Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Зміцер Панкавец,

Сёння адбылася сустрэча кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з пісьменнікамі. Удзельнічалі як прадстаўнікі афіцыйнага, гэтак і неафіцыйнага Саюзаў пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-Цэнтр прадстаўляў Андрэй Хадановіч.


"Лукашэнка сказаў, што яму патрэбныя дзве гадзіны, каб пачаць вольна размаўляць па-беларуску"

Мы паразмаўлялі са старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў Барысам Пятровічам аб выніках сустрэчы.

Фото: budzma.org
Барыс Пятровіч. Фото: budzma.org

"Гэтая сустрэча планавалася яшчэ вясной, тады ў прэзідэнта не было часу. Добра, што яна адбылася цяпер. Вельмі важна, што на яе былі запрошаныя і прадстаўнікі нашага саюза, а таксама ПЭН-Цэнтра, нас прымалі на роўных умовах. Былі выказаныя набалелыя моманты, я спадзяюся, што нашы меркаванні былі пачутыя".

Спадар Пятровіч кажа, што таксама атрымаў магчымасць выказацца на сустрэчы.

"Я гаварыў нават не столькі пра літаратуру, колькі пра беларускую мову. Тая сітуацыя, якая зараз утварылася з беларускай мовай, не можа не выклікаць занепакоенасці.

Вельмі добра, што з боку вышэйшага кіраўніцтва прагучала прапанова павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы ў школах. Але гэтага мала. Толькі гэтым не даб,ешся ведання мовы. Я выказаў спадзяванне, што школ з беларускай мовай выкладання ўсіх прадметаў паболее ў краіне. І не толькі ў вясковай мясцовасці, але і ў гарадах. Яшчэ важна, каб выпускнікі беларускамоўных школаў мелі магчымасць працягнуць адукацыю ў ВНУ па-беларуску. На сёння ж у краіне не існуе ніводнага ўніверсітэта, дзе выкладанне цалкам бы вялося на беларускай мове".


Ці размаўляў на сустрэчы Лукашэнка на беларускай мове? "Так, ён яе ўжываў у размове. А яшчэ ад яго прагучала, што ён можа вольна і спакойна перайсці на беларускую мову, для гэтага яму патрэбныя дзве гадзіны паразмаўляць на ёй з суразмоўцам".


Хадановіч: "Імя Алексіевіч Лукашэнку зачапіла за жывое"

Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з пісьменнікамі.
 
Андрэй Хадановіч

"Я не пачуў нешта інфармацыйна новага ў выступленні нашага суразмоўцы. Аднак я ўзгадваў колішняе "хаджэнне" літаратараў да прэзідэнта, здаецца, у 1997 годзе, калі ім не давалі слова, абрывалі. Таму я чакаў і сёння такі зубадрабільны атракцыён. Але на справе адчуў жаданне слухання, натавання. Ніхто нас не перапыняў, не размазваў па сценцы. Не магу сказаць, што ў мяне з,явіўся пэўны аптымізм, але я і не ішоў на сустрэчу з ілюзіямі сваім пяціхвілінным выступам змяніць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры".

Андрэй Хадановіч кажа, што яму вельмі хутка далі магчымасць выказацца. Літаратар спытаўся ў кіраўніка дзяржавы аб "чорных спісах" беларускіх пісьменнікаў, лёсе недзяржаўных выдавецтваў, а найперш "Логвінава", а таксама аб працы перакладчыкаў.

"Я не пачуў непасрэднага адказу, што "так", гэтыя спісы ёсць, ці "не", не існуюць. У сваім адказе прэзідэнт пераключаўся на зусім іншы кантэкст і з"явы. Напрыклад, у яго ніхто не адважваўся спытацца аб лёсе Міколы Статкевіча, але суразмоўца доўга тлумачыў свае матывы, чаму спадар Мікола застаецца ў турме. Тое самае было з смяротным пакараннем. Увогуле ж, на мае пытанні прэзідэнт адказваў амаль паўтары гадзіны. Было нават крыху няёмка перад астатнімі ўдзельнікамі сустрэчы, якія не атрымалі магчымасці выступіць.

Што тычыцца "Логвінава", то Лукашэнка
ўздымаў Мікалая Чаргінца і міністарку інфармацыі Лілію Ананіч, якія цытавалі не самыя лепшыя ўзоры Ігаравай [Логвінава] выдавецкай дзейнасці".

Хадановіч у сваім выступе адзначыў, што не варта ўжываць выразы "антыдзяржаўны саюз пісьменнікаў" і "антыдзяржаўныя" творцы, а трэба казаць "незалежныя". Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы не дазваляў сабе такіх словаў.

"Імя Святланы Алексіевіч зачапіла Аляксандра Лукашэнку за жывое. Адчувалася нейкая крыўда на спадарыню Святлану. Хаця гэта хутчэй тычылася выказванняў Алексіевіч у прэсе, а не яе твораў. Я цешу сябе ілюзіямі, што прэзідэнту ўсё ж цікавы супрацьлеглы пункт гледжання. І ён стаміўся ад аднаго фіміяму з боку літаратараў", — кажа Хадановіч.

"Што тычыцца беларускай мовы, то Лукашэнка ўжываў яе менш, чым расейскую. Канечне, мы ўсе ведаем ягоную іранічную звычку выкарыстоўваць беларускую мову, цытуючы апанентаў. Некалькі разоў гэты прыём быў ужыты і сёння. Аднак ужывалася беларуская мова і ў значна больш прыемным кантэксце. Лукашэнка сказаў, што мова — гэта нацыянальны скарб. А асабіста яму патрэбна зусім мала часу, каб перайсці на "багатую і сакавітую" беларускую мову. І прадэманстраваў, што здольны гаварыць па-беларуску без памылак".