Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Дзіцячы рэаніматолаг Андрэй Вітушка абараніў кандыдацкую дысертацыю «Прагнастычныя фактары і прафілактыка ўнутрашлуначкавых крывазліццяў у неданошаных з масай цела менш за 1500 грам пры нараджэнні». Дысертацыйная рада галасавала за яе адзінагалосна.

Андрэй Вітушка. Фота: facebook.com/kvitushka
Андрэй Вітушка. Фота: facebook.com/kvitushka

«Трэба часцей даваць магчымасць дактарам гаварыць па-беларуску», — кажа Андрэй Вітушка.

Усе 11 сябраў дысэртацыйнай рады аднагалосна прагаласавалі за абарону дысертацыі.

— Праца была прысвечана папярэджанню цяжкіх пашкоджанняў мозга ў глыбока неданошаных дзетак, якія нарадзіліся вагой менш за паўтара кілаграма. У сувязі з тым, што яны такія няспелыя, непадрыхтаваныя да жыцця, часта бывае, што ў іх судзіны ў галаве не вытрымліваюць і рвуцца, і ўтвараюцца крывазліцці ў мозг. Гэта сур’ёзная праблема, бо яна з’яўляецца потым прычынай інваліднасці. Драматычная сітуацыя, калі за хвіліны чалавек робіцца інвалідам на ўсё жыццё. Праблема актуальная ў сусьветнай педыятрычнай навуцы, — тлумачыць сутнасць свайго даследавання Андрэй Вітушка.

Падчас працы над дысэртацыяй доктар даследаваў дзетак, якія лячыліся ў аддзяленні рэанімацыі нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця». Праграма прафілактыкі, якую распрацаваў Вітушка, прайшла выпрабаванне ў РНПЦ і зацверджана на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя.

— Сваёй працай я хацеў адказаць на пытанне, як трэба лячыць такіх дзетак, каб у іх не здараліся такія рэчы. Каб у іх былі здаровыя захаваныя галовы. І каб гэта была магчымасць ім далей расці і развівацца, — распавядае ён.

Вітушка, які камунікуе са сваімі пацыентамі і калегамі па-беларуску, кажа, што ніякіх праблемаў з беларускай мовай у яго ў працы не ўзнікае. Складаную навуковую назву патлумачыць простай мовай таксама магчыма.

— Шлуначак — гэта такая паражніна ў галаўным мозгу, — тлумачыць Андрэй. — Сам па сабе мозг неаднародны і мае свае паражніны, шлуначкі.

Праца беларускага доктара атрымала пазітыўныя водгукі ад экспертаў з Украіны і Расіі. На самой абароне да яе таксама паставіліся вельмі прыязна.

— Дысэртацыю я абараняў па-беларуску, праблем не было, — распавядае Андрэй. — Калегі станоўча паставіліся, некаторыя задавалі пытанні па-беларуску. Потым у абмеркаванні казалі, што гэта ўвогуле не пытанне і ня нешта дзіўнае, што хтосьці ў Беларусі хоча па-беларуску размаўляць. Гэта было вельмі прыемна.

— Калі навукоўцы гатовыя ўспрымаць беларускую мову, трэба часцей даваць ім такую магчымасць, — упэўнены доктар. — Трэба часцей гаварыць па-беларуску з імі. Часам нават беларускамоўныя ў жыцці людзі прыходзяць да доктара і пачынаюць «саромецца» гаварыць па-беларуску. Кажуць, што доктар нібыта не зразумее, калі я скажу, што ў мяне страўнік баліць ці ныркі цягне.

Цяпер Андрэй Вітушка будзе чакаць рашэння Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, якая на працягу шасці месяцаў будзе прымаць рашэнне аб наданні яму звання кандыдата медыцынскіх навук.

0058045