Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Авто


“Мы набылі 3 балончыкі спецыяльнай аэразолі і наносім яе на вопратку маламаёмасным людзям у сельскай мясцовасці замест флікераў. Каб забяспечыць народ”, - сказаў Еўрарадыё начальнік Салігорскай ДАІ Валянцін Сяўрук. Па краіне штодня штрафуюць да 700 пешаходаў без флікераў.

Як даведалася Еўрарадыё, ДАІшнікі флікер мець рэкамендуюць. Але могуць аштрафаваць за яго адсутнасць нават на асветленым пешаходным пераходзе.

Праўда, толькі ў тым выпадку, калі на вуліцы туман альбо ідзе снег ці дождж, і пешахода цяжка заўважыць. Пра гэта Еўрарадыё расказаў начальнік салігорскага ДАІ Валянцін Сяўрук.

Валянцін Сяўрук: “Здараюцца наезды на пешаходаў, хоць той і знаходзіцца на пешаходным пераходзе на асветленым участку дарогі. І наезды гэтыя адбываюцца, калі наступаюць неспрыяльныя ўмовы надвор’я - мокры снег, дождж. Калі ўсё зліваецца і кіроўцы складана ўбачыць пешахода на пешаходным пераходзе. Таму ён павінен абазначыць сябе святлоадбівальным элементам”.

У такім выпадку, кажа начальнік Салігорскага ДАІ, інспектар мае права аштрафаваць пешахода. Сума штрафу вагаецца ад 8000 да 17 500 рублёў. Між тым, Правілы дарожнага руху не абавязваюць, а толькі рэкамендуюць пешаходам абазначаць сябе флікерамі. А рэкамендацыі можна не выконваць. Еўрарадыё пацікавілася ў салігорскага ДАІшніка, наколькі законна штрафаваць людзей, якія не выконваюць таго, што рабіць не абавязаныя.

Валянцін Сяўрук: “Законна выпісваюць па артыкуле 18.23 КаАП РБ, калі пешаход ідзе непадалёк праезнай часткі па неасветленым участку дарогі без святлоадбівальнага элемента. Калі ён знаходзіцца на асветленым участку без флікера, гэта незаконна”.

Па яго словах, абавязкова насіць флікер неабходна менавіта на неасветленых участках дарогі. Ці то ў горадзе, ці то за горадам. Нават калі вы ідзяце па неасветленым тратуары. У адваротным выпадку вы маеце поўнае права адмовіцца плаціць штраф, калі інспектар раптам з вас яго запатрабуе.

Валянцін Сяўрук: “Пытанняў няма, канешне, можаце адмовіцца! На асветленым участку - носіць толькі рэкамендацыйны характар. Інспектар можа папярэдзіць, што зараз вы знаходзіцеся на асветленым участку, а праз 5 хвілін вы будзеце ісці па неасветленым. Інспектар можа толькі папярэдзіць і растлумачыць усё”.

За няпоўны студзень у Салігорску за адсутнасць флікераў аштрафавалі 239 чалавек. Колькі з іх тых, хто яшчэ 5 хвілін таму стаяў пад ліхтаром, а потым, не паслухаўшыся парад інспектара, перайшоў на неасветлены ўчастак і быў аштрафаваны, звестак у ДАІ няма. Альбо знаходзіўся на асветленым пешаходным пераходзе, калі ішоў снег.

Вынайшлі ў Салігорску сродак зрабіць так, каб пешаходы не забывалі флікеры дома. Для гэтай мэты, кажа начальнік мясцовага ДАІ, яны набылі тры балончыкі спецыяльнай аэразолі. І пазначаюць з яе дапамогай машыны, трактары, вазы і адзежу людзей. Праўда, не ўсіх, а толькі маламаёмасных.

Валянцін Сяўрук: “Набылі 3 балончыкі аэразолі і ў сельскай мясцовасці праводзім гэта мерапрыемства. Людзям, якія маюць невялікую заработную плату і не могуць набыць флікеры, бо не маюць грошай, на фуфайкі альбо іншую працоўную вопратку наносім такое пакрыццё. Каб забяспечыць наш народ”.

Днямі ў Інтэрнэце з’явіліся аповеды пра тое, што такія пазначэнні салігорскія ДАІшнікі наносяць не толькі на працоўную вопратку маламаёмасных жыхароў сельскай мясцовасці. Нібыта, такія знакі з дапамогай інспектараў з’явіліся і на дублёнках некаторых жыхароў горада. Але начальнік ДАІ катэгарычна гэта адмовіў.

Валянцін Сяўрук: “Гэтыя мерапрыемствы па горадзе мы не праводзім. Калі мы будзем наносіць на дублёнкі, то… Яно-то, можа, было б і нічога, але каб не псаваць вопратку, якую штодзённа носяць. Таму - толькі на спецвопратку, якая выкарыстоўваецца толькі на працы”.

Як расказаў Еўрарадыё намеснік начальніка рэспубліканскага ДАІ Ігар Ваніцкі, па краіне штодня за адсутнасць флікера штрафуюць каля 700 чалавек. Кажа, чамусьці ў апошні час людзі сталі ўсё часцей выходзіць на вуліцу без флікераў. З-за гэтага толькі ў нядзелю загінулі 3 чалавекі. Адсутнасць флікера, па яго словах, можа нават змякчыць віну кіроўцы ў выпадку ДТЗ.

Ігар Ваніцкі: “Будзе праводзіцца следчы эксперымент. Выбіраюцца такія ж умовы, як былі на момант здарэння, і ацэньваецца - калі кіроўца мог заўважыць пешахода. Са святлоадбіўнікам ці без яго. І ці меў ён тэхнічную магчымасць спыніць машыну ці іншым манеўрам пазбегнуць наезду”.

А вось штрафаваць пешахода без флікера, кажа ён, на асветленым пешаходным пераходзе нельга. Які б снег альбо дождж ні ішоў.

Зміцер Панямонаў