Розныя іпастасі адной вуліцы
У 1817 годзе з'явіўся першы план забудовы Менска, на якім былі пазначаны нумарамі кварталы. Дагэтуль з самага ўзнікнення горада ніякай сістэмы ў будаўніцтве не было. Менавіта тады вуліца Падгорная атрымала сваю назву. А раней яе ўчасткі называліся па-рознаму: вуліца Лошыцкая (вяла да вёскі Лошыца, сёння гэта пешаходны адрэзак Карла Маркса), вуліца Новага рынку... Над назвай асабліва не мудрагелілі: ад узбярэжжа Свіслачы вуліца ўвесь час ідзе ўгору. Падгорная праіснавала да рэвалюцыі 1917 года. Пасля стала вуліцай Свярдлова, і дакладна невядома, да якога часу так называлася: ці то да 1919-га, ці то да 1922 года. У часы нямецкай акупацыі вуліца паспела пабыць Камандантэрштрасэ. А пасля 1922 года яна набыла вельмі пачэсную для савецкіх часоў назву, якую мае і сёння — Карла Маркса.
Планіроўка Падгорнай вуліцы, пазначаная на плане, захоўвалася ў першапачатковым выглядзе ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Вылучалася яна тым, што тут знаходзіліся самыя вялікія шматпавярховікі (калі браць у разлік, што тры паверхі на той час былі вышынным максімумам гарадской забудовы). Першы паверх звычайна быў каменны ці цагляны, а астатнія — драўляныя. Кожны дом меў свой дворык з садам, агародам і гаспадарчымі пабудовамі. Наяўнасць уласнай гаспадаркі на вуліцы Карла Маркса мінчукі ўзгадваюць нават у першым пасляваенным дзесяцігоддзі, а апошнія драўляныя дамы зніклі адсюль на пачатку 1980-х гадоў.
Куток міласэрнасці
На рагу сучасных вуліц Валадарскага і Карла Маркса стаіць старадаўні будынак з чырвонай цэглы, упрыгожаны каванымі балконамі. Да рэвалюцыі ў ім месцілася гарадская паліцэйская ўправа, служба вышуку беглых, а яшчэ там знаходзілася арганізацыя, якую б сёння мы назвалі пашпартным сталом. Крыху далей ад управы, на рагу Свярдлова і Карла Маркса (колішніх Каломенскай і Падгорнай), стаяў аднапавярховы дамок, у якім размяшчалася Таварыства міласэрнасці Чырвонага Крыжа. У ім менскія дзяўчаткі маглі атрымаць першасную медыцынскую адукацыю і стаць сёстрамі міласэрнасці. Заснаванае па ўказу гарадскога губернатара Мікалая Трубяцкога ў 1903 годзе, Таварыства за першы год свайго існавання выпусціла ў свет 14 сясцёр, якія былі накіраваны на Далёкі Усход і ў Сібір. Там размяшчаліся шпіталі, куды паступалі параненыя з франтоў руска-японскай вайны. Акрамя таго, сёстры міласэрнасці ратавалі і жыхароў Менскай губерні падчас эпідэмій тыфу, халеры і іншых інфекцыйных захворванняў; укамплектоўвалі шпітальныя месцы ў гады Першай сусветнай вайны ў прыфрантавым Менску. Да нашых дзён будынак Таварыства міласэрнасці не захаваўся.Ва ўсім вінаваты... Чэхаў!
Ёсць на вуліцы Карла Маркса будынак, адзначаны адразу дзвюма памятнымі шыльдамі. У гэтым доме з 1898 года дзейнічала Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, дзе быў сканцэнтраваны асяродак літаратурнай і тэатральнай культуры горада. Таварыства налічвала чатыры секцыі: мастацкую, драматычную, літаратурную і музычную. Вядома, што адным з сяброў Таварыства (якіх, дарэчы, праз год існавання налічвалася ўжо 400) быў вядомы мастак і педагог Якаў Кругер. Самай актыўнай секцыяй была літаратурная, якая займалася выданнем часопісаў, брашур, улётак; яе ўдзельнікі друкаваліся ў газеце "Северно-Западный край" і праводзілі літаратурныя сустрэчы. Менавіта сябры Таварыства былі ініцыятарамі ўсталявання помнікаў Астроўскаму і Пушкіну ў горадзе. Дарэчы, дзейнасць драматычнага аддзялення распачалася менавіта з п'есы Астроўскага "Беднасць — не загана", пастаўленай у гэтым будынку. Але Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў мела не толькі культурна-асветніцкі напрамак, але і палітычны, што і выклікала пільную ўвагу да арганізацыі з боку гарадской улады. У 1906 годзе на адну імпрэзу ў Таварыства завітаў гарадскі паліцмайстар. Час гэта быў неспакойны (адбылася рэвалюцыя 1905 года), і ахоўніку правапарадку "пашчасціла" зайсці менавіта тады, калі ўся зала скандзіравала "Далоў самадзяржаўе!". Але, як узгадвалі пасля сябры Таварыства, гэта быў зусім не палітычны мітынг, проста аўдыторыя была настолькі ўзрушана чытаннем і абмеркаваннем твораў Чэхава. Ці так гэта было насамрэч, меркаваць складана, толькі пасля гэтай падзеі дзейнасць Таварыства забаранілі.Але літаральна праз некалькі месяцаў арганізатары Таварыства прыгожых мастацтваў адкрылі Літаратурнае таварыства, што пацвярджае адна з шыльдаў на будынку. Але і гэтая суполка доўга не праіснавала, бо мела палітычную афарбоўку. За савецкім часам гэты будынак стаў гісторыка-культурнай каштоўнасцю, пра што сведчыць яшчэ адна шыльда на ім.
