Алена СПАСЮК, / Алена СПАСЮК

З 1 верасня пачынае дзейнічаць закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Чыноўнікі абяцаюць, што ад гэтага мова толькі выйграе. Між тым эксперты звяртаюць увагу на праблему выкарыстання мовы ў грамадстве і выказваюць сумненні адносна своечасовасці прыняцця закона і ягонай карысці для мовы.

Рэвалюцыі ў моўным пытанні не будзе

Новая рэдакцыя правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі павінна ўмацаваць пазіцыі беларускай мовы і павысіць яе аўтарытэт як строга ўнармаванай пісьмовай мовы з багатым слоўнікавым складам, якая можа паспяхова абслугоўваць усе сферы жыцця сучаснага грамадства. Пра гэта заявіў 20 жніўня на прэс-канферэнцыі дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук прафесар Аляксандр Лукашанец.

Змены ў арфаграфіі не будуць рэвалюцыйнымі, падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно. Ён паведаміў: сістэма адукацыі падрыхтаваная — ёсць адпаведныя дапаможнікі, слоўнікі, падручнікі. Настаўнікі прайшлі перападрыхтоўку.

Вучняў трохі пашкадуюць

Вучням дапамогуць — на працягу двух гадоў выкладчыкі беларускай мовы будуць выпраўляць памылкі, звязаныя з новымі правіламі, але не будуць іх ўлічваць пры выстаўленні адзнак. Што да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове, там, паабяцаў Фарыно, не будзе пытанняў, якія тычацца змен у арфаграфіі і пунктуацыі. Адным словам, вучням дадуць магчымасць прызвычаіцца да новых правілаў.

Газеты ж і часопісы ўжо з 1 верасня павінны прытрымлівацца новых правілаў.

У незалежным друку афіцыйны варыянт беларускай арфаграфіі нярэдка называюць школьным правапісам, ці наркамаўкай. Тут маецца на ўвазе пастанова Саўнаркама БССР "Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу", што была прынятая ў 1933 годзе і, на думку прыхільнікаў старой, класічнай арфаграфіі — тарашкевіцы, сапсавала, русіфікавала мову.

Шэраг незалежных выданняў доўга трымаўся тарашкевіцы. І прагназавалася, што пасля ўступлення ў сілу новага закона яны патрапяць пад прэс.

Але зараз вастрыня праблемы нібыта знятая. Так, пераход культавага выдання — "Нашай Нівы " на школьны правапіс адбыўся яшчэ ў снежні 2008 года і супаў з вяртаннем газеты ў сістэму дзяржаўнага распаўсюду. Наклад з таго часу, дарэчы, павялічыўся з 2136 да 6500 асобнікаў.

Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Скурко, каментуючы арфаграфічныя праблемы "Белорусским новостям", заўважыў: "Нельга сказаць, што нейкі адзін правапіс лепшы, а другі горшы. Першаснае — мова, а не правапіс. Калі "Нашу ніву" вярнулі ў саюздрукі ды паштовыя каталогі, мы паставілі задачу прыцягнуць як мага болей новых чытачоў, зрабіць газету даступнай для ўсіх, хто хоча атрымліваць інфармацыю па-беларуску. Таму вырашылі перайсці на школьны правапіс".

Андрэй Скурко падкрэслівае, што пытанне з беларускім правапісам павінна быць па-за палітыкай: "Паляпшэнні, удакладненні правапісу час ад часу мусяць быць. Не можа мова знаходзіцца ў адным стане больш за 50 гадоў. Яна мяняецца. Да таго ж з часу рэформы 1957 года ў мове з’явіліся, можа, тысячы новых слоў. Але чаго не мусіць быць дакладна — выкарыстання закону аб правапісе як яшчэ аднаго інструменту для ціску на незалежныя выданні і для абмежавання свабоды слова".

"Камп’ютэр" стане "камп’ютарам"

Што на практыцы зменіцца ў беларускім правапісе з 1 верасня?

- Пашыраецца прынцып перадачы "акання" пры напісанні слоў замежнага паходжання. Будзем пісаць: "трыа", "адажыа", "Токіа" замест "трыо", "адажыо", "Токіо". У словах замежнага паходжання, на канцы якіх "-эр", "эль", з 1 верасня будзе "-ар", "-аль": "прынтар", "камп’ютар", "пэйджар" замест "прынтэр", "камп’ютэр, "пэйджэр".

- Пашыраецца ўжыванне "ў" у словах замежнага паходжання. Напрыклад, правільна будзе пісаць: "ва ўніверсітэце", "пасля ўнікальнай аперацыі", "фаўна", а не "ва універсітэце", "пасля унікальнай аперацыі", "фауна", як пішам цяпер.

- Уносяцца змены ў напісанне складаных і скарочаных слоў: "гаркам", "Газпрам" замест "гарком", "Газпром".

