Политика
Экономика и бизнес
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    1234567
    891011121314
    15161718192021
    22232425262728
    2930311234

Общество


Максім Кавальскі, фота: Сяргей Гудзілін,

Гэты дом ведае кожны жыхар сталіцы. Цэнтр Мінска, насупраць — Купалаўскі тэатр. На першым паверсе — кнігарня «Веды». На тарцы — уваход на станцыю метро «Купалаўская».

Сям’я паэта і перакладчыка Аляксея Зарыцкага пасялілася ў доме, калі ён толькі быў пабудаваны. Сям’я празаіка і літаратуразнаўцы Івана Навуменкі атрымала ордэр на кватэру ў пачатку 1964 года. Пра гісторыю дома расказваюць яго жыхары, дочкі пісьменнікаў: Таццяна Аляксееўна Зарыцкая і Валерыя Іванаўна Навуменка.

Таццяна Зарыцкая: Пасля вайны ад дома, які стаяў на месцы цяперашняга, нічога не засталося. Праз пэўны час вырашылі будаваць новы. У савецкія часы дамы звычайна здавалі да нейкага свята. Дом на Маркса, 36 быў гатовы да 7 лістапада 1953 года.

Валерыя Навуменка: Калі ён будаваўся, дрэвы садзілі самі жыхары. Амерыканскія клёны, белую акацыю, бэз… Пазней дрэвы паспілоўвалі. Памятаю, як Уладзімір Караткевіч ратаваў рабіну. Прымацаваў яе дротам да апоры і паліваў, насіў ваду з пятага паверха.

Валерыя Навуменка.
Валерыя Навуменка.

ТЗ: Дарэчы, у 1970-я ў доме часта адключалі ваду. Караткевіч шмат хадзіў па інстанцыях і змагаўся з чыноўнікамі… Наогул, наш дом быў пабудаваны ў стылі сталінскі ампір. Манументальны, пампезны. У кватэрах — высокія столі і прасторныя пакоі. Дом складаўся з трох пад’ездаў. Два адбудаваў за ўласныя грошы Літфонд, яшчэ адзін — гарсавет (кватэры там атрымалі будаўнікі, у прыватнасці з будтрэста № 4).

ВН: У ордэрах (зразумела, рускамоўных) было пазначана слова «дровянник». У кватэрах меліся печкі, але з дзяцінства памятаю толькі кафляную сцяну на кухні, бо недзе на пачатку 1960-х правялі газ. Дарэчы, да сярэдзіны 1970-х можна было хадзіць па паддашшы з пад’езда ў пад’езд.

«Брыль вучыў нас рабіць партызанскую печку»

«НН»: Дом на Маркса, 36 вядомы славутымі жыхарамі, сярод якіх былі Янка Брыль, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін. Як складваліся адносіны з імі?

ВН: Адносіны між суседзямі былі добразычлівымі. Аднойчы мой 3-гадовы брат Павел спускаўся па лесвіцы, а насустрач падымаўся пісьменнік Ян Скрыган, які жыў на паверх вышэй за нас. Брат кажа яму: «Во!». «Што?» — спытаў Скрыган. «Ты не бачыш, што ў мяне новыя чаравікі?» Скрыган адразу падыграў яму: «Ты што, Павел Іванавіч. Адразу заўважыў!»

Аднойчы ў Скрыганоў ладзілася вяселле — замуж выходзіла дачка Галя. Танцы ды скокі былі такія, што ў нашай кватэры абвалілася лямпа з абажурамі.

Назаўтра прыйшла жонка Скрыгана з прабачэннем і прапановай аб кампенсацыі. Дык маці з яе нічога браць не стала. Да пачатку 1970-х гадоў мы нават не замыкалі кватэры.

Але ў пісьменніцкіх сем’ях існавала строгая дысцыпліна. Усе дзеці, якія жылі ў пад’ездзе, ведалі сваё месца. Немагчыма ўявіць, каб яны чапляліся да дарослых, калі тыя працавалі за сталом, або качаліся па падлозе, штосьці сабе патрабуючы. Але самай узорнай у гэтым плане была сям’я Янкі Брыля.

