«Я лічу, што кожны з нас мог бы выратаваць аднаго-двух чалавек. І гэта была б вялікая справа», — у Мінску нобелеўская лаўрэатка сустрэлася са шматдзетнай сямʼёй Любові і Васіля Равенкаў. Пра гісторыю маладых бацькоў са Слоніма Святлана Алексіевіч даведалася з публікацыі на Радыё Свабода.

Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org

«Я атрымала вялікую прэмію. Лічу сваім абавязкам зрабіць, як у Бібліі - „дзясятую частку аддай“, — сказала Святлана Алексіевіч. — Адзінае, што я, па-першае, не люблю публічнасці ў гэтай справе. А па-другое — гэта ж так шмат гора. Як пасля спаць, калі табе будуць пісаць! Гэта невыносна».

Гэта далёка ня першы раз, калі Алексіевіч матэрыяльна дапамагае розным людзям. «Бяды многа, мяне гора чалавечае прыцісне. Але калі я пабачыла камэнтары (пад публікацыяй. — РС), я зразумела, што гэта павінна быць публічна», — тлумачыць яна, чаму гэтым разам сваю дапамогу вырашыла не хаваць.

«Мы такога не чакалі ніколі. Такія каментары былі пад артыкулам. Ня думалі, што нам нехта дапаможа, што такі чалавек знойдзецца», — Любоў і Васіль прыехалі са Слоніма разам з дзецьмі. Малодшаму трохі больш за два годзікі. Старэйшай — трынаццаць.

— Елізавета, Аляксандра, Кацярына, Даніл, Таццяна і малодшы Міхаіл, — называе Любоў імёны дзяцей.

— Якія імёны ў вас! Біблейскія, можна сказаць, — кажа Святлана Алексіевіч.

Пра Равенкаў Радыё Свабода напісала 15 кастрычніка. Любоў распавядала пра сваё няпростае жыццё і пра тое, як з шасцю дзецьмі яны дагэтуль жывуць на найманай кватэры. Каб зрабіць унёсак на ўласнае льготнае жытло, ім было трэба 3600 новых рублёў. Такіх грошай у сямʼі, дзе працуе адзін бацька, няма.

— Які ў вас заробак? — спыталася ў Васіля Святлана.

— Чатыры з паловай — пяць мільёнаў, — адказвае мужчына, які працуе ў мясцовай гаспадарцы ветэрынарам.

Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org

Любоў атрымлівае 280 дэнамінаваных рублёў дапамогі на малодшага сына, якому яшчэ няма трох.

— На ўсіх іншых пяць дзяцей разам яшчэ даюць 82 рублі, — дадае Васіль.

— Як жа цяпер пражыць на чатыры мільёны з шасцю дзецьмі? — здзіўляецца Алексіевіч. — Гэта ж толькі адзення колькі, партфеляў!

Дом для шматдзетных семʼяў у Слоніме абяцаюць дабудаваць у студзені. Нібыта Равенкам маюць выдзеліць трохпакаёвую і двухпакаёвую кватэру. Такая магчымасць была ў іх і летась, але тады грошай на ўнёсак яны не знайшлі. Не знайшлося іх і сёлета.

«Як гэта ў вас атрымалася так многа (дзяцей. — РС)? — пытаецца Святлана. — Напэўна, гэта каханне, інакш так многа не атрымліваецца».

Любе 31 год, Васілю — 27. Пра сваю сямʼю жанчына распавядае шчыра і падрабязна. Разам яны пяць гадоў.

«Былы муж ужываў алкагольныя напоі, — кажа яна — Я мучылася, мучыліся дзеці, я ў міліцыю звярталася. Я вырашыла, што лепш я адна буду з пяццю дзецьмі, чым з такім мужам. Невыносна было».

У гэты пэрыяд сямʼю нават паставілі на ўлік — маўляў, у сацыяльна небяспечным становішчы. Гэтае кляймо, кажа Люба, даводзілася здымаць з сябе доўга, і падставаў, на яе думку, не было для яго ніякіх.

Калі пазнаёміліся з Васілём, у Любы ўжо было пяцёра дзяцей. Малодшаму Данілу — толькі сем месяцаў.

