Беларусь зьяўляецца дзяржавай-падпісанткай шэрагу міжнародных дакумэнтаў у справе абароны правоў дзяцей. У краіне таксама існуе закон “Аб правах дзіцяці”. Акрамя таго, напярэдадні 1 чэрвеня прынятая чарговая прэзыдэнцкая праграма “Дзеці Беларусі”, разьлічаная да 2010 году.

Прэзыдэнцкая праграма сярод іншага скіраваная на павелічэньне нараджальнасьці ў Беларусі. Паводле прадстаўнікоў уладных структураў, дзяржава робіць усё, каб палепшыць дэмаграфічную сытуацыю. Гаворыць галоўны пэдыятар міністэрства аховы здароўя Натальля Галькевіч: “Падвышэньне нараджальнасьці, яно, канечне, абумоўлена многімі прычынамі. Ня толькі мэдычнымі, але й эканамічнымі, сацыяльнымі, палітычнымі. Што залежыць ад мэдыцыны - мы робім усё, лекаваньне ў нас бясплатнае”.

Паводле спадарыні Галькевіч, бясплатна выдаюцца лекі рознай катэгорыі хворым, а дзеці, што пакутуюць на фэнілкетанурыю (гэта цяжкае захворваньне, зьвязанае з парушэньнем абмену рэчываў), атрымоўваюць бясплатнае харчаваньне. Нагадаю, што ва ўсім сьвеце такія хворыя атрымоўваюць бясплатнае лекавае харчаваньне пажыцьцёва. Але бацькі хворых дзяцей у Беларусі маюць з гэтым вялікія праблемы. Вось што паведаміла "Свабодзе" маці аднаго з такіх малых, спадарыня Сьвятлана: “Нашы дзеці сапраўды атрымліваюць гэтае харчаваньне бясплатна, але як яны атрымліваць? Бывае па 5-7 месяцаў няма. Адбываецца самаатручваньне арганізма. І калі зь першых дзён не прымаць гэтыя лекі, то дзіця ніколі ўжо здаровым ня будзе”.

Як паведаміла спадарыня Сьвятлана, многія жанчыны, хворыя на фэнілкетанурыю, падчас цяжарнасьці вымушаныя яе перапыніць з прычыны адсутнасьці лекаваньня. Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, толькі з мэдычных паказаньняў у Беларусі перапыняюць цяжарнасьць 570 жанчын штогод. Менавіта права на здароўе - адно з галоўных і першасных правоў дзіцяці - у Беларусі парушаецца сыстэматычна, кажа кіраўніца праваабарончага Беларускага хэльсынскага камітэту Тацьцяна Процька.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня амаль 60% беларускіх сем’яў маюць толькі адно дзіця, дваіх - 35%, трох і больш малых гадуюць толькі 6% сем’яў. Усяго ў Беларусі цяпер каля 2 мільёнаў дзяцей. Каля 33 тысячаў зь іх - дзеці-сіроты, якія выхоўваюцца ў дамах-інтэрнатах, і гэтая лічба павялічваецца на тры тысячы штогод.
-11%
-30%
-30%
-33%
-15%
-10%
-40%
-52%
-23%
-10%
-20%
0070970