ТЗ: Ніна Міхайлаўна, жонка Івана Антонавіча, скончыла польскую гімназію, потым інстытут замежных моў. Выкладала англійскую мову ў фізікаў. Аднойчы я паскардзілася, што трэба вучыць латынь. У адказ яна прачытала на памяць на латыні прамову Цыцэрона супраць Каціліны. Сам Брыль з вялікай увагай ставіўся да дзяцей. Адпачываючы на Нарачы, вучыў нас, як зрабіць будан ці партызанскую печку, дзе можна раскладваць вогнішча. А часам мог зрабіць шырокі жэст і купіць усім дзецям марозіва.

Кіёчкі, з якімі хадзілі пісьменнікі.
Кіёчкі, з якімі хадзілі пісьменнікі.

ВН: Асаблівай тэрыторыяй у кватэрах быў пісьменніцкі кабінет, куды заходзіць забаранялася. Але ўнукам дазвалялася. Аднойчы ў нас сабраліся госці. Усіх дзяцей адправілі ў кватэру Гілевічаў, каб не перашкаджалі. На стале ў кабінеце стаяла машынка, а на ёй — няскончаны верш.

Сястра ўзяла — дый завяршыла, у рыфму. Ды яшчэ і непрыстойным словам (ср**а). Потым Гілевіч доўга рагатаў.

Але яго жонка, Ніна Іванаўна, на наступны дзень прыйшла даведвацца, хто гэта зрабіў. Мы Таню не выдалі, але бацькі самі здагадаліся.

Галоўнае захапленне — літаратура

«НН»: Бадай, самы вядомы жыхар дома — Уладзімір Караткевіч…

ВН: Ён пераехаў у дом у 1971 годзе з жонкай і маці. Пісьменніку дасталася трохпакаёвая кватэра № 22, якая мела цікавую гісторыю.

ТЗ: Спярша там жыў паэт Усевалад Краўчанка. А потым пераехаў у кватэру № 4, дзе было ўсяго два пакоі. Відаць, хацеў мець ніжэйшы паверх. Але падчас вандроўкі беларускіх пісьменнікаў за мяжу Краўчанка трагічна загінуў у Францыі. А сям’я засталася ў двухпакаёўцы. Пазней у кватэры № 22 жыў Ян Скрыган. А ўжо пасля яго — Караткевіч.

ВН: Некалькі разоў даводзілася заходзіць да яго на кватэру. Аднойчы Валянціна Браніславаўна (жонка Караткевіча. — «НН») папрасіла рабіць Уладзіміру Сямёнавічу ўнутрымышачныя ін'екцыі. Скажу вам, што за 30 гадоў працы не сустракала больш далікатнага стаўлення да медыка, чым гэта было ў Караткевіча.

З ім звязаны яшчэ адзін цікавы ўспамін. На 8 Сакавіка ў нашыя дзверы маглі пазваніць. Прыходзіў Караткевіч: у цюбецейцы, халаце, з падведзенымі вачыма. Дарыў жанчынам гваздзікі, цалаваў дамам ручкі і ішоў да наступнай кватэры.

ТЗ: Цікава, што Ян Скрыган калісьці пагаліў галаву і летам таксама хадзіў у цюбецейцы, з кіем, заўсёды выглядаў як пан.

ВН: З Караткевічам была звязана яшчэ адна гісторыя. Напрыканцы 1979-га памерла матчына цётка, якая пражыла 100 гадоў. Маці рабіла жалобны стол. Раптам прыйшоў Караткевіч і кажа: «Ядвіга Паўлаўна, у цябе смачна пахне, а мне трэба ўзяць чарку. Але так, каб Валька (Валянціна Браніславаўна. — «НН») не ведала. Налілі яму чарку. «Ядвіга Паўлаўна, — кажа Караткевіч, — каб у цябе не памерла цётка, я б з цябе ў тры разы больш браў».

«НН»: Якім было галоўнае захапленне жыхароў дома?

ВН: Літаратура! Дом будаваўся з улікам таго, што ў пісьменнікаў вялікія асабістыя бібліятэкі, бо кнігі любілі ці не ўсе жыхары. Мой бацька і брат наогул чыталі як апантаныя. Такі ж фанатызм быў уласцівы ім і ў пошуках кніг. Памятаю, у 1982 годзе паехала з бацькам у Латвію, у Дом творчасці. Але ў Рызе ён зайшоў у букіністычную краму. Дык замест таго, каб паглядзець горад, мы ўвесь дзень правялі там. Потым я тыдзень адпраўляла кнігі па пошце ў Мінск.

Бібліятэка Івана Навуменкі.
Бібліятэка Івана Навуменкі.