За сценамі музейнага будынка
Пасля пракладання чыгункі Менск стаў буйным гандлёвым цэнтрам, тут актыўна разгарнулася будаўніцтва (а дагэтуль горад хоць і меў статус губернскага, але насамрэч "не дацягваў" да яго). І вось нарэшце тут з'явіўся фінансавы цэнтр, які размяшчаўся якраз на Падгорнай вуліцы: спачатку ў доме, што стаяў на месцы сённяшняга Нацыянальнага гістарычнага музея, а з 1903 года — менавіта ў гэтым самым будынку, бо першапачаткова ён узводзіўся як аддзяленне Дзяржаўнага банка. За некалькі кварталаў ад яго, на месцы сучаснага кінатэатра "Цэнтральны", размяшчалася лясная біржа, і ўсе грошы ад ляснога гандлю сцякаліся ў банк на Падгорнай. У 1899 годзе гэты банк быў адным з пяці лепшых на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі і самым лепшым на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю. Праіснавала гэтая ўстанова да 1917 года. Але і з прыходам савецкай улады "традыцыя" не знікла: тут размясціўся наркамат фінансаў (апроч яго, да вайны тут знаходзіліся ЦК КПБ і ЦК камсамола). А пазней будынак заняла рэдакцыя "касмаполітэна" савецкага часу — самага вядомага жаночага часопіса на ўсёй савецкай прасторы "Работніца і сялянка". З 1967 года будынак аддалі пад Дзяржаўны гістарычны музей БССР.Як на Падгорную прыйшла цывілізацыя
Сёння вуліца Карла Маркса добраўпарадкавана, але такой яна стала не так даўно ў параўнанні з яе агульным "узростам". Досыць доўга тут не было брукаванкі, і кажуць, што з'явілася яна ў выніку аднаго кур'ёзнага і разам з тым непрыемнага выпадку. Доўгі час гараджане расказвалі, што аднойчы праз гэтую вуліцу перавозілі бочку з асінезатарскай вадкасцю. Не вытрымаўшы купінаў Падгорнай вуліцы, бочка ўпала, і ўсё, што было ў ёй, вылілася проста на дарогу. Гэтае здарэнне і стала нагодай для брукавання вуліцы. А тратуары з'явіліся тут толькі на пачатку ХХ стагоддзя. У пасляваенны час брукаванка на вуліцы Карла Маркса знікла пад асфальтавым пакрыццём.
Асвятленне вуліцы таксама з'явілася параўнальна нядаўна. Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя Падгорная асвятлялася толькі газавымі ліхтарамі, якія месціліся па яе баках, і тое не на ўсіх участках. Электрычнасць на вуліцы Падгорнай з'явілася ў 1895 годзе, але таксама не паўсюль: на перасячэннях з вуліцамі Губернатарскай, Петрапаўлаўскай і Багадзельнай (сучасных Леніна, Энгельса і Камсамольскай) электрычнага асвятлення на пачатку ХХ стагоддзя яшчэ не было. Электрыфікацыя адбылася дзякуючы гарадскому галаве Каралю Чапскаму, палац якога знаходзіўся на Падгорнай. Дарэчы, вуліца вяла да Губернатарскага саду (сучасны парк Горкага), дзе, на месцы сённяшняй актыўнай будоўлі, зусім нядаўна яшчэ стаяла першая мінская электрастанцыя.
Прывіды мінулых часоў
Шматлікія праявы жыцця Падгорнай вуліцы засталіся цяпер толькі ў летапісе горада. Як, напрыклад, яўрэйскі малітоўны дом, што знаходзіўся побач з банкам. На канец ХІХ стагоддзя ў Мінску налічвалася каля 90 сінагог і малітоўных дамоў. Тут жа непадалёк былі адны з самых буйных яўрэйскіх могілак, якія часткова зруйнавалі пры будаўніцтве стадыёна "Дынама".А на на месцы сённяшняга двара дома №17 па Карла Маркса раней быў завулак, які меў назву Захар'еўскі (бо злучаў вуліцы Падгорную і Захар'еўскую — сучасны праспект Незалежнасці). У Захар'еўскім завулку месцілася адна з самых вядомых каўбасных крам. Тут жа знаходзіўся і каўбасны склад, бакалейныя крамкі, у раёне колішняй паліцэйскай управы была тытунёвая крама. У 50-я гады ХХ стагоддзя падчас перабудовы завулак знік, бо вуліца моцна пацярпела ў гады вайны.
У раёне сучасных дамоў №№23, 25 размяшчаўся адзін з цэнтраў сярэдняй адукацыі канца ХІХ стагоддзя — Дом паляка, які пазней быў перайменаваны ў вышэйшую пачатковую школу, дзе маглі вучыцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Плата за навучанне тут была невялікая, складала 10 рублёў за год, а за дадатковую плату можна было вывучаць яшчэ і замежныя мовы. Сюды Дом паляка перамясціўся з уласнага будынка ў раёне сучаснага сквера Міцкевіча пасля таго, як там здарыўся пажар. Таксама недалёка адсюль стаяла яшчэ адна даволі вядомая ўстанова адукацыі — жаночая Марыінская гімназія. Дзяўчаты-гімназісткі ладзілі на вуліцы Падгорнай свята — Дзень белай кветкі. Вучаніцы прыбіраліся, замацоўвалі на адзенні белыя кветкі, садзіліся ў павозкі, таксама ўпрыгожаныя белай тканінай і кветкамі, і за сімвалічную плату прадавалі, зразумела, белыя кветкі — ружы і язмін. Грошы ад продажу ішлі на дабрачыннасць.
І праўда, трэба паспрабаваць як-небудзь прагуляцца па Карла Маркса з белымі кветкамі. Раптам атрымаецца адчуць дух Падгорнай?..