Іна Абрамава,

Знаходзячыся сёння на скрыжаванні вуліц Чэхава і Суворава цяжка здагадацца, што шмат гадоў таму тут віравала зусім іншае жыццё.

Ветраныя вуліцы

Павольна і важна круціліся крылы млына, рыпелі жорны, мука напаўняла мяхі. Млын "быў каменным нязграбным будынкам усечана-канічнай формы з драўляным каўпаком, адкуль яшчэ тырчалі напаўразбураныя млынавыя крылы, а ў падножжа яго шатром трымаліся драўляныя пры вежы млынавыя службы". Ад наяўнасці тут ветрака і атрымалі назву бліжэйшыя вуліцы — Ветраныя.

Належаў гэты хутар мяшчанам Баруновым. Уладальнікі хутара былі знакамітымі грамадзянамі Віцебска: па плане 1797 года ім належаў уласны пляц у 1 дзесяціну і 2165 квадратных сажняў; звыш таго яны з’яўляліся ўласнікамі зямельнага ўчастка ў 1 дзесяціну і 1210 квадратных сажняў, які знаходзіўся пад дамамі 22 жыхароў горада, і 745 квадратных сажняў пад 4 парожнімі плошчамі. Яшчэ арандавалі ў купца Шавярноўскага 1381 квадратны сажань гарадской зямлі.

Падчас вайны 1812 года Баруноў ахвяраваў на ваенныя патрэбы 60 пудоў рыштунку, 4 бочкі смалы, каля 500 пудоў пакулля і правіянту для патрэб рускай арміі. Пры вызваленні Віцебска ад французаў вызначыўся Сяргей Баруноў, які ўзяў у палон 30 узброеных ворагаў.

Плошча ўладанняў Баруновых была досыць вялікай і складала каля чатырох дзесяцін. Акрамя млына сярод пабудоў былі і вялікі жылы дом, і пуні са свірнамі, некалькі флігеляў. Вялікі фруктовы сад акружалі кляновыя і ліпавыя алеі. Гаспадары выкапалі ў садзе невялікую сажалку, у якую запусцілі карасёў і лінёў.

Аднак хлебны гандаль і мукамольны промысел перасталі прыносіць даход Баруновым, і яны былі вымушаныя прадаць свой хутар новым уладальнікам. Падсобныя службы былі перабудаваныя пад патрэбы бавоўначасальнай фабрыкі. У год тут апрацоўвалася да 600 пудоў ліставой ваты з ачоскаў. Вытворчасць была вельмі пыльнай, што не спрыяла прыцягненню сюды аматараў прагулак і свежага паветра. Толькі ў садзе, пераўтвораным у месца для грамадскіх прагулак, можна было схавацца ад пылу і адпачыць на лаўках сярод клумбаў з кветкамі і дрэў.

З часам і сад, і род Баруновых забыліся жыхарамі. Іншым разам, праўда, на вуліцах Віцебска можна было сустрэць апошняга з Баруновых. Але гэта было так рэдка, што многія і не ведалі пра яго існаванне. Глыбокі стары з густой, лапацістай барадой, у сіняй світцы рускага пакрою, шыракаполым капелюшы, абапіраючыся на высокую палку, павольна і паважна ішоў у напрамку, вядомым толькі яму.



Духоўнае вучылішча

На месцы былога ўладання купцоў Баруновых было збудавана мужчынскае духоўнае вучылішча. Яго ўрачыстая закладка адбылася ў 5 ліпеня 1890 года. Згодна з праектам епархіяльнага архітэктара Кляменцьева ён павінен быў быць досыць вялікім: па Афіцэрскай (цяпер Суворава) вуліцы займаў 22 пагонных сажняў, па 1‑й Ветраной (цяпер Чэхава) вуліцы — 17 пагонных сажняў. У ім меркавалася зладзіць 5 класаў, дамавую царкву, актавую залу, сталовую і спальныя пакоі на 100 і больш вучняў, кватэры кіраўнікам, наглядчыку, аканому, памяшканні для праўлення і бібліятэкі, а ў падвальным паверсе — кухню, памяшканні для служыцеляў.