ТЗ: Праўда, аднойчы любоў да кніг сыграла з нашымі суседзямі дрэнны жарт. Расказвалі, што ў 1960-я гады ў сына Піліпа Пестрака знайшлі асобнік «Доктара Жывага» Пастарнака. Потым і ў сына, і ў бацькі былі вялікія непрыемнасці.

Рукапісы Аляксея Зарыцкага.
Рукапісы Аляксея Зарыцкага.

ВН: А мой бацька, калі ехаў за мяжу, карыстаўся службовымі прывілеямі. І мог прывозіць усе забароненыя кнігі, але на замежных мовах. Аднойчы гэта літаральна выратавала майго брата. Ён здаваў іспыт выкладчыцы, якая імкнулася яго «заваліць». Спытала, ці чытаў «Уліс». Калі адказаў: «Так», — радасна паведаміла, што на рускай кніга не выходзіла. А брат адказаў, што чытаў па-ўкраінску.

Па суседстве з уладай

«НН»: Побач з домам на Маркса, 36 — будынак ЦК КПБ (цяпер Адміністрацыя прэзідэнта). Ці адчувалася блізкасць улады?

ВМ: Ніякай аховы не было. У часы Машэрава свабодна ездзілі побач з рэзідэнцыяй па Энгельса і Маркса, заязджалі ў двор адкуль заўгодна.

ТЗ: Дарэчы, раней між домам Маркса, 36 і суседнім, па Энгельса, 18, знаходзіўся чорны ход. Потым яго закрылі і зрабілі краму гадзіннікаў.

ВН: Насупраць дома, побач з Маркса, 39 (там таксама ўваход у метро), стаяла будка з міліцыянерам. Вось і ўся ахова.

ТЗ: Цяпер побач з нашым домам знаходзіцца кінатэатр «Піянер». Яго пачалі будаваць у 1964 годзе і адкрылі праз пяць гадоў. А раней на яго месцы знаходзіліся гаражы ЦК КПБ. На двор выходзіла толькі сцяна. Дзеці залазілі на нахілены дах і каталіся з яго, нібы з гары.

«НН»: Ці шмат жыхароў дома мелі ўласныя аўто?

ТЗ: Наогул машын у двары было мала. Першае аўто, нямецкі трафейны Opel Kadett, у сярэдзіне 1950-х гадоў купіў сабе пісьменнік Макар Паслядовіч. Цікава: маці яго будучай жонкі, Ядвіга Усцінаўна, не жадала іх шлюбу, бо зяць быў праваслаўны. Дык Паслядовіч выкраў сваю нявесту з дому. Пазней з’явіліся машыны і ў іншых жыхароў. Аляксей Зарыцкі прыдбаў «Масквіч», Кастусь Кірэенка, Тарас Хадкевіч, Пятро Глебка і Іван Шамякін — «Волгу», Усевалад Краўчанка — «Пабеду».

Кірэенкі і Зарыцкія мелі ў двары гаражы. У Кірэенкі ён быў паўкруглы, з яго было вельмі зручна катацца…

Насупраць нашага дома знаходзіўся невялікі будынак Саюза пісьменнікаў, дзе падчас вайны забілі Вільгельма Кубэ (потым у 1976-м будынак знеслі, каб пашырыць гмах ЦК КПБ). Хтосьці сказаў Кірэенку, які знаходзіўся ў Саюзе пісьменнікаў, што ў гараж залезлі злодзеі. Ён кінуў усе справы, прыбег — і ўбачыў дзяцей сваіх суседзяў.

Як чыноўнікі спрабавалі захапіць дом

«НН»: Жыллё ў цэнтры заўжды лічылася прэстыжным. Ці спрабавалі яго забраць?

ВН: Чыноўнікі даўно паглядалі на наш дом. Але ў нас няма ліфтаў, а ў большасці кватэр малыя кухні. А прычына тут простая. За будаўніцтва адказвала легендарная Фані Яфімаўна Алер, якая падчас вайны была дырэктарам Купалаўскага тэатра, а пазней узначальвала Літфонд. Паколькі яна з’яўлялася партыйнай жанчынай, дык зусім не цікавілася побытам. Таму памер кухні быў для яе неістотным.

Спробаў экспрапрыяцыі было некалькі. Аднойчы па доме пайшла расколіна. Чыноўнікі хуценька заявілі: маўляў, трэба ўсіх перасяляць.

