Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Авто


Зміцер Панямонаў,

Па Мінску ездзілі тры розныя машыны з аднолькавымі нумарамі. У размове з Еўрарадыё ДАІ такую магчымасць адмовіла, але паабяцала заняцца праверкай

На форуме onliner.by Еўрарадыё знайшло фотаздымкі трох розных машын з абсалютна аднолькавымі нумарнымі знакамі. Прычым, мяркуючы па датах на здымках, машыны з аднолькавымі нумарамі бегалі па Мінску амаль адначасова. Еўрарадыё даведалася, ці магчыма такое.

Начальнік рэспубліканскай ДАІ Юрый Літвін разгубіўся, калі яму расказалі пра фотаздымкі трох машын з аднолькавымі нумарамі.

Юрый Літвін: “Я не ведаю, шчыра кажу, як такое магчыма. Што яшчэ адказаць? Я нічога не магу сказаць — трэба праверку праводзіць”.


Image 28417

Між тым вядома, што рэгістрацыйныя аддзелы дзяржаўтаінспекцыі аказваюць такую паслугу — выдача рэгістрацыйных знакаў абранай аўтаўладальнікам камбінацыі лічбаў і літар. Але, паводле слоў Юрыя Літвіна, выбіраць можна не любую камбінацыю, а толькі з яшчэ не занятых і не выдадзеных іншым людзям нумароў.

Юрый Літвін: “У нас прадугледжана такая рэч. Калі ласка, плаціце грошы — і будзе вам нумар. Але толькі з тых, што ў нас ёсць у наяўнасці, насамрэч”.

Тое, што нават за вялікія грошы нельга набыць нумар, які ўжо “бегае” па горадзе, Еўрарадыё расказаў і інспектар аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкама Аляксандр Бруй.

Аляксандр Бруй: “Тыя нумары, якія ўжо выдадзены і знаходзяцца “на руках” у людзей, яны не могуць быць выдадзеныя паўторна. Вы можаце замовіць нумар, спецыяльныя расцэнкі ўсталяваныя заканадаўствам, калі вам падабаецца нейкі набор лічбаў. І вам падбяруць нешта падобнае з таго, што яшчэ ёсць свабоднае”.

Фотаздымкі ўсіх трох машын былі зробленыя ў Мінску, але ж не ў адзін дзень. Таму інспектар мінскай ДАІ прапанаваў дзве версіі таго, як такое магло атрымацца.

Аляксандр Бруй: “Уладальнік, можа, пераафармляючы машыну, адну прадаў, і на другую ён, можа, сам сабе пакінуў нумар. Альбо чалавек прадае вам аўтамабіль і вы можаце гэтую машыну нават не знімаць з уліку, а пакінуць старыя нумары разам з машынай. А проста так перакінуць нумары з адной машыны на іншую вам ніхто не дазволіць”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці так строга ставяцца да гэтага пытання ў рэгіёнах, як і ў сталіцы. Што, за колькі і на якіх умовах можна набыць, Еўрарадыё расказаў начальнік міжрэгіянальнага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзела ЎДАІ Барысаўскага РУУС Аляксандр Лемешаў.

Аляксандр Лемешаў: “Калі ў нас у наяўнасці пажаданы вамі нумар ёсць, то вы плаціце 400 тысяч — і мы вам па-за чаргой выдаем гэты нумар. Гэта называецца падбор. Калі я атрымаў нумары з 1 па 10, то вось з 1 па 10 вы можаце выбраць любы нумар, заплаціць 400 тысяч — і мы вам яго прысвоім. Калі вы хочаце той нумар, дзе вы самі камбінацыю лічбаў склалі, а ў нас такога няма, то вы яго можаце замовіць за 2 мільёны. Але гэта трэба ў УУС Мінгарвыканкама вам замаўляць”.

Праўда, таксама сказаў, што атрымаць нумар, які ўжо ў кагосьці ёсць, нават за 2 мільёны немагчыма.

Калі верыць onliner.by, то здымак крутой “тачылы” белага колеру быў зроблены 16 лютага 2009 года. А зялёнай Mazda — 23 лютага таго ж года. Малаверагодна, што ўладальнік срэбнага V.I.P.-аўто раптам вырашыў перасесці на Mazda і пакінуў сабе ранейшы нумар. А ўжо праз два месяцы, 13 красавіка, з’явіўся на вуліцах Мінска на Bentley.


Image 28418


Image 28419

Але і магчымасць таго, што чалавек мае адначасова тры машыны і проста перавешвае на іх адзін нумар, Аляксандр Лемешаў адхіліў.

Аляксандр Лемешаў: “Рэгістрацыйны нумар прысвойваецца на адну машыну. І калі гэта Buick 0007 МІ-7, то гэта толькі Buick. І на "Жыгулі" гэты нумар не павесіш. Каб да абеда гэты нумар на "Жыгулях" вісеў, а пасля абеда — на Buick. Гэтага нельга рабіць. Гэта рэгістрацыйны нумар канкрэтнай машыны”.

Калі ж, кажа, хтосьці дзеля “пантоў” сам сабе намаляваў нумар і ездзіць з ім, то можна займець вялікія праблемы.

Аляксандр Лемешаў: “Будзе пакараны, калі яго спыняць. Гэта ж ужо падробка рэгістрацыйных дакументаў. Акрамя рэгістрацыйнага нумара ёсць пасведчанне аб рэгістрацыі, куды ўпісваецца гэты рэгістрацыйны нумар. А гэта ўжо крымінальная адказнасць”.

І катэгарычна адмовіў верагоднасць таго, што ўладальнікі аўто ў дадзенай гісторыі зусім не прычым, а аднолькавыя нумары выдалі “даішнікі”, паквапіўшыся на грошы.