Будаўніцтва працягвалася да 1892 года. 25 верасня 1892 года адбыўся ўрачысты малебен з нагоды адкрыцця новага будынка мужчынскага духоўнага вучылішча. Выгляд гэтай двухпавярховай пабудовы змешчаны на паштоўцы пачатку 1910‑х гадоў. Можна выказаць здагадку, што пазней, прыкладна ў 20‑х гадах ХХ стагоддзя, быў надбудаваны трэці паверх. Падчас Першай сусветнай вайны ў будынку вучылішча размяшчаўся ваенны шпіталь.



У 1918 годзе будынак быў муніцыпалізаваны. У 1922 годзе памяшканне былога мужчынскага духоўнага вучылішча было занята саўпартшколай імя Энгельса, якая раней знаходзілася ў былым гатэлі Бразі на цяперашняй ратушнай плошчы.

Акрамя губсаўпартшколы ў будынку размяшчалася педвучылішча. Тут таксама знаходзіўся Рабфак і 2‑месячныя педагагічныя курсы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак быў пашкоджаны пажарам. У 1947 годзе рашэннем выканкама Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных за № 277 памяшканне і ўчастак былі перададзеныя для аднаўлення Віцебскаму мастацка-графічнаму педагагічнаму вучылішчу.

Было прынята рашэнне аб правядзенні рамонтных работ на працягу 1952–1953 гадоў. Праект быў распрацаваны Віцебскім філіялам Белдзяржпраекта і зацверджаны Саветам Міністраў БССР 25 студзеня 1951 года. Рамонтна-будаўнічыя работы выконвала БМУ № 1 трэста № 8 Міністэрства жылграмадзянбуда БССР. У пачатку 1960-х гадоў мастацка-графічнае педвучылішча было ператворана ў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава. Будынак быў перададзены гэтай вышэйшай навучальнай установе Віцебска.



"Даходны" дом

Побач, на рагу з вуліцай Суворава, размешчаны яшчэ адзін не менш цікавы для гісторыі Віцебска будынак. Чырвоная цэгла, адліваныя ажурныя рашоткі варот пераносяць нас у XIX стагоддзе. Даражэе зямля, змяняецца месцазнаходжанне будынка на ўчастку, фронт яго па вуліцы звужаецца; дамы растуць не па гарызанталі, а ў вышыню. Пры такім размяшчэнні толькі вулічны фасад дома меў мастацкую дэкарацыю.

У дадзеным будынку ў адпаведнасці з традыцыяй, што складваецца ў гэты час, спрошчанаму двароваму фасаду супрацьстаяў вулічны фасад, упрыгожаны порцікамі, франтонамі, аркамі, шматлікімі цягамі і інш. Гэтая пабудова — тып даходнага купецкага дома, які складаўся з некалькіх самастойных кватэр. Першы паверх адводзіўся пад крамы і меў уваход з вуліцы, другі і трэці — пад жыллё. Уваход у кватэры быў з двара або з боку праезду ў двор.



Будынак выкананы па індывідуальным праекце. Жылы дом меў ярка выражаны гарадскі характар: паверхавасцю і памерамі адпавядаў патрабаванням буйнога горада і быў разлічаны на заможныя колы насельніцтва. Такі тып дома ў далейшым атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне. Ён характарызуе карэнныя змены, якія адбыліся ў структуры гарадскога жылля. Індывідуальны дом, дзе жыве адна сям’я, пачынае саступаць месца шматкватэрнаму будынку, які становіцца важным элементам забудовы гарадскога цэнтра. Апошнім уладальнікам жылога будынка на перасячэнні вуліц Суворава і Чэхава была Дабравольская.

 Ужо пасля 1917 года будынак быў абвешчаны безгаспадарным. У 1923 годзе была аформлена муніцыпалізацыя. І з таго часу былы "даходны" дом быў перададзены камунальным службам і прадастаўлены жыхарам. Тут пасяліліся рабочыя і служачыя Віцебска.



Прытулак для састарэлых чыноўнікаў

Тут жа, па адрасе вул. Чэхава, 4, знаходзіцца будынак з вельмі цікавай гісторыяй. У 1902 годзе памёр наглядчык першай акцызнай акругі Кузьма Давыдавіч Галембіёўскі. У духоўным завяшчанні ён наступным чынам распарадзіўся сваім капіталам: 3000 рублёў павінны былі заставацца непарушным капіталам, працэнты з якога ў роўных частках павінны былі паступаць на карысць прычтаў: могілкавай Спаса-Праабражэнскай царквы ў г. Суражы, віцебскай царквы Узвіжанскіх могілак і царквы ў с. Казакова пры маёнтку Дручалукі Веліжскага павета на вечнае памінанне.

