Помнік архітэктуры XVIII стагоддзя – будынак былога кляштара базыльянаў у Оршы – ужо некалькі гадоў належыць Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Але гаспадары не дбаюць пра ягонае захаванне, парушаючы заканадаўства пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны. Аршанскія краязнаўцы былі вымушаны пісьмова звярнуцца асабіста да мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, бо так і не дачакаліся адказу ад кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы па гэтай праблеме, піша партал orshatut.by.

Будынак базылянскага кляштара ў Оршы. Фота: Зміцер Сакалоў, radzima.org

Некалькі месяцаў таму неабыякавыя да сваей гісторыі жыхары Оршы звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта і прасілі дапамогі ў праве рэстаўрацыі будынка былога кляштара базыльянаў. У адказе паведамлялася, што ліст грамадзянаў, занепакоеных разбурэннем помніка архітэктуры, перададзены ў Міністэрства культуры і кіраўніцтву праваслаўнай царквы ў Беларусі. Але ніякага адказу па гэтай праблеме ад прадстаўнікоў Беларускага экзархату аршанцы так і не дачакаліся.

Таму ў лісце да мітрапаліта Філарэта яны зноў апісваюць няпростую сітуацыю са станам царкоўнай маёмасці – помнікам беларускій архітэктуры:

"Гэты будынак мае надзвычай багатую гісторыю ў якасці цэнтра духоўнай асветы. З 1842 года тут размяшчаўся Свята-Пакроўскі мужчынскі манастыр і Аршанскае духоўнае вучылішча. З вучылішчам звязаныя жыццё і дзейнасць вядомага беларускага этнографа, фалькларыста, лексікографа Івана Насовіча. Вучылішча падрыхтавала многіх працаўнікоў царквы, яго выпускнікамі сталі вядомыя царкоўныя дзеячы, у прыватнасці, старац Міхаіл (Ядлінскі), а таксама выбітныя беларускія літаратары Міхась Зарэцкі і Васіль Шашалевіч.

Будынак занесены ў спіс помнікаў архітэктуры і гісторыі рэспубліканскага значэння.

На сённяшні дзень будынкам валодае прыход Свята-Пакроўскага храма горада Орша Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Да цяперашняга ўладальніка будынак патрапіў пасля таго, як гарадскія ўлады давялі помнік да гаротнага стану і разабралі дах. Без даху, а на працягу пэўнага часу - без вакон і дзвярэй, будынак стаіць ужо шмат гадоў. Снег, дождж, мароз і адлігі разбураюць тое, што засталося ад некалі велічнага ансамбля, які быў упрыгожаннем горада. Засмучае і той факт, што будынак знаходзіцца ў цэнтры Оршы і стварае неспрыяльнае ўражанне і пра горад, і, на жаль, пра ягонага ўладальніка".


Аршанскія краязнаўцы звяртаюць увагу патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі на тое, што планы ўладальніка наконт захавання помніка архітэктуры гараджанам не вядомыя. Хаця менавіта гаспадар - прыход Свята-Пакроўскага храма – мусіць несці адказнасць за тое, што гістарычны будынак разбураецца. Не заўважна аніякіх прыкметаў таго, каб уладальнік прадпрымаў нейкія захады для кансервацыі будынка, і таму крыязнаўцы просяць мітрапаліта Філарэта паўплываць на гэтую сітуацыю і даць ім адказ.

Чытайце таксама: Аршанцы зноў просяць Міністэрства культуры дапамагчы ў захаванні помніка архітэктуры
-20%
-10%
-10%
-10%
-10%
-30%
-10%
-25%
-14%
-10%