- У прыметніках з заканчэннем на "-ск (i)", створаных ад уласных назваў, мяккі знак не пішацца: "чаньчунскі", "цяньшанскі" замест "чаньчуньскі", "цяньшаньскі".

- Рэгулюецца напісанне назваў органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама пасадаў, званняў і тытулаў і г.д. з вялікай ці маленькай літары.

- З’явіўся пералік слоў, якія пішуцца з вялікай літары. У прыватнасці, згодна з новымі правіламі, з вялікай літары трэба пісаць назвы органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, пасад, званняў і тытулаў.

"Наша Ніва": толькі "Бог", але не "Прэзідэнт"

Паводле новых правілаў, з вялікай літары будзе пісацца слова "Прэзідэнт", як раней пісалі Генеральны сакратар ЦК.

Што будзе з тымі, хто не згодзіцца? За парушэнне правілаў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі закон не ўстанаўлівае меру адказнасці. Навукоўцы могуць толькі вынесці вердыкт — напісана правільна ці не. Што будзе пасля гэтага, ніхто насамрэч не ведае.

Як будзе "Наша ніва" пісаць слова "прэзідэнт? Скурко адказаў, што "Наша Ніва" будзе пісаць так, як і зараз, з маленькай, і дадаў: "Калі ў сувязі з гэтым у нас узнікнуць праблемы, будзем пазбягаць гэтага слова наогул. Беларуская мова надзвычай багатая сінонімамі".

Дарэчы, з вялікай літары належыць пісаць па новых правілах і словы "Бог", "Гасподзь". Старшыня Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў сказаў, што вельмі ўсцешаны такой зменай: "Рэлігійныя назвы будуць пісацца з вялікай літары, як прынята ва ўсім свеце. Я цалкам падтрымліваю тое, што мы адыдзем у напісанні гэтых слоў ад савецкай антырэлігійнай спадчыны".

Што да напісання цэлага шэрагу афіцыйных назваў з вялікай літары, то старшыня ТБМ заўважыў: як бы там нi раздражняла неабходнасць пісаць пэўныя словы з вялікай літары, добра, што назва дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае будзе пісацца таксама выключна вялікімі.

Ці варта было чапаць тыя правілы?

Алег Трусаў лічыць змены ў заканадаўстве не вельмі істотнымі, а цяжкасцяў чакае шмат. На яго погляд, зараз лепш было б не чапаць нічога. Спачатку трэба было б пашырыць ужытак мовы, а потым рабіць змены ў арфаграфіі: "Баюся, мы толькі заблытаем тых людзей, што мовай якраз карыстаюцца".

І ўсё ж такі правапіс — толькі адзін аспект моўнай праблемы. Галоўнай бядой застаецца ігнараванне мовы ў публічнай прасторы, у тым ліку чыноўнікамі і заканадаўцамі.

Літаратар і палітык Лявон Баршчэўскі прыгадаў красамоўны прыклад: калі ў Палаце прадстаўнікоў абмяркоўваўся законапраект "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", амаль што ўсе дэпутаты і значная частка спецыялістаў вялі дыскусію на рускай мове: "Мне расказваў прадстаўнік адной амбасады, што менавіта гэта ўразіла яго больш за ўсё. Такі тэатр абсурду, казаў гэты чалавек, які, дарэчы, ведае беларускую мову, цяжка сабе ўявіць".

І ўсё ж, як любая з’ява, кажа Баршчэўскі, з’яўленне новых правілаў мае два бакі. З аднаго — увага да беларускай мовы ў грамадстве павялічыцца, з іншага — эксперт канстатуе існаванне падзелу ў грамадстве на прыхільнікаў "рэальнай і штучнай" моў, а значыць "кожная з версій будзе адстойвацца". Ён прагназуе, што ўвядзенне новых правілаў паглыбіць раскол паміж тымі, хто знаходіцца па розныя бакі барыкад.

Андрэй Скурко таксама падкрэслівае палітычны чыннік: менавіта праз стаўленне сённяшняй улады, мяркуе ён, беларуская мова ў публічнай прасторы гучыць вельмі рэдка.

"Цалкам на беларускай мове не працуе ніводзін дзяржаўны тэлеканал. Кольскасць дзяржаўных радыёстанцый, дзе карыстаюцца беларускай мовай, можна пералічыць на пальцах. Існуе фактычна адна дзяржаўная беларускамоўная нацыянальная газета "Звязда". У краіне няма нацыянальнага універсітэта, выкладанне ў якім цалкам вялося б на беларускай мове. Лічаныя дзяржаўныя чыноўнікі публічна гавораць па-беларуску. Такая моўная палітыка звужае абсяг выкарыстання беларускай мовы ў публічнай прасторы, тармозіць яе развіццё. І гэтыя праблемы не вырашаюцца правапіснымі рэформамі", — падкрэсліў суразмоўца "Белорусских новостей".  

{banner_819}{banner_825}
-50%
-50%
-20%
-10%
-10%
-20%
-30%
-30%
0063408