Па 2 тысячы рублёў нябожчык завяшчаў у мужчынскую і жаночую гімназіі для заснавання імянных стыпендый, па 1 тысячы рублёў ён ахвяраваў на прытулак віцебскага дабрачыннага таварыства і прытулак ведамства Імператрыцы Марыі. Усе астатнія свае грошы нябожчык Галембіёўскі завяшчаў для арганізацыі прытулку для састарэлых і збяднелых віцебскіх чыноўнікаў.

Уладкаванне чыноўнікаў у прытулак і іх утрыманне вызначалі наступныя правілы. Кожны пансіянер атрымліваў асобны пакой, а таксама грашовую дапамогу ў памеры 15 рублёў у месяц. Правам паступлення ў прытулак маглі карыстацца незаможныя або няздольныя да працы чыноўнікі, адзінокія ці сямейныя, якія не атрымлівалі пенсію альбо атрымлівалі недастаткова. Пансіянеры незалежна ад ведамства абавязкова павінны былі быць праваслаўнымі хрысціянамі.



Душапрыказчыкамі за 44 тысячы рублёў было набыта домаўладанне па 1‑й Ветранай вуліцы. Яно складалася з каменнага дома і служб. У перабудаваным памяшканні размясцілася каля 40 пансіянераў.

Пасля 1917 года пачалася новая старонка ў гісторыі гэтай пабудовы. У сценах будынка размясціўся першапачаткова 3-ці інвалідны дом, ператвораны пазней у 2-гі інвалідны дом. У 1926 годзе ў сувязі з вялікай колькасцю інвалідаў, якія размяшчаліся ў доме па вуліцы 1‑й Ветранай, было прынята рашэнне аб пераводзе іх у былое памешчыцкае ўладанне ў Сялютах, што недалёка ад Віцебска.

Будынак на Ветранай быў перададзены пад інтэрнат студэнтаў ветэрынарнага інстытута. Падчас акупацыі Віцебска фашысцкімі захопнікамі ён не пацярпеў. 1 лютага 1967 года Саветам Міністраў БССР было выдадзена распараджэнне за № 116‑Р аб адкрыцці ў Віцебску мемарыяльнага музея М.П. Шмырова. У сувязі з гэтым Віцебскі гарсавет прыняў рашэнне "Аб перадачы дома № 4 па вуліцы Чэхава пад мемарыяльны музей М.П. Шмырова".

На будаўніцтва музея абласному ўпраўленню культуры было выдаткавана 15 000 рублёў. У 1967 годзе архітэктар горада З. І. Озерава на грамадскіх пачатках сумесна з работнікамі будаўнічых арганізацый Віцебска распрацавала план рэканструкцыі выдзеленага для музея будынка, пасля чаго адначасова пачаліся будаўніцтва і рэканструкцыя пабудовы.

Да адкрыцця музея было сабрана 806 экспанатаў. Аўтарам мастацкага афармлення быў сябра Саюза мастакоў БССР Б.М. Кузьмічоў, мастацкія работы выканалі Л.Я. Дзягілеў і І.П. Хіцько. Да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 5 ліпеня 1969 года музей быў адкрыты. Побач з будынкам музея быў створаны мемарыяльны комплекс-парк, дзе ўсталявалі скульптурны партрэт М.П. Шмырова (аўтар З. Азгур), размясцілі буйныя экспанаты (гарматы, мінамёты) і арганізавалі зямлянку 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Будынак музея партызанскага руху імя М.П. Шмырова быў узяты пад ахову рашэннем Віцебскага аблвыканкама за № 46 ад 29.01.1988 года.

Так перапляліся найцікавейшыя старонкі далёкага мінулага і сучаснай гісторыі нашага Віцебска літаральна на адным скрыжаванні.
{banner_819}{banner_825}
-20%
-20%
-19%
-21%
-15%
-10%
-10%
-15%
-30%
-35%