"Чалавек без пакут – трава", – пісаў Васіль Быкаў у сваёй аповесці "Трэцяя ракета". Васіль Уладзіміравіч ведаў, што казаў: менавіта ў яго жыцці пакут хапала. Але і чалавекам ён быў і застаецца сапраўдным. З нагоды 90-годдзя з дня народзінаў беларускага класіка TUT.BY прыгадвае цікавыя факты з яго жыцця.

"Порахам чалавека не выхаваеш", - казаў Васіль Быкаў. Іншыя цытаты класіка чытайце тут.

1. Быкаў мог стаць мастаком ці скульптарам

Далёка не кожны беларус ведае, што свой лёс Быкаў мог звязаць з маляваннем, калі б… не загад Сталіна. Пасля заканчэння школы ва ўзросце 15 год Васіль Уладзіміравіч паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Але правучыўся там толькі год. У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці "Доўгая дарога дадому" ён сціпла ўспамінаў: "Вучыцца там доўга не прыйшлося, бо ў 1940 годзе стыпендыю адмянілі, і гэтая абставіна вярнула мяне ў вёску".

Фота: svaboda.org Фота: svaboda.org
Замалёўкі Васіля Быкава. Фота: svaboda.org

Аднак гэты эпізод з жыцця насамрэч быў больш драматычным, успамінала ў відэаінтэрв'ю TUT.BY сястра класіка Валянціна Уладзіміраўна. Акрамя таго што стыпендыі адмянілі, за навучанне пачалі браць плату, суадносную з коштам каровы. Аднак прадаць жывёлу – значыла выракчы звычайную вясковую сям'ю на галодную смерць.

Васіль Быкаў. Мінск, 1965 г. Фота: часопіс "Маладосць" (В. Ждановіч).

"А маляваў так добра! <…> Прынялі яго, правучыўся год. А перад самай вайной выйшаў указ Сталіна: трэба было плаціць дужа многа за вучобу. <…> Бацька напісаў: я ж не магу, дзіцятка, дзе ж узяць столькі грошай? Прыехаўшы дамоў, [Быкаў] плакаў, помню, плакаў…"

Звычка маляваць нешта ў нататніках падчас размоў захавала для нас нешматлікія малюнкі пісьменніка. А некаторыя замалёўкі, зробленыя ў вайну, нядаўна сталі вокладкай для кнігі Быкава "Мёртвым не баліць".

Беларускі празаік, драматург, публіцыст, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР Васіль Быкаў. Мінск, 1980-я гады. Фотахроніка БЕЛТА.
 

2. Пісьменніка памылкова "пахавалі" падчас вайны і ўшанавалі на помнікавым абеліску

Падчас удзелу ў Кіраваградскай аперацыі (Украіна) на Вялікай Айчыннай вайне Васіль Быкаў быў цяжка паранены ў плячо і жывот. Памылкова яго запісалі як загінулага, а родныя Быкава атрымалі "пахаронку". Да таго ж яго імя было засведчана на помнікавым абеліску ў гэтых мясцінах.

Васіль Быкаў. 1944 г. Фотахроніка БЕЛТА
Васіль Быкаў. 1944 г. Фотахроніка БЕЛТА

Аднак адна дэталь дапамагла сям'і зразумець, што ўсё гэта памылка: перад "пахаронкай" родныя атрымалі ліст ад самаго Васіля Быкава. Пазначаная дата сведчыла, што ліст ад сына быў адпраўлены пазней за паведамленне пра гібель.

"Я напісала пісьмо Васілю, што "пахаронку на цябе палучылі". Тады ён адказаў: "Ну, праўда, я быў біты, але не дабіты!" Любіў пажартаваць", - расказвала сястра класіка.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Спампаваць аудыё (4.24 МБ)

Сустрэча ў радыёстудыі карэспандэнта У. Мехава з пісьменнікам Быкавым, 1981 г. Васіль Быкаў распавядае пра сваё "пахаванне" падчас вайны.

