фотоНягледзячы на тое, што ўказ прэзідэнта дазволіў аўташколам самастойна вызначаць кошты навучання, органы па цэнаўтварэнні абмежавалі гэта павышэнне 120-ю тысячамі рублёў. Але, як стала вядома Еўрарадыё, ёсць школы, якія ўсё адно выстаўляюць тыя кошты, якія ім выгадныя.

Зміцер Панямонаў

Пэўны час таму прэзідэнт сваім указам дазволіў аўташколам нібыта самастойна вызначаць кошты на навучанне. Нагадаем, па словах усіх кіраўнікоў гэтых школ, праца іх па фіксаваным кошце навучання ў 599 тысяч рублёў была стратнай і не давала магчымасці набываць новыя машыны і запрашаць высокакваліфікаваных выкладчыкаў. Усцешаныя дырэктары пачалі рабіць пераразлік коштаў з улікам павышэння заробку інструктараў і выкладчыкаў, запланаванага абнаўлення парку машын, абсталявання камп’ютарных класаў і г. д. Некаторыя нават часова перапынілі запіс курсантаў да зацвярджэння новых тарыфаў, каб не ўводзіць свае школы ў яшчэ большыя страты.

Але, як стала вядома Еўрарадыё, падняць кошты на навучанне больш, чым на 20 адсоткаў, аўташколам не дазволілі. Па словах дырэктара школы “Аўтаправа” Уладзіміра Тамковіча, такое падвышэнне ніякім чынам не дазволіць яму выправіць эканамічную сітуацыю і палепшыць узровень навучання.

Уладзімір Тамковіч:Мы планавалі зрабіць 1 мільён 200 тысяч, шчыра кажучы, каб пратрымацца на плыву. Не кажучы пра тое, што плануецца ў будучым зрабіць, каб машыны у аўташколах былі не старэйшыя за 10 гадоў. А якое зараз маладзей за 10 гадоў, калі мне сёння як не хапала майстроў, так і не хапае?! Пачынаюць падыходзіць, пачуўшы пра гэтыя мільён дзвесце, а як даведаюцца, што павышаем толькі на 20%, ніхто не пойдзе. Яны лепш пойдуць вартаўнікамі ці электрыкамі. Я расчараваны…

Па словах дырэктара, сёння заробак у інструктараў і майстроў каля 400. Павышэнне коштаў навучання на 20% альбо на 120 тысяч азначае, што значна павысіць заробак супрацоўнікам кіраўнік аўташколы не зможа.

Не задаволеная такім павышэннем і заснавальніца аўташколы “Сігнал-плюс” Ганна Хмяльніцкая. Ім у Мінгарвыканкаме новы кошт навучання ўжо вызначылі - 718 тысяч плюс кошт паліва.

Ганна Хмяльніцкая:Сёння мы вельмі хочам павялічыць заробак майстрам і выкладчыкам. Таму што ад гэтага залежыць якасць навучання. Але не зможам гэтага зрабіць. І мы не можам удасканальваць аўтапарк, абсталяванне класаў не можам сабе дазволіць абнавіць, камп’ютарную базу і іншае”.

Але, як патлумачыла Еўрарадыё бухгалтарка аўташколы Зоя Усеваладаваўна, у краіне дзейнічаюць пастановы, важнейшыя нават за ўказ прэзідэнта. Нагадаем, штосьці падобнае адбываецца з указам “Аб ільготах”, які не здолеў канчаткова пазбавіць ільготаў усіх, як планавалася ад пачатку.

Зоя Усеваладаўна:Указ дзейнічае, але дзейнічаюць і іншыя пастановы ўраду, і ніхто не адмяняў індэкс цэн. Яны адпусцілі кошты, але мы павінны прытрымлівацца індэксу павышэння коштаў. А ён складае 0,5%. Тыя, хто не можа яго прытрымлівацца, павінны ўзгадняць павялічэнне коштаў з органамі цэнаўтварэння. А гэтая органы сабе не ворагі. Яны ж павінны на сябе ўзяць адказнасць і павысіць нам кошты адразу на 100 адсоткаў. А ёсць у нас ва ўрадзе асабліва смелыя, каб на сябе ўзяць такую адказнасць?

Еўрарадыё звярнулася па каментар у Міністэрства транспарту і камунікацый. Але, як патлумачыла кіраўнік прэс-службы Ксенія Перастароніна, у вырашэнні пытання коштаў на навучанне міністэрства аўташколам дапамагчы не можа - паўнамоцтваў, каб уплываць на органы цэнаўтварэння, яно не мае. Можа толькі выказаць свае рэкамендацыі.

Ксенія Перастароніна:Ніяк не можам паўплываць, бо гэта зусім іншыя структуры. Калі толькі нейкія рэкамендацыі накіраваць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, да вырашэння пытання аб тым, на колькі можна дазволіць аўташколам павышаць кошты навучання, ва ўпраўленні цэнавай палітыкі Мінгарвыканкаму падыйшлі сур’ёзна і нават стварылі спецыяльную камісію. Па словах начальніка ўпраўлення Іосіфа Рачыцкага, сябры камісіі і вызначылі такую лічбу - 20%.

Іосіф Рачыцкі:Такога рэзкага павышэння, як там усе трубяць пра 1 мільён 200 тысяч, ніхто не дапусціць. Удвая павышаць кошт? Вы што! У нас ёсць параметры - 0,5% у месяц. Вось усе павінны і прытрымлівацца іх”.

Але як высветлілася, не для ўсіх рашэнне упраўлення цэнавай палітыкі Мінгарвыканкаму і яго камісіі з’яўляецца абавязковым. У мінскай аўташколе “Жакей” Еўрарадыё сказалі, што навучанне ў іх з 10 красавіка будзе каштаваць 1 мільён 100 тысяч плюс паліва. А кошты яны маюць выстаўляць як ім будзе заўгодна.

Аўташкола:Навучанне каштуе 1 мільён 100 тысяч плюс паліва. У нас спрошчаная сістэма падаткаабкладання, і мы кошты можам вызначаць сабе самі”.

А на заўвагу, што чыноўнікі Мінгарвыканкаму паабяцалі, што не дазволяць школам устанаўліваць “мільённыя” кошты, у аўташколе параілі менш слухаць тое, што гавораць чыноўнікі.
-30%
-45%
-20%
-70%
-10%
-38%
-20%
-50%
-50%
-21%