/

Немцу Табіясу Вайману 32 гады. З іх сем ён лічыць сябе аматарам Беларусі. ІТ-спецыяліст і грамадскі актывіст беларускую мову вывучыў у Мінску. У яго берлінскай кватэры ёсць спецыяльны пакой для беларусаў. Сёння Табіяс жыве ў Вільні. Да нас яму ўезд забаронены. Таму літоўская сталіца, на яго думку, адзіная магчымасць наблізіцца да любай краіны, народа і мовы.

- Я нарадзіўся ў Баварыі, мая бабуля родам з Чэхіі, тата заўсёды цікавіўся Ўсходняй Еўропай. Пакуль мала каму на Захадзе цікава гэта частка свету, многія баяцца па ёй вандраваць. Гэта ментальны бар’ер, які застаўся яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Наўпрост тэма Беларусі ў Нямеччыне не існуе ў галовах людзей.

- У 2005 годзе я ўпершыню прыехаў у Беларусь, каб вывучаць расейскую мову. Мне было 25 гадоў. Адзінае, што я помніў пра вашу краіну са школьнай праграмы, што ў вас ёсць мова, на якой нават сам прэзідэнт не размаўляе. 

- Два гады займаўся ў Лінгвістычным універсітэце. У мяне з’явіліся сябры, у тым ліку і беларускамоўныя. Гэта былі сучасныя людзі, якія думалі пра будучыню краіны. Зараз амаль усе мае сябры з Беларусі. Я ўжо не адчуваю, што беларуская культура для мяне чужая.

- Я вырашыў, што павінен размаўляць на мове сваіх сяброў, каб быць бліжэй да іх. Гэта як знак павагі. Спачатку мову вучыў сам, пампаваў літаратуру з інтэрнэта. Калі запытаўся ў выкладчыкаў лінгвістычнага, дзе лепш вывучаць беларускую, яны такімі вачамі на мяне глядзелі… Ім было нават сорамна, што самі не могуць са мной займацца. Адзін выкладчык сказаў, што мову лепш вучыць ад паэтаў. І з дапамогай аднаго з сучасных беларускіх літаратараў я знайшоў рэпетытара.
На адной з сустрэч ПАКАЛЕННЯ DE. Табіяс - злева

- У 2007 годзе скончылася мая віза. Хацеў застацца ў Менску, але візу не працягвалі, трэба было з’язджаць. Я пераехаў у Берлін. Першы час у мяне была дэпрэсія, бо я не ведаў, як падтрымліваць сувязі з беларускімі сябрамі і вучыць мову. Каб яе не забыць, пачаў арганізоўваць у кавярнях сустрэчы беларусаў з немцамі. Так прайшло 15-16 сустрэч. Спатканні мы арганізоўвалі праз групу ў Facebook. У той час нічога кшталту нашай ініцыятывы ў Германіі не было. Сваім праектам я імкнуўся крышачку актывізаваць людзей. Назваў гэту ініцыятыву “Пакаленне DE”- пакаленне маладых беларусаў, якія жывуць у Германіі. Гэта пакаленне беларусаў, якія выраслі ў 90-х падчас беларускага нацыянальнага руху.

- Сёння я неафіцыйна неўязны ў Беларусь. З 2009 года мне ніводнага разу не выдалі візу. Зараз у пашпарт наогул паставілі штамп, што ўезд у Беларусь забаронены. Супрацоўнікі амбасады ніяк не пракаментавалі адмову. Любы камент для іх нязручны, бо гэта дрэнны піяр для краіны. Думаю, што праблема ў тым, што ў мяне былі беларускамоўныя сябры, я прыходзіў на іх сустрэчы. І хоць я там нават не выступаў, не ўсім падабалася, што на такіх спатканнях прысутнічае замежнік, які цікавіцца актуальнымі беларускімі пытаннямі. Магчыма, хтосьці думае, што у мяне зашмат сувязяў з грамадзянскай супольнасцю ў Германіі, але на самой справе гэта не так. Я разумею, што не магу паехаць у Беларусь, і гэта не зменіцца.
 
- На Беларусі я не быў актыўным чалавекам, бо гэта справа беларусаў - займацца сваёй будучыняй. Але калі жыў у Берліне, лічыў, што трэба ўплываць на нямецкую палітыку. Мне вельмі падабаўся падыход Стэфана Эрыксана, экс-пасла Швецыі ў Беларусі, які ў вас вельмі папулярны чалавек. Мне нават крышачку сорамна было, што нямецкі амбасадар не такі адкрыты, актыўны і не размаўляе па-беларуску. Я хацеў ўплываць менавіта на гэта.
Штамп у пашпарце Табіяса. У візе адмоўлена

- У берлінскай кватэры ў мяне ёсць асобны пакой для беларусаў. Я вырашыў, што калі ў мяне няма магчымасці паехаць у Беларусь, то я запрашаю Беларусь да сябе. Зараз я пераехаў у Вільню, каб быць яшчэ бліжэй да любай краіны. Я працую праз інтэрнэт, у мяне вольны графік, таму магу сабе дазволіць жыць у любой кропцы планеты. У Вільні я жыву ў беларускай дыяспары.

- Жыву з беларусамі, ем беларускую ежу, якую ім перадаюць родзічы. Часта на нашым стале гуркі, смачнае беларускае варэнне, дранікі. Кожны дзень я чытаю беларускія парталы і літаратуру. Калі жыў у Беларусі, купіў столькі кніг, што мне яшчэ на сто гадоў хопіць.

- Палепшыць жыццё беларусаў можа салідарнасць унутры краіны. Я б параіў кожнаму штосьці рабіць дзеля сваёй краіны. Займацца не толькі ўласнымі праблемамі, кар’ерай. У маёй краіне, каб знайсці працу, трэба паказаць, што ты прымаў удзел у грамадзянскіх праектах. Гэта адлюстроўвае, што ты сацыяльна актыўны чалавек, можаш працаваць у групе, браць у свае рукі ініцыятыву. На Беларусі такое не цэняць, магчыма, нават наадварот. Але не зважаючы на тое, трэба рабіць сваю маленькую справу.
-10%
-20%
-17%
-25%
-10%
-14%
-20%
0070970