Але на 1-м паверсе жыў унук Якуба Коласа і Янкі Маўра, інжынер па адукацыі. Разам з жонкай ён сабраў камісію. Высветлілася: невялікая расколіна ідзе па 4 і 5 паверхах і небяспекі няма.

ТЗ: З кватэрай, у якой жыў Янка Маўр, звязаныя цікавыя гісторыі. Сям’я пісьменніка першай набыла тэлевізар. Таму ўсе дзеці прыходзілі да яго ў госці і глядзелі перадачы. А яшчэ пад вокнамі кабінета Маўра знаходзіўся падвал з касым навесам, з якога мы каталіся. А пісьменнік ніколі не скардзіўся, хоць мы яму і перашкаджалі.

ВН: Дарэчы, пра падвал. Кватэру Максіма Лужаніна ў доме атрымаў начальнік аднаго з мінскіх ЖЭСаў. Дык ён выкінуў з падвалаў на вуліцу ўсю маёмасць, якая там знаходзілася (Уладзімір Някляеў там захоўваў мэблю і веласіпед), а падвал прадаў камерцыйным структурам.

ТЗ: Другая спроба мела месца, калі ў Мінску пачалося будаўніцтва другой лініі метро. Дом пачалі перабудоўваць, каб зрабіць на тарцы ўваход на станцыю «Купалаўская». Раней на яго месцы таксама была тэрыторыя крамы (цяперашнія «Веды» называліся «Паліткнігай»). Улада прапанавала некаторым жыхарам пераехаць і атрымаць замест адной невялікай кватэры дзве, але на ўскраіне. Некалькі сем’яў згадзілася, але астатнія засталіся.

ВН: Сёння асобныя кватэры ўжо прададзены. Напрыклад, кватэра Мележа, дзе пісаліся знакамітыя «Людзі на балоце», належыць нейкаму масквічу. Ці захаваў ён усё, як было? Не… Прапановы наконт продажу часта паўтараюцца. Калі памёр Іван Якаўлевіч, адзін чыноўнік не пасаромеўся завесці размову нават на пахаванні. Пазней з такой самай прапановай прыходзіла шмат лістоў, пісалі нават сведкі Іеговы. Але не магу прадаць кватэру, дзе прайшло ўсё жыццё. Для мяне нават падлога і дзверы рыпяць так, як у дзяцінстве…

Колькі каштуюць

У доме на Маркса, 36 прадаюцца дзве кватэры. За двухпакаёўку плошчай 56 м2 просяць $ 230 тысяч ($ 4100 за м2). За трохпакаёўку плошчай 89 м2 — $ 280 тысяч ($ 3150 за м2).

З беларускіх пісьменнікаў у доме жылі Янка Маўр (кватэра № 1), Максім Лужанін (№ 5), Рыгор Семашкевіч (№ 16), Васіль Вітка (№ 19), Іван Мележ, пазней Пятро Глебка (№ 20), Іван Шамякін, пазней Іван Навуменка (№ 21), Ян Скрыган, пазней Уладзімір Караткевіч (№ 22), Янка Брыль, пазней Вячаслаў Адамчык (№ 23).

Дагэтуль нерухомасць у доме маюць Ніл Гілевіч і Уладзімір Някляеў.


Комментарии с форума

  • PanSportsmen 3 февраля 2016 в 19:57 из Беларуси

    Из упомянутых знал Ивана Науменко. Отличный был человек во все отношениях!

  • Марыя_Т 3 февраля 2016 в 20:18 из Беларуси

    и знаем кандидата в президенты Некляева

  • PanSportsmen 3 февраля 2016 в 20:21 из Беларуси

    Вопрос к авторам. В чем состоят "таямницы"? Кто и что от него скрывал? Какие секреты он раскрыл?

  • PanSportsmen 3 февраля 2016 в 20:26 из Беларуси

    Марыя_Т (03.02.2016 20:18) писал(a):
    и знаем кандидата в президенты Некляева
    Тушить задним местом Вечный Огонь на Площади Победы он из этого дома ходил? Или из другого? Сей факт "президентской биографии" расписан в лично Некляевым и опубликован ТУТбаем года полтора назад.

  • Яўген_Рыбакоў 3 февраля 2016 в 20:52 из Беларуси

    Насупраць дома, побач з Маркса, 39 (там таксама ўваход у метро), стаяла будка з міліцыянерам. Вось і ўся ахова. Читать полностью: http://news.tut.by/society/483351.html Помню я ту железную будку. Помню как "ушёл" от милиционера проявившего беспечность. Много лет прошло, но всегда задаю себе вопрос - как его ноги? Долго болели?