«Гэта падарунак лёсу быў мне. Сказаў: „Як пабачыў — усё. Цяпер у цябе ёсць я, я стану для іх бацькам“, — кажа Люба. — Тата для іх аўтарытэт у сямʼі. Асабліва для Данілы. „Таго“ тату ён і ня ведае, той ім не цікавіцца. Я пакуль і не казала, што ён няродны».

Пасля ўжо вырашылі, што трэба і супольнае дзіця, кажа Люба.

«На УЗІ са мной хадзіў, і ў паліклініку, і такі быў задаволены, калі на УЗІ сказалі „хлопчык“», — кажа яна.

«„Каханне“, — усміхаецца Раіса Генадзеўна, маці Васіля, якая прыяжджае з Ружанаў дапамагаць сынавай сямʼі. — Я юбілейная бабуля, у мяне ўжо дзесяць унукаў».

Любу і яе дзетак яна, кажа, прыняла адразу і цяпер дапамагае, чым можа, са сваёй пенсіі, якую зарабіла даяркай.

«Божы дар, — кажа Люба. — І вось гэтая жанчына, якая нам цяпер дапаможа. Гэта анёлы-ратавальнікі».

За апошнія гады сямʼя Равенкаў змяніла некалькі найманых кватэраў. Цяпер некалькі месяцаў жывуць у прыватным доме. Тут сціпла, чыста, ёсць усё неабходнае, а для дзяцей завялі козаў. Старэйшыя дзяўчаткі ходзяць у школу. Кажуць, што вучацца добра, займаюцца танцамі, музыкай і маляваннем. Малодшы Міхал з маці дома, пяцігадовы Даніла — у садочку.

«А як мясцовыя ўлады, што яны кажуць? Чаму не даюць грошай?» — пытаецца Алексіевіч.

«Яны кажуць: мы разумеем, але нічым ня можам дапамагчы, — адказвае Васіль. — Шукайце, пазычайце. Праблема ў тым, што ніхто ня хоча пазычаць, бо шасцёра дзяцей. Дый людзі цяпер усе ў крэдытах, нават маленькую суму немагчыма пазычыць».

Мясцовыя ўлады, кажа Любоў, на першую публікацыю ніяк не адрэагавалі. Каментары пад артыкулам яна старалася не чытаць. У садочку сказалі, што такім артыкулам Равенкі «ганьбяць дзяцей».

«А чым я іх ганьблю, — са слязьмі ў голасе пытаецца Любоў. — Я што, пабіраюся? На ежу грошай ім прашу?!»

Пасля публікацыі званок да іх быў толькі адзін — ад нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Хто яна такая, Любоў ня ведала.

«Пасля стала глядзець пра яе ў інтэрнэце, якая яна мужная жанчына, што такога дабілася. Мне стала трохі сорамна, што я ня ведаю. Але я мала гляджу тэлевізар. Усё ў працы. Ня ведаю, што такія жанчыны ёсць», — кажа яна.

«Я вам прынесла свае кнігі, — Святлана Алексіевіч пры сустрэчы падарыла Равенкам два свае выданні. — Пачытайце, што я пішу. Расціце разумнымі, добрымі».

На развітаньне ўсе фатаграфуюцца разам на памяць.

Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org

«Мы нават не чакалі, што людзі адгукнуцца. Тым больш такога ўзроўню», — стрымана кажа Васіль.

«Я ўсё думала, як сябе паводзіць, — Любоў сапраўды перад сустрэчай вельмі хвалявалася. — А пабачыла — і нібыта свой чалавек, цяпер ужо частка сямʼі. Нездарма ёй далі імя Святлана. Прынесла святло ў наш дом».

Равенкі абяцаюць, што як толькі атрымаюць ключы, адразу пакажуць новую кватэру.

— А куды козаў падзенеце? — пытаемся мы.

— Ня ведаю, на балкон? — смяецца Люба. — Чужому аддаць, то не. Для дзяцей жа бралі.

{banner_819}{banner_825}
-50%
-15%
-15%
-20%
-40%
-40%
-25%
-15%
-35%