3. У Беларусі ёсць толькі адна вуліца Быкава і дзясяткі – Леніна

Па апошніх дадзеных, у нашай краіне існуе толькі адна вуліца, названая ў гонар Васіля Быкава: яна знаходзіцца ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам. Гэткую назву яна атрымала адносна нядаўна, пару год таму, дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў. У той жа час у Беларусі застаюцца шматлікія дзясяткі вуліц Савецкіх, Кастрычніцкіх, Цэнтральных і Леніна.

Васіль Быкаў. Мінск, 1985 г. Калекцыянер Я. Коктыш.

У Гродна, Мінску і Салігорску ў свой час таксама выказваліся за ўшанаванне імя Быкава ў назвах вуліц, але з гэтага нічога не атрымалася. Не дапамаглі нават 105 тысяч подпісаў, сабраных у 2012 годзе ў сталіцы. Так жа скончылася ініцыятыва назваць адну са станцый будучай трэцяй лініі Мінскага метрапалітэну імём Быкава, у падтрымку якой падпісаліся 35 тысяч грамадзян.

Восенню 2013 года ў СМІ паведамлялі, што адна з вуліц у новым мікрараёне індывідуальнай забудовы "Ліпкі" горада Смалявічы таксама будзе названая ў гонар Васіля Быкава.


4. Быкаў пісаў вершы?

Шматлікія беларусы прыгадаюць гісторыю, калі падчас афіцыйнага выступу Аляксандр Лукашэнка заявіў, маўляў, ён ведае творчасць Быкава яшчэ са школы, калі чытаў… яго вершы. Тады не толькі знаўцы літаратуры, але і проста шматлікія беларусы абурыліся такой непавазе да творчаці пісьменніка, бо Быкаў вядомы выключна як празаік і ніколі не публікаваў свае вершы.

Ужо пасля журналісты паспрабавалі даведацца, а ці мог усё ж такі Быкаў пісаць вершы. І даведаліся ад яго сястры, што неяк Васіль Уладзіміравіч сапраўды напісаў некалькі радкоў. Але гэта наўрад ці можна назваць паўнавартаснай творчасцю, бо размова ідзе яшчэ пра маленства. Тады ў Быкава быў сшытак, куды ён запісваў свае самыя патаемныя думкі. Туды ж, як некалі прызналіся родныя Быкава, ён занатаваў некалькі радкоў аб сваіх пачуццях да дзяўчынкі з гэтай жа вёскі. Гэты сшытак Быкаў старанна хаваў, але аднойчы дзеці выпадкова яго знайшлі - і ўсе таямніцы сталі падставай для жартаў.

Хто ведае, можа гэтай крыўдай тлумачыцца яго абыякаваць да вершаскладання ў далейшым жыцці?.. Аднак гэта толькі здагадкі. Ва ўсялякім разе вывучаць вершы Быкава ў школе беларусы дакладна не маглі.

5. Як італьянскі рэжысёр марыў зняць фільм па Быкаву, а Машэраў плакаў на прэм'ерным паказе

З фільмамі, што здымаліся па творах Васіля Быкава, звязаныя цікавыя гісторыі. Напрыклад, каб пазбегнуць неапраўданай цэнзуры кінастужкі "Восхождение" (1976), што здымалася па ваеннай аповесці "Сотнікаў", рэжысёр пайшла на невялічкі хітрык. У абыход "Масфільма" здымачная каманда запрасіла на першы прагляд Пятра Машэрава, які тады працаваў першым сакратаром ЦК КПБ. Напачатку былы партызан быў настроены скептычна (маўляў, што можа разумець у вайне жанчына – рэжысёр стужкі Ларыса Шапіцька). Аднак, па успамінах сведкаў, ужо на палове стужкі ён нават не хаваў сваіх слёз. Пасля прагляду Машэраў, у парушэнне традыцый, першым выйшаў на сцэну, дзе каля 40 хвілін дзяліўся сваім захапленнем. Праз пару дзён фільм афіцыйна прынялі без аніводнай праўкі.

