В мире


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

З усіх постсавецкіх рэспублік найбольш блізкая і зразумелая для нас сітуацыя з мовай — у суседняй
Сяргій Жадан (Сергій Жадан) — паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў і рок-канцэртаў. Нарадзіўся ў 1974 г. у Старабельску (Луганская вобласць). Аўтар каля 20 кніг паэзіі і прозы, многія з якіх перакладзеныя на дзясятак замежных моў. Уладальнік самай прэстыжнай кніжнай прэміі Украіны-2010 — "Кніга года BBC" за раман “Варашылаўград”.
 
Перакладае з ангельскай, беларускай, нямецкай і рускай моў. Літкрытыкі адзначаюць, што ў Жадана найлепшыя шанцы сярод усіх літаратараў постсавецкай прасторы на атрыманне Нобелеўскай прэміі.

У лістападзе 2004-га быў камендантам намётавага мястэчка ў Харкаве. Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменнікаў. Жыве ў Харкаве.
Фота: tisk.org.ua
Украіне, дзе пануе не фармальны, але рэальны білінгвізм. Як моўная сітуацыя змянілася за 20 год незалежнасці Украіны і чаго варта чакаць у бліжэйшай перспектыве? У міжнародны Дзень роднай мовы на пытанні карэспандэнта TUT.BY адказала зорка ўкраінскай літаратуры Сяргій ЖАДАН, кнігі якога збіраюць захопленыя водгукі ў Еўропе і на постсавецкай прасторы.

 
— Спадар Сяргій, як вы ацэньваеце сённяшнюю сітуацыю з украінскай мовай у параўнанні з першымі гадамі незалежнасці?
 
— У параўнанні з пачаткам 90-х сітуацыя, вядома, палепшылася. Прынамсі, большасцю насельніцтва ўкраінская ўжо не ўспрымаецца як выключна ідэалагічны фактар. Мова выйшла з рэзервацыі і перастала быць экзотыкай. Хоць частка грамадзян краіны па-ранейшаму яе ігнаруе.
 
Праблема ў тым, што сёння ў краіне адбываецца адкат кудысьці да пачатку тых самых 90-х, і бліжэйшым часам моўная сітуацыя можа рэзка пагоршыцца.
 
— Якое галоўнае дасягненне носьбітаў украінскай мовы за гады незалежнасці?
 
— Тое, што з чыста ідэалагічнага фактару яна пачала ператварацца ў мову нармальных зносін. Для часткі рускамоўнай украінскай моладзі сёння абсалютна звычайная рэч пераходзіць на ўкраінскую. Я тут кажу перадусім пра ўсходнюю і цэнтральную Украіну. На Захадзе сітуацыя заўсёды была іншай.
 
Увогуле аб дасягненнях казаць досыць складана. З аднаго боку, за гэтыя гады з'явілася новая ўкраінская літаратура, якую чытаюць; з'явілася ўкраінская поп-музыка, якую слухаюць; прыкметна ўзрасла прысутнасць украінскай мовы ў тэле- і радыёэфіры, прэсе, рэкламе... Нават нашы палітыкі спрабуюць гаварыць па-ўкраінску (не ўсе, вядома, і не заўсёды).
 
З іншага боку, моўнае пытанне для Украіны і сёння ёсць надзвычай хваравітым, яно раз'ядноўвае грамадзян на два варожыя лагеры. Як вынік, украінская мова дасюль знаходзіцца ў даволі хісткім становішчы, найперш праз не вельмі прадуманую (або зусім непрадуманую) моўную палітыку — як цяперашняй улады, гэтак і папярэдніх.
 

“Украінская застаецца мовай толькі часткі грамадства”

 
— А што ў вас за гэтыя 20 год не атрымалася?
 
— Украінская так і не стала роднай для большасці грамадзян Украіны і застаецца мовай толькі часткі грамадства. На жаль, яе і сёння выкарыстоўваюць у якасці аргумента (альбо контраргумента) у палітычных гульнях. Зрэшты, як і расійскую.
 
— Ці шмат украінская справа і слова прасунуліся наперад за пяць год кіравання Юшчанкі і “памаранчавых”?
 
— Мне здаецца, што не. Больш за тое, у выніку малаадэкватнай у цэлым палітыкі папярэдняй улады нават станоўчыя ініцыятывы што да папулярызацыі ўкраінскай мовы часта выклікалі супраціў і непрыманне сярод насельніцтва. Хоць, трэба прызнаць, частка ўкраінцаў ад пачатку настроена на непрыманне любых ініцыятываў, звязаных з моўным пытаннем. Відавочна, улада павінна гэта ўлічваць, але найчасцей гэта не робіцца.
 
— Нядаўна вы напісалі, што на дваццатым годзе незалежнасці ўкраінскае грамадства сутыкнулася з неабходнасцю абараняць дасягненні мінулых 19 гадоў ад улады, абранай ім самім. Як далёка, на ваш погляд, Януковіч і К° могуць зайсці з русіфікацыяй Украіны?
 
— Мяркую, пытанне не ў тым, як далёка яны могуць зайсці, а ў тым, як далёка ім дазволяць. Так ці інакш, грамадзяне павінны вызначыцца з уласнымі прыярытэтамі. Не сустракаючы дастатковага супраціву ў грамадстве, улада становіцца некантралюемай.
 
— У Беларусі беларускамоўныя — гэта альбо творчая інтэлігенцыя, альбо “прасунутая” моладзь. І амаль ўсе яны — у апазіцыі да ўлады. Ці можна казаць пра пэўны вобраз украінскамоўных?
 
