Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Спорт


Фан-клуб БАТЭ на трыбунах мінскага 'Дынама'. Фота bymedia.net
Фан-клуб БАТЭ на трыбунах мінскага "Дынама". Фота bymedia.net

Узлет барысаўскага клубу не звязаны са зрухамі ў айчынным футболе.

Амаль паўтара дзесяцігоддзі Еўропа атрымлівала з Мінску пераважна негатыўную інфармацыю: пераследы і арышты апазіцыйных актывістаў, разгоны мітынгаў, непразрыстасць выбараў, уціск незалежных СМІ… Пакуль беларускія ўлады гавораць аб лібералізацыі і намагаюцца выканаць умовы Захаду, сапраўдны прарыў у Стары Свет здзейсніў правінцыйны футбольны клуб БАТЭ.

Барысаўцам яшчэ далёка да вяршыняў Лігі чэмпіёнаў, аднак ні з чым не параўнальная папулярнасць футболу і, вынікам, найвышэйшая канкурэнцыя ў гэтай спартовай галіне прыцягваюць пільную ўвагу міжнароднай супольнасці не толькі да лідэраў, але і да парушальнікаў спакою, зрынальнікаў аўтарытэтаў. Менавіта гэтую ролю цягам чатырох месяцаў выконвалі чэмпіёны Беларусі.

Калі ў першым папярэднім раундзе Лігі чэмпіёнаў каманда Віктара Ганчарэнкі перамагла ісландскі “Валюр”, гэта не выклікала цікавасці. Аднак ужо ў другім крузе беларусы зрынулі знакаміты бельгійскі “Андэрлехт”, а ў трэцім — балгарскі “Леўскі”, — клубы не элітарныя, але з багатай гісторыяй, устойлівай рэпутацыяй і з большым, чым у БАТЭ, бюджэтам. Перад беларусамі ўпершыню ўзняўся шлагбаўм групавога турніру Лігі.

Ніхто б не здзівіўся, калі б, патрапіўшы ў еўраэліту, БАТЭ пачаў разгромна прайграваць усім запар, бо ролі “ўсіх” выконвалі мадрыдскі “Рэал” (Гішпанія цяпер — чэмпіён Еўропы), турынскі “Ювентус” (Італія — дзеючы чэмпіён свету) і піцерска-газпрамаўскі “Зеніт”, які заваяваў ў траўні Кубак УЕФА, а ў жніўні — Суперкубак кантыненту. Аднак дружына Віктара Ганчарэнкі саступіла ў шасці двубоях толькі тройчы, і ніводнага разу з буйным лікам. Тры іншых гульні беларусы завяршылі ўнічыю, прычым двойчы — з пераможцам групы “Ювентусам”. Замежныя адмыслоўцы высока ацанілі камандную гульню БАТЭ, прыпісаўшы ейнае аўтарства юнаму па трэнерскіх мерках і зусім невядомаму Ганчарэнку.

Апроч БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў нарабілі вэрхалу кіпрскі “Анартосіс” і румынскі “Клуж”, аднак мясцовых гульцоў у іх няшмат. У той час як у барысаўскім клубе надвор’е робяць менавіта беларусы.

Натуральна, каб гуляць на роўных з грандамі класу пакуль нестае. Аднак поспех БАТЭ відавочны і мусіць мець якое-кольвек лагічнае вытлумачэнне. Гэтак, шмат хто лічыць, што ўзлёт барысаўцаў ёсць адлюстраваннем прагрэсу ўсяго беларускага футболу. Вось, маўляў, і моладзевая зборная прабілася ў фінальную восемку першынства кантыненту.

Пагадзіцца з гэтым ільга толькі часткова. Рух наперад азначыўся, але ні больш за тое. МТЗ-РІПА і “Гомель” выбылі ў першым жа раўндзе Кубка УЕФА, “Шахцёр” — у другім крузе Кубка Інтэртота. Нацыянальная зборная ў чатырох апошніх гульнях тройчы саступіла. Не, звязваць узлет БАТЭ са зрухамі ў айчынным футболе наўрад ці можна.

