
Галіна Шастакова, якая даслала ліст нам у рэдакцыю, карыстаецца аўтобусным маршрутам №4, на які сядае на ўсім нам вядомым прыпынку “Швейная фірма “Лона”. І справа нават не ў тым, што перапынкі паміж аўтобусамі бываюць даволі вялікімі – асабліва ў выхадны дзень, а ў тым, што павільён на гэтым самым прыпынку больш не з’яўляецца для пасажыраў утульным месцам.
Пачалося ўсё, што называецца, далёка не ўчора. Шмат дзён таму – калі дзьмуў асабліва моцны вецер – частка пластыкавага даху проста… адляцела, зрабіўшы вялікую частку павільёна адкрытай усім дажджам. Час на двары зусім не летні, і наступствы стыхіі, якая пашкодзіла дах, кожны пасажыр адчувае, што называецца, на ўласнай скуры.
Вельмі хацелася б, каб адпаведныя службы ўсё-такі звярнулі ўвагу на гэтую нязручнасць і прывялі ў парадак паламаны дах павільёна.