае цэлым аўтапаркам: у яго ёсць "Газ 12 ЗіМ" 1953-га года і вялізарны Pontiac Grand Prix Sport 1939-га. Але "Мерсэдэс" застаецца самым старым у ягонай калекцыі.
Відаць, што Аляксандра цэніць сваю працу і клопат, што укладае ў сваіх "жалезных сяброў" і не шукае любую магчымасць прадэманстраваць іх свету. Нават удзельнічае толькі ў бясплатных для саміх удзельнікаў рэтра-ралі:
— Я лічу, што мае машыны вартыя таго, каб я меў магчымасць дэманстраваць іх і не плаціць за гэта.