Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Авто
Спорт
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2829301234
    567891011
    12131415161718
    19202122232425
    2627282930311
  • Популярное

Общество


У краме з кветкамі ля чыгуначнага вакзала сёння вельмі хутка разбіраюць гваздзікі. "Ужо дзесяць букетаў прадалі! Мінімум! Усе ідуць развітвацца з Рыгорам Барадуліным", - кажа прадавачка. "А колькі яму гадоў было?" – цікавіцца другая.

2 сакавіка, на праз некалькі дзён пасля 79-га дня нараджэння, апошні Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін адышоў у лепшы свет. 4 сакавіка развітацца з песняром у Чырвоны касцёл у Мінску прыйшло некалькі тысяч чалавек.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY
 

Людзі ішлі развітацца з паэтам з бел-чырвона-белымі букетамі ў руках

А дзевятай раніцы ў Чырвоны касцёл ідуць людзі з кветкамі. Труну з песняром прывязуць праз хвілін трыццаць, і людзі моўчкі, з бел-чырвона-белымі букетамі ў руках будуць паволі заходзіць у касцёл.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Ля труны сядзіць жонка паэта Валянціна. Развітацца не проста з паэтам, а з цэлай эпохай прыйшлі вядомыя літаратары, журналісты, навукоўцы... Сёння ў касцёле можна было сустрэць Уладзіміра Арлова, Андрэя Хадановіча, Алеся Бадака, Уладзіміра Някляева, Аляксандра Казуліна, Уладзіміра Цэслера... Сумная нагода аб'яднала розных людзей.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Праграміст Аксана стаіць ля касцёла з сябрамі. На гадзінніку крыху больш за 10 гадзін раніцы. Сёння Аксана таксама прыйшла развітацца з Народным паэтам. Жанчына кажа, што ёй вельмі прыкра, што дзяржава ніякім чынам не адгукнулася на гэтую сумную падзею.

- Я ўжо не кажу, што трэба было траўр абвесціць. Мы ў мінулым годзе абвяшчалі траўр, калі памёр прэзідэнт Венесуэлы, а калі наш выбітны паэт памірае, слова не скажам (Аляксандр Лукашэнка спачуванні родным паэта выказаў на другі дзень пасля трагедыі. - TUT.BY). Тут павінен быць кіраўнік дзяржавы, - упэўнена яна.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY
 
Поруч з Аксанай стаіць Пятро. Высокі, светлыя вочы, адкрыты твар. Кажа, што ўсё жыццё працаваў у журналістыцы, цяпер плануе заняцца іншай дзейнасцю. Мужчына падкрэслівае, што з асобай паэта ў яго жыцці шмат што звязана.

- Гэта не толькі паэт, гэта апошні з нашых тытанаў. Сёння я не бачу, хто зойме яго месца. Шкада, што апошнія гады жыцця ён быў адлучаны ад сродкаў масавай інфармацыі. Улада яго не шанавала, шчыра кажучы, не ведаю, чым ён гэта заслужыў, - кажа Пятро.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

У касцёле пачынаецца развітальная паніхіда ў грэка-каталіцкім абрадзе, а людзі працягваюць ісці. Крочыць кампанія студэнтак. Адна з іх кажа, што ў навучальнай установе іх папрасілі нікому не гаварыць, дзе яны вучацца і што адпусцілі з пар на развітанне.
 

Рыгор Барадулін падараваў былому старшыні Нацбанка "даўганосы шарж"

На ўваходзе ў касцёл стаіць Станіслаў Шушкевіч. З ім часта вітаюцца, у адказ ён прывітальна ўсміхаецца, мужчынам паціскае руку. Станіслаў кажа, што святы абавязак для сапраўднага беларуса быць тут.

- Я Рыгора Іванавіча добра ведаў асабіста. І маю пэўнае дачыненне да таго, што ён стаў Народным паэтам. З яго характарам ён меў не толькі вялікую колькасць прыхільнікаў, але і нямала ворагаў, якія не хацелі, каб гэта адбылося. Але адзінагалосна прэзідыум Вярхоўнага савета прагаласаваў за тое, каб надаць яму статус Народнага паэта, - успамінае Станіслаў Станіслававіч.

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч кажа, што не быў блізка знаёмы з Рыгорам Барадуліным, але лічыць яго гонарам нацыі, таму сёння таксама тут. Станіслаў успамінае, як калісьці Рыгор Барадулін намаляваў на яго шарж з доўгім носам.