— У нас усё крыху інакш. Па-першае, я ўжо згадваў, у нас ёсць Заходняя Украіна, дзе украінскамоўныя не абавязкова прасунутыя або інтэлігентныя — часам яны проста ўкраінскамоўныя. Ды і ў Цэнтральнай Украіне ўкраінскамоўнасць не абавязкова ёсць прыкметай прыналежнасці да гэтых самых "інтэлігенцка-прасунутых колаў”.
 
Акрамя таго, у краіне (у прыватнасці на ўсходзе), вельмі распаўсюджаны білінгвізм, што наогул размывае вобраз украінскамоўнага ўкраінца. Аднак згодны з тым, што большасць "украінскамоўных ўкраінцаў" адмоўна ставяцца да сённяшняй улады.
 

“Дрэнна, што ўсё зноў зводзіцца да супрацьстаяння літаратур”

 
— У СССР пісьменнікі былі не толькі “запаведнікамі” нацыянальнай мовы, але і маральнымі аўтарытэтамі нацыі. Ці змянілася іхняя роля ў сучаснай Украіне?
 
— Сёння пісьменнікі хутчэй пэўныя раздражняльнікі. Ад іх патрабуюць адказу. З імі ўступаюць у дыскусіі. На іх ускладаюць надзеі і пераводзяць віну за паразу. Ад іх патрабуюць самаахвяравання і г.д. Пры гэтым асаблівым аўтарытэтам яны не карыстаюцца.
 
Хоць ёсць прыклад Ліны Кастэнкі (пісьменніца-шасцідзесятніца. — TUT.BY), якая са сваім раманам “Записки українського самашедшого” (2010) стала рупарам ўкраінскасці, скалануўшы памянёныя вышэй "інтэлігенцка-прасунутыя колы" і прымусіўшы іх адрэфлексаваць на падзеі апошніх гадоў. Мабыць, Ліна Кастэнка з'яўляецца сапраўдным аўтарытэтам для часткі ўкраінцаў.


Фота: Таццяна Давыдзенка.
 
— Нядаўна сустрэў лічбу: больш за 90% кніг, што прадаюцца ва Украіне, — гэта расійскамоўная літаратура. Як вы, украінскі пісьменнік, пачуваецеся на тэрыторыі астатніх 5-10%?
 
— Гэта вельмі актыўная тэрыторыя, якая пастаянна рухаецца і развіваецца. Гэта той плацдарм, за які трэба трымацца. Дрэнна, што ўсё зноў зводзіцца да супрацьстаяння літаратур.
 
— У Беларусі рэгулярна вядуцца дыскусіі, ці лічыць беларускімі тых літаратараў, хто піша па-расійску. Ці ёсць падобнае ва Украіне?
 
— У нас такія гутаркі таксама вядуцца. Асабіста я лічу: усё, што напісана грамадзянамі Украіны, ёсць часткай украінскай літаратуры. Але, думаю, са мной многія не пагодзяцца.
 

“Рэгіянальны падзел — гэта надоўга”

 
— У што ў перспектыве можа мадэрнізавацца сучасны ўкраінскі білінгвізм?
 
— Цяжка сказаць. Аднак, сапраўды, хацелася б, каб ён мадэрнізаваўся ды пазбавіўся ідэалагічнага складніка і нацыянальных комплексаў.
 
— Рэгіянальны падзел (украінскамоўны захад і расійскамоўны ўсход) — гэта назаўжды?
 
— Ну, прынамсі, надоўга. Было б вельмі добра, каб палітыкі перасталі гэты падзел паглыбляць. Але гэта зноў жа шмат у чым залежыць ад саміх грамадзян Украіны. А яны маюць здольнасць час ад часу прымаць нечаканыя рашэнні і змяняць, нарэшце, сітуацыю да лепшага.

 

Даведка TUT: украінскі білінгвізм


Моўная сітуацыя ва Украіне характарызуецца паняткам “усеагульны білінгвізм”: усе валодаюць украінскай і рускай мовамі, выкарыстоўваючы іх у прыблізна роўных прапорцыях.

Традыцыйна ў заходнім, паўночным і цэнтральным рэгіёнах краіны пераважае дзяржаўная ўкраінская мова, на поўдні і ўсходзе - руская. Даныя перапісаў і сацыялагічных апытанняў вельмі розняцца. Больш за 60% жыхароў Украіны лічаць роднай украінскую, больш за 30% - рускую. Што да ўжытку мовы, то тут крыху пераважае руская, якой паслугоўваюцца больш за 50% грамадзян Украіны. Больш за 10% украінцаў размаўляе на суржыку - украінскай “трасянцы”.

Нягледзячы на ўсе высілкі па ўкраінізацыі краіны, руская пераважае ў кнігадрукаванні (больш за 90% прададзеных кніг - на рускай). Усе найбольш аўтарытэтныя друкаваныя СМІ таксама рускамоўныя. Тэлебачанне ў асноўным украінскамоўнае, аднак на шэрагу каналаў корпус праграм транслюецца па-руску (не можа перавышаць 50%). У інтэрнэце большасць найпапулярных рэсурсаў маюць дзвюхмоўныя версіі.

За часам кіравання лідара “памаранчавай рэвалюцыі” Віктара Юшчанкі (2005-2010) Украіна ўзяла выразны курс на нацыяналізацыю ў розных сферах. З прыходам да ўлады Віктара Янкуковіча пачаўся адкат да ранейшай сітуацыі. Гэтак, летась вну дазволілі весці навучанне на замежных мовах (указ прымаўся найперш “пад рускую мову”). Быў адменены абавязковы дубляж імпартных кінафільмаў на ўкраінскую мову. Абавязковы мінімум ужывання ўкраінскай мовы ў тэлеэфіры быў зніжаны з 95% да 75%. Адменена 50%-я квота на трансляцыю ў тэле- і радыёэфіры твораў украінскіх кампазітараў.