/

Як паведамілі НН чытачы, у Мінску сышла з рэек электрычка. Гэта адбылося на маладзечанскім кірунку, ля станцыі "Мінск-Паўночны". А калі дакладней — пад мостам, непадалёк ад выхаду са станцыі метро "Маладзёжная".

Паводле словаў відавочцаў, тры апошнія вагоны састава, які рухаўся, пераскочылі на іншы пуць, знеслі бетонную апору чыгуначнага семафора і ўрэзаліся ў рамонтны цягнічок, які стаяў на тым пуці. Пра пацярпелых не паведамляецца.



У Беларускай чыгунцы пацвердзілі факт аварыі, але больш поўнай інфармацыі пакуль не маюць. Дзяжурны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях інфармацыі пра здарэнне не меў, прэс-служба МНС увечары не адказвала.

TUT.BY: Як паведамiў ранiцай 4 лiстапада парталу кiраўнiк прэс-службы МНС Вiталь Навіцкі, на гэты час па інфармацыю пра здарэнне да яго ніхто не звяртаўся.

Па інфармацыі МНС, 3 лістапада адбыўся сход колавых пар пасажырскага электрацягніка, які рухаўся па маршруце "Маладзечна - Мінск-Пасажырскі".

Выявілася, што непадалёк ад прыпыначнага пункта "Мінск-Паўночны" ў выніку сходу другой каляскі перадапошняга вагона на стрэлачным пераводзе адбыўся сход з рэек колавых пар яшчэ двух вагонаў. Пашкоджана 10 метраў чыгуначнага палатна. На момант здарэння ў электрацягніку знаходзілася 52 чалавекі (50 пасажыраў і 2 машыністы). У выніку здарэння пацярпелых няма, са слоў прадстаўнікоў БЧ затрымкі ў раскладзе руху цягнікоў не адбылося.

Для ліквідацыі аварыі да месца здарэння быў накіраваны рамонтна-аднаўленчы цягнік УП "Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі". Дапамога МНС у ліквідацыі аварыі не патрабавалася, аднак сітуацыя да моманту яе ліквідацыі знаходзілася пад кантролем. Расследаванне праводзіць камісія УП "Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі".




-25%
-10%
-10%
-20%
-50%
-25%
-20%
-10%