/ /

На радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы зладзілі фэст па матывах этнаграфічнага свята. У календары нашых продкаў Багач быў прымеркаваны да восеньскага раўнадзенства. Народныя абрады, спевы, танцы, майстар-класы па традыцыйных рамёствах — фатограф TUT.BY адлюстраваў, як гэта было.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BYНашы дзяды святкавалі Багач пасля дажынак і заканчэння ўсіх сельскагаспадарчых работ.

— Мы, гарадскія жыхары, вядома, зараз не можам адчуць цалкам урачыстасць гэтага моманту. Увесь перыяд, які з зернем звязаны, быў падзелены на рытуалы, — уводзіць у справу сябра СЭТа Наста Глушко. — Жніво — велізарны працэс, які людзям цяжка было перажываць: уявіце, што ў вас цэлае поле жыта і вам патрэбна яго ўручную ўсё зжаць…

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Этнограф нагадвае: былі і зажынкі, і адмысловыя жніўныя песні, былі дажынкі. Урэшце рэшт — Багач. Галоўны сімвал свята — жыта новага ўраджаю. У лубцы з жытам запальвалася свечка.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY
Вянок — сімвал цнатлівасці, дзявоцкасці. Этнографы распавядаюць, што вянок апраналі самай прыгожай, самай зграбнай дзяўчыне — абавязкова сумленнай. Ад гэтай адказнай справы залежала, якім будзе год.

— Нашы продкі жылі, як можа падацца нам, дзіўным чынам: раней год падзяляўся на дзве паловы, лета і зіму. Багач — гэта кропка, у якой летняе сонца сыходзіць на другі бок зямлі, а да нас выходзіць зімовае сонца. Свяча, якая гарыць у зерні, — сімвал гэтага новага сонца, — тлумачыць Наста.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

У некаторых мясцовасцях Беларусі нашы продкі зносілі зерне ў лубок з кожнай вясковай хаты — па жменьцы. Напярэдадні фэста ў Вязынцы арганізатары-этнографы прапанавалі гасцям свята таксама захапіць з сабой зерня, альбо яго можна было атрымаць менавіта на свяце.

Традыцыйна багач — лубок з зернем і свечкай — захоўвалі на покуці ў адной з хат — гэта быў вялікі гонар. Лічылася, што ў хаце, дзе «жыў» багач, будзе дабрабыт. Гаспадар сядзібы імкнуўся адпавядаць: трымаў сваю хату, дзе з’явіўся багач, у чысціні. На наступны год багач пераходзіў у другую хату, потым — у трэцюю, так да працэсу далучалася ўся вёска.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Фото: Вадим Замировский, TUT.BYБагач шанавалі, з ім абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, скаціну ў хлявах — каб вялася і была здаровай.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY
Падчас свята ў Вязынцы пад спевы імітавалі шлях жанчын з поля, якія нясуць апошні дажынкавы сноп і ўручаюць гаспадару хаты, уладару поля.

У гэтым годзе Багач супаў з яшчэ адным святам, якое шануюць у народзе, — Узвіжаннем.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY— Па Беларусі шмат варыянтаў Багача, але нідзе, на жаль, не захавалася цэльнага апісання, — распавядае Наста Глушко. — Ёсць апісанне Адама Багдановіча, бацькі нашага слыннага паэта, пра тое, як святкавалі Багач у Ігуменскім павеце. Асноўныя элементы мы бралі адтуль. Але па ўсёй Беларусі знаходзяцца вырыянты абыходнага абрада, песень, страваў да Багача.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY
У дзень Багача нашы продкі наладжвалі піры і лічылі, што ўсяго павінна быць багата.

На Багач раней праводзіліся фэсты — вясковыя святы з кірмашом. Маладыя дзяўчыны там выбіралі сабе каралі, хусткі, а потым пачыналі выглядаць жаніхоў.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

Ад Багача пачынаўся вясельны перыяд: жыхары вёскі, закончыўшы гаспадарчыя справы, забяспечыўшы сябе на зіму, маглі ўладжваць цяпер свае сямейныя справы.

У Вязынцы свята праводзіцца ўжо не першы год — менавіта там атрымліваецца дасягнуць патрэбнай камернасці.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

— Мы хочам, каб свята было не паказальным, не сцэнічным, а каб усе, хто на ім ёсць, адчувалі сябе далучанымі да працэсу, былі ўдзельнікамі абраду, — распавяла Наста.

Фото: Вадим Замировский, TUT.BY

{banner_819}{banner_825}
-10%
-30%
-50%
-20%
-20%
-50%
-30%
0064701