Вялікі футбол — вялікі бізнэс, поспех у якім прыносяць веданне прадмету, выконванне законаў рынку, філігранны разлік, рацыянальнае выкарыстанне сродкаў… Калдыячанне беларускага футболу на задворках Еўропы ёсць наўпросты вынік неразвітасці рынкавых зносінаў. У нас, у адрозненне ад Расеі і Ўкраіны, няма нават прафесійнай футбольнай лігі. Клубы змунашыя канькаць грошы ў прадпрыемстваў, да якіх далучаныя прэзідэнцкім указам, і мясцовых органаў улады. Клубы, як правіла, не валодаюць стадыёнамі, многія не маюць уласных загарадных базаў, іхнія бюджэты мізэрныя, а большасць кіраўнікоў малакампетэнтныя.

На гэтым тле БАТЭ і ягоны кіраўнік Анатоль Капскі выглядаюць белымі варонамі. Капскі любіць футбол і цудоўна ведае яго на ўсіх узроўнях: ад дзіцячага да прафесійнага, добра вывучыў кан’юнктуру гэтага спецыфічнага рынку. Амаль усе самыя значныя трансферы айчыннага футболу ажыццявіў менавіта ён: продажы Глеба нямецкаму “Штутгарту”, Кутузава — італьянскаму “Мілану”, Жаўнова — “Маскве”, Ліхтаровіча, Канцавога, Шмігеры, Філіпенкі — маскоўскаму “Спартаку”, Рындзюка — маскоўскаму “Лакаматыву”, Скрыпчанкі — ЦСКА, Радзькова — падмаскоўнаму “Сатурну”.

Не менш паспяховы Капскі і пры набыцці футбалістаў. У цяперашнім складзе БАТЭ толькі паўабаронца Ігар Стасевіч ёсць выхаванцам клубу. Астатнія запрошаны ў розныя гады з розных камандаў, часам наўпрост з футбольных школаў. У 2008-м набытыя Вяромка і Сасноўкі — у гродзенскага “Нёмана”, Юрэвіч — у салігорскага “Шахцёра”, Валадзько — у брэсцкага “Дынама”, а таксама расеец Ржэўскі; у 2006-м: Крывец — у мінскага “Лакаматыву”, Радзівонаў — у жодзінскага “Тарпеда”, расейцы Казанцаў і Хагуш; у 2005-м: Жаўнерчык — у салігорскай ДЮСШ, Блізнюк, Няхайчык; у 2003-м: Сівакоў; у 2002-м: Ліхтаровіч — у магілёўскага “Дняпра-“Трансмаша”. Сівакоў з Няхайчыкам узятыя ў сталічнай футбольнай школы “Змена” у 15-16-гадовым веку. Як бачна, селекцыя ў БАТЭ на вельмі высокім узроўні.

Капскі своечасова парупіўся пра стварэнне сучаснай трэніровачнай базу ў Дудзінках, тады як многія ягоныя калегі могуць пра гэта толькі марыць. Да таго ж бос БАТЭ пераборлівы ў людзях. За 12 гадоў існавання каманду трэніравалі ўсяго трое: Юры Пунтус — 9 сезонаў, Ігар Крывушэнка працаваў у клубе 7 гадоў (3 — галоўным трэнерам), Віктар Ганчарэнка ў якасці трэнера — 4 (галоўным — адзін год). Відавочна — трэнерская пераемнасць. У сёлетнім чэмпіянаце краіны каманды, на чале якіх стаялі Ганчарэнка, Крывушэнка (мінскае “Дынама”) і Пунтус (МТЗ-РІПА), акупавалі ўвесь п’едэстал.

Адначасна Анатоль Капскі займае пасаду дырэктара завода БАТЭ (аўтатрактарнага абсталявання) і таму цудоўна знаёмы з асаблівасцямі беларускай фінансвавай сістэмы. Пакуль яму ўдаецца паспяхова сумяшчаць дзяржслужбу і футбольны бізнэс. Калі не будуць замінаць, ён і створаная ім каманда прафесіяналаў — менеджэраў, трэнераў, футбалістаў — мажліва, зробяць яшчэ крок наверх. Пагатоў, грошы для гэтага з’явіліся: клуб атрымае ад УЕФА 6,3 млн еўра прэміяльных. Вельмі малаверагодна, каб нешта падобнае атрымалася ў некага яшчэ. Асобаў, супараўнальных з Капскім пакуль не відно. А рух Беларусі на шляху развіцця рынкавых зносінаў праходзіць з хуткасцю чарпахі. Каб футбол быў сапраўды вялікім, бізнэс мусіць быць па-сапраўднаму буйным.


Міхась МОШЫН, Svabodaby.net