- Шарж даўганосы мне спадабаўся, - зазначае ён і дадае, што акрамя шаржа ў падарунак ад Барадуліна атрымаў кнігу.
 
Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY
Жонка Рыгора Барадуліна Валянціна ў чорнай траўрнай хустцы (злева)

Добрае пачуццё гумару Рыгора Барадуліна таксама адзначылі доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Таццяна Арлова і кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры сацыялогіі журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ Наталля Доўнар, якая таксама ведала паэта асабіста.

- У цяжкія часы гэтыя людзі падтрымлівалі дух нацыі. Былі зразумелымі ідэі "за Беларусь, за народ, за краіну!". У мяне ёсць цудоўны фотаздымак з кангрэса дэмакратычных сіл 1994 года. На ім Быкаў, Барадулін, Казловіч. Гэта людзі, якія душу аддалі за Беларусь, - распавядае Наталля Доўнар.

Ірына Краўчанка, выкладчыца архітэктурнага факультэта БНТУ і дачка вядомага беларускага скульптара, распавядае, што іх сям'я і сем'і Барадуліна і Караткевіча добра сябравалі.
 
- Дзядька Рыгор і мой бацька вельмі добра сябравалі. Памятаю, у маім дзяцінстве ўсе разам кудысьці выязджалі. Памятаю яго заўсёды вясёлым і кампанейскім. Ён быў для ўсіх адкрытым чалавекам. Ён настолькі любіў сваю маці!.. Я ніколі не бачыла такой любові сына, - кажа яна.
 

Развітальнае слова прамовіў Уладзімір Някляеў

Бліжэй да гадзіны дня ў касцёле заканчваецца святая імша ў рыма-каталіцкім абрадзе. Імшу праводзіць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён кажа, што праз сваю творчасць Рыгор Барадулін паказаў, што не баіцца смерці.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

- Ён ведаў, што яго чакае вечнасць. Няхай брамы вечнасці дзякуючы нашай малітве і нашай зычлівасці адчыняцца сёння перад табою, дзядзька Рыгор. Мы з табой не развітваемся. Мы кажам табе, што цябе спаткаем. Верым, што калісьці спаткаем у Божым валадарстве, - гучна на ўвесь касцёл сказаў мітрапаліт.

На вуліцы людзі зрабілі калідор, каб можна было вынесці труну з паэтам. Пенсіянерка і былы інжынер Вольга Кацянкова перашэптваецца са сваёй сяброўкай і кажа, што толькі сёння даведалася, што Барадулін пакінуў гэты свет.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

- За нядзелю і панядзелак не давялося па тэлебачанні пачуць такой навіны. Для беларусаў, на жаль, цяжкой навіны, - распавядае яна.

Прыкрытую труну, з-пад якой віднеўся бел-чырвона-белы сцяг, абкружылі сотні людзей. Моцны гук званоў. Уладзімір Някляеў прамаўляе развітальнае слова. Ён кажа, што сёння беларусы развітваюцца з паэтам надзвычайнай моцы і красы, якога можна паставіць побач з Янкам Купалам, Якубам Коласам і Максімам Багдановічам.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

- Дзякуй Богу, што ён даў нашай зямлі гэткага сына, і вечная памяць Рыгору Барадуліну, - апошнія словы прамовы разлятаюцца па плошчы ля Дома ўрада.

Людзі нясуць кветкі, вянкі да аўтобусаў, якія неўзабаве адправяцца на Ушаччыну. Там паэта пахаваюць побач з магілай маці.

Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Комментарии с форума

Избранные комментарии
  • avrora2011 4 марта 2014 в 19:12 из Беларуси

    Скорблю. Соболезную родным. Бородулин - наша гордость, гордость страны. Мы мало ценим таких людей при жизни, к сожалению.

  • Alexandrina 4 марта 2014 в 19:40 из Беларуси

    Дзякуй ТУТ баю, які даў інфармацыю пра тое, як і дзе можна развітацца з Паэтам, дзякуй ад беларусаў за прамую трансляцыю з Чырвонага касцёла, дзякуй за жалобу, якую вы абвясцілі на партале.

  • Helene19922 4 марта 2014 в 21:02 из Беларуси

    Прекрасный поэт, целая эпоха! помню некоторые его стихи наизусть. Пусть государственный траур не объявлен, но он будет жить в памяти и сердцах белорусов, и у каждого из нас сегодня свой, личный траур. Очень жаль...