  • Jury_Licvin 3 февраля 2016 в 23:56 из США

    За БССРам беларуская культуры і літаратура і яе працаўнікі былі ў пашане. І самі былі паважнымі і паважанымі людьмі.

  • БЕЛАРУСЬ (ЛІ´ТВА) N1 4 февраля 2016 в 01:36 из Швеции

    Самыя сырныя пакоі у Менску, жыла мая сяброўка там + месца без бамжэй / "русского міра" ...Рэд, кошты ужо даўно не такія!!

  • БЕЛАРУСЬ (ЛІ´ТВА) N1 4 февраля 2016 в 01:50 из Швеции

    Jury_Licvin (03.02.2016 23:56) писал(a):
    За БССРам беларуская культуры і літаратура і яе працаўнікі былі ў пашане. І самі былі паважнымі і паважанымі людьмі.
    не зусім згодзен ....RIP Браты Беларусы
    Чорная ноч Жахі не трэба выдумляць, пра іх трэба памятаць: больш за 100 чалавек, эліту нацыі расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. Беларускія літаратары, дзеячы культуры і навукі - усяго каля 100 чалавек - былі расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Мінскай турме НКУС. Цвет нацыі, людзі вядомыя і пры пасадах ці проста літаратары ды навукоўцы - людзі, якія ўмелі думаць. На працягу той ночы былі расстраляныя 22 беларускія літаратары, у наступную ноч яшчэ чацвёра. Ахвярамі сталінскага генацыду 29 кастрычніка сталі літаратары Якаў Бранштэйн, Віктар Вайноў, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Язэп Каранеўскі, Майсей Кульбак, Аляксей Кучынскі, Саламон Левін, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізя Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Макар Шалай, Павел Шастакоў, Арон Юдэльсон. У наступную ноч расстралялі Прохара Іспраўнікава, Янку Нёманскага, Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Гэта быў самы моцны ўдар па беларускай інтэлігенцыі ўвогуле і па літаратуры ў прыватнасці. З ёю ў інтэрнацыянальнай краіне былі... Читать дальше...

  • Jury_Licvin 4 февраля 2016 в 03:57 из США

    БЕЛАРУСЬ (ЛІ´ТВА) N1 (04.02.2016 01:50) писал(a):
    не зусім згодзен ....RIP Браты Беларусы http://nn.by/?c=ar&i=45274
    Гаворка вядзецца пра К.Маркса 36 і яго жыхароў - гэта пасляваенныя часы.

  • Jury_Licvin 4 февраля 2016 в 04:04 из США

    Дарэчы, нават у самыя чорныя 1937-38 гады, ніводнаму бальшавіку б не прыйшло ў галаву сказаць нешта накшталт 'на беларускам языку нельзя выразіць нічога вялікага', 'у міры ёсць толькі два дастойных языка', 'той хто гаворыць па-беларускі больше нічего не умент делаць'... Бо такога б гаваруна растралялі як правакатара хутка. А вось у незалежнай РБ - гэта дзяржаўная палітыка

  • PanSportsmen 4 февраля 2016 в 09:42 из Беларуси

    Jury_Licvin (04.02.2016 04:04) писал(a):
    Дарэчы, нават у самыя чорныя 1937-38 гады, ніводнаму бальшавіку б не прыйшло ў галаву сказаць нешта накшталт 'на беларускам языку нельзя выразіць нічога вялікага', 'у міры ёсць толькі два дастойных языка', 'той хто гаворыць па-беларускі больше нічего не умент делаць'... Бо такога б гаваруна растралялі як правакатара хутка. А вось у незалежнай РБ - гэта дзяржаўная палітыка
    Докажите обратное! Пишите на мове ВЕЛИКОЕ! Книги, сценарии, учебники! Разве кто то не дает? Но великого нет, есть постоянное цитирование фразы, которую лично я не слышал.

  • PanSportsmen 4 февраля 2016 в 11:07 из Беларуси

    БЕЛАРУСЬ (ЛІ´ТВА) N1 (04.02.2016 01:50) писал(a):
    не зусім згодзен ....RIP Браты Беларусы http://nn.by/?c=ar&i=45274
    Ночь, безусловно, трагическая. Но почему всегда, называя число "больш за 100", приводят два десятка фамилий? Где остальные имена и фамилии представителей национальной элиты?