Фота: ru.wikipedia.org Фота: ru.wikipedia.org Фота: ru.wikipedia.org
"Восхождение", мастак Ю. Ракша (1977)
Афіша да фільма "Трэцяя ракета" (1963)
Плакат "Альпійскай балады", мастак С. Дацкевіч

А вось на адну з першых экранізацый твораў Быкава - па аповесці "Альпійская балада" - прэтэндаваў вядомы італьянскі кінарэжысёр Джузэпэ Дэ Санціс. У 1965 годзе ён звяртаўся да кіраўніцтва кінематаграфіі СССР з прапановай набыць правы на пастаноўку фільма. У Рыме гэтым часам нават пачаўся адбор акцёраў на галоўныя ролі Івана і Джуліі. Але яму адмовілі, і стужку "у працу" перадалі савецкаму рэжысёру Барысу Сцяпанаву. Ужо падчас здымак у СССР на кінапляцоўку спецыяльна прыехала італьянская акцёрка, якая некалі прайшла той самы конкурс на роль Джуліі ў Рыме. Жанчына прыляцела на самалёце толькі дзеля таго, каб убачыць калегу, якой пашчасціла здымацца ў фільме па творы Быкава.

Сучасная экранізацыя аповесці "У тумане" (2012) рэжысёра Сяргея Лазніцы ўдзельнічала ў конкурснай праграме 65-га Канскага фестывалю, а прэм'ера фільма ў Мінску суправаджалася аншлагамі. Пазней фільм атрымаў шэраг узнагарод на іншых міжнародных конкурсах і актыўны водгук з боку прэсы. З гэтай нагоды імя Васіля Быкава было ўзгадана на старонках сусветнавядомай газеты New York Times падчас прэм'ерных паказаў фільма на Манхэтане ў ЗША.

Кадр з фільму "У тумане"
Кадр з фільма "У тумане".

Акрамя кінастужак па творах Васіля Быкава, у 1967 годзе быў пастаўлены балет "Альпійская балада" Яўгена Глебава, а праз 2 гады - опера "Сцежкаю жыцця" (паводле "Воўчай зграі").

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Адкрыць / спампаваць відэа (29.11 МБ)

Унікальныя хатнія кіназдымкі канца 70-х гг.
Васіль Быкаў дома ў свайго сябра, беларускага кампазітара Яўгена Глебава.
Здымаў: Радыён Глебаў, сын кампазітара.
Музыка: Яўген Глебаў.
Адлічбаваная стужка прадастаўлена кінааматарам Андрэем Скуратовічам з дазволу ўдавы Ларысы Васільеўны Глебавай.

Васіль Быкаў у кампаніях беларускіх пісьменнікаў і мастакоў

Беларуская паэтэса Д. Бічэль-Загнетава чытае свае вершы празаікам В. Быкаву і А. Карпюку. Гродна, 15 верасня 1962 г. БелТКС (Д. Прэс).

Беларускія пісьменнікі Д. Бічэль-Загнетава, А. Карпюк, Л. Геніюш і В. Быкаў пасля сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі школы п. Свіслач. Гродзенская вобласць, 1961 г. Калекцыянер У. С. Караткевіч.
Народны паэт Беларусі П. Броўка (у цэнтры) сярод літаратараў г. Гродна (злева направа: В. Быкаў, А. Карпюк, С. Грахоўскі, Д. Бічэль-Загнетава). Гродна, 1965 г. Рэдакцыя газеты "Гродненская правда" (Я. Краўчанка).

Беларускія пісьменнкі М. Лужанін і В. Быкаў у час урачыстага ўскладання кветак да помніка Я. Купалу ў Мінску ў гадавіну смерці паэта. Мінск, 30 красавіка 1992 г. Фота: Сяргей Грыц, "Народная газета". 
Беларускі мастак-графік Г. Паплаўскі і народны пісьменнік Беларусі В. Быкаў у майстэрні графіка. Мінск, красавік 1986 г. Фотахроніка БЕЛТА (У. Шуба)
Выступленне народнага пісьменніка Беларусі В. Быкава на мітынгу, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Мінск, 27 ліпеня 1994 г. Фотахроніка БЕЛТА (У. Вітчанка).

Архіўныя матэрыялы (фота- і фона-) прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. Падрыхтавала фотафонаматэрыялы галоўны архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі БДАКФФД Алена Паляшчук.

Гістарычныя звесткі для матэрыяла - з адкрытых крыніц.
{banner_819}{banner_825}
-15%
-21%
-50%
-40%
-10%
-25%
-20%
-40%
-35%
-10%
-15%