Зміцер Лукашук,

Кожнай вясной з-пад снегу нечакана з’яўляецца безліч ямін ды каляін. І кожны год людзі скардзяцца на дарожнікаў, а тыя — на фінансаванне. 

 
Вось і сёлета ў “Гаррэмаўтадары” сцвярджаюць: грошай дарожнікам далі толькі 70% ад неабходнага.
 
“Гаррэмаўтадар”: “Цякучы рамонт і ўтрыманне: на гэты год прадугледжана фінансаванне па “Гаррэмаўтадару” ў памеры 225 мільярдаў рублёў. Гэтага аб’ёму фінансавання недастаткова. Дзесьці каля 70% (ад неабходнага. — Еўрарадыё) ён закрые. Мы прадстаўлялі ў Мінгарвыканкам свае разлікі і прасілі дадатковага фінансавання. У межах 70-80 мільярдаў рублёў прасілі дадатковага фінансавання”.
 
Прычыны такога недахопу таксама звыклыя: бюджэт складаўся летась, а з таго часу і энергарэсурсы падаражэлі, і будаўнічыя матэрыялы... Адно радуе — на пазбаўленне першай паласы ад каляін дарожнікі, здаецца, выбілі дадатковае фінансаванне.
 
“Гаррэмаўтадар”: “Ужо абгаворана, што будуць выдзеленыя сродкі на праграму па ліквідацыі каляін. У першую чаргу гэта тычыцца магістральных і каркасных вуліц — дзе асноўная нагрузка, а далей, як кажуць, па сыходнай”.
 
Калі пачнецца рамонт сталічных дарог, невядома. Толькі ў канцы тыдня, магчыма, дарожнікі вызначацца з тэрмінам пачатку прац. Дарэчы, паводле падлікаў “Гаррэмаўтадара", адзін квадратны метр ямачнага рамонту каштуе ад 50 да 150 тысяч рублёў. Кошт залежыць ад матэрыялаў, якія прымяняюцца для рамонту яміны, яе памеру і гэтак далей.
 
У пошуках канкрэтных фактаў Еўрарадыё зазірнула на адмысловы сайт “БелЯма”. Фотаздымкаў з ямінамі толькі на сталічных вуліцах там выкладзена 92. Заснавальнік праекту Павел Баташоў тлумачыць, што згодна са стандартамі, калі яма на дарозе перавышае па плошчы памеры 30 на 30 сантыметраў і яе глыбіня большая за 5 сантыметраў — яна павінна быць агароджаная спецыяльным плотам, бо нясе небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху.
 
Павел Баташоў: “Вясной дарогі жахлівыя. Ёсць ямы, якія хвалююць шмат каго, ёсць такія дзе-небудзь у двары, на якія некалькі чалавек скардзіцца. Апроч таго, дасылаюць лісты людзі з аповедам пра тое, што патрапілі ў аварыю з-за яміны і пытаюць парады — ці звяртацца ў суд”.
 



 
Згодны з ім і начальнік аддзела дарожнай інспекцыі сталічнай ДАІ Андрэй Заранаў.
 
Андрэй Заранаў: “Крытычная сітуацыя. Вельмі шмат ямін, вельмі шмат недапушчальных ямін. Мы два разы на тыдзень праводзім сур’ёзныя абследаванні і вынікі дакладваем у Мінгарвыканкам, складаем пратаколы, выпісваем прадпісанні”.
  
 
 
Змагацца з ямінамі Павел Баташоў раіць не толькі з дапамогай іх сайта — лепш пісаць скаргі. Прычым не дарожнікам, а ў ДАІ — хутчэй нешта зменіцца да лепшага.
 
Павел Баташоў: “Звяртацца трэба ў ДАІ — гэта найлепшы сродак. Самі дарожнікі раяць звяртацца да іх, але гэта будзе доўгая песня. Да таго ж бывае складана знайсці ўласніка — каму дарога належыць. Часам нават ДАІ не можа гэтага зрабіць — прыходзяць адказы, што, маўляў, мы не можам знайсці ўласніка. Але мы раім: неабходна сфатаграфаваць яміну, скласці заяву і накіраваць гэта ў ДАІ. А ўжо ДАІ выпіша неабходнае прадпісанне дарожнай службе і, калі неабходна, накладзе на гэтую службу адміністратыўнае спагнанне”.
 
Вось толькі ці ўсе яміны здолеюць дарожнікі адрамантаваць, калі яны атрымалі толькі 70% грошай ад неабходнага? Але ў "Гаррэмаўтадары" сцвярджаюць, што дадатковыя сродкі ў іх ёсць і “праязджальнасць” дарог будзе забяспечаная.
-30%
-15%
-10%
-10%
-20%
-50%
-30%
-